Блонская сялянская арганізацыя

Блонская сялянская арганізацыя, дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Рэвалюцыйная агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 г. уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В. Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай B.І. Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-ых гг. «Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі». У канцы 1899 г. узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чалавек, меў бібліятэку, аказваў матэрыяльную дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў палітычныя і эканамічныя праблемы, яго члены знаёміліся з рэвалюцыйнай літаратурай, сацыялістычнымі ідэямі. У 1898 – 1899 гг., у маёнтку Блонь жыла К.К. Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П. Кавалік, Р.А. Гершуні, Я.К. Судзілоўская, С.К. Мяржынскі, П.В. Румянцаў і інш. У 1901 г. гурток разгромлены, А.В. Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М. Цэхановіч высланы.

У 1903 г. вакол селяніна В. Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэлігійныя погляды. У маі 1903 г. пасля высылкі В. Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 г. пасля вяртання са ссылкі А.В. Бонч-Асмалоўскага і М. Цэхановіча. У 1905 г. яны заснавалі суполку Усерасійскага сялянскага саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арганізацый РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі А.В. Бонч-Асмалоўскі, Р. Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце ўстаноўчага з’езда Усерасійскага сялянскага саюза (31.07.1905 г. – 1.08.1905 г., Масква). 3 дапамогай найбольш свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіраліся да 500 чал. з навакольных вёсак. 3 1906 г. з узмацненнем паліцэйскага тэрору арганізацыя страціла актыўнасць і спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найбольш актыўных сялян.

Крыніца: ДУ “Пухавіцкі краязнаўчы музей” – https://blonmuseum.nethouse.ru/