Гісторыя Блоні

Блонь, вёска, цэнтр сельсавега і племзавода “Індустрыя”, на р. Цітаўка, за 3 км на паўночны ўсход ад раённага цэнтра, 3 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы на лініі Мінск – Асіповічы, на шашы Мінск – Бабруйск. У юрыдычных актах 1582 г. упамінаецца як сяло Балонне, ці Балонскае, якое ўваходзіла ў склад Мінскага павета і ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1745 г. тут была створана Юзэфам Бокам Езуіцкая рэзідэнцыя і місія. У 1747 г. пабудаваны каталіцкі касцёл. 3 1793 г. у складзе Расіі, сяло Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. 3 пачатку другой паловы XIX ст. з’яўлялася ўласнасцю Асоўскіх, а з 1863 г. – дзяржаўнай уласнасцю. Ў 1826 г. пабудавана драўляная Троіцкая царква, сяло – цэнтр праваслаўнага прыхода. У 1865 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1875 г. Троіцкая царква капітальна адрамантавана. У 1879 г. Блонскай царкве належала 85 дзес. зямлі, у тым ліку 5 прысядзібнай, 40 ворнай, 5 дзес. лесу. Прыход налічваў больш за 1,6 тыс. вернікаў (з іх пісьменных да 10%). Пры царкве было папячыцельства. На 1886 г. у сяле 86 двароў, 776 жыхароў, дзейнічалі праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, вадзяны млын, народнае вучылішча (65 вучняў), у год праводзіліся 2 таржкі. Сумежна з сялом знаходзіўся маёнтак Блонь памешчыка, рэвалюцыянера-народніка А.В. Бонч-Асмалоўскага. У маёнтку знаходзілася бібліятэка, у якой было шмат нелегальнай літаратуры. У 1899 г. на сродкі А.В. Бонч-Асмалоўскага для народнага вучылішча быў пабудаваны драўляны будынак. У 1900 г. у ім займаліся 102 хлопчыкі і 18 дзяўчынак, працавалі настаўнікі Пётр і Аляксандр Вяршынскія. На пачатку XX ст. 158 двароў, 1034 жыхары. Побач з сялом знаходзіўся маёнтак Блонь, 156 жыхароў. У 1908 г. адбылася сялянская дэманстрацыя.

Паводле перапісу 1917 г. 244 двары, 1100 жыхароў. У сумежным аднайменным маёнтку 214 жыхароў. У лістападзе 1917 г. у Блоні ўстаноўлена савецкая ўлада. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі народнае вучылішча пераўтворана ў працоўную школу 1-ай ступені, у якой у 1922 г. налічвалася каля 80 вучняў, працавалі 3 настаўнікі. 3 1924 г. сяло Блонь цэнтр сельсавета. У 1933 г. тут існавалі саўгас “Блонь” і калгас “Асаавіяхім”, працавалі 2 кузні, 2 сталярныя і слясарная майстэрні. 3 1938 г. веска Блонь. 3 канца чэрвеня 1941 г. да 3.07.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У наваколлі дзейнічалі партызаны. У 1970 г. 475 двароў, 1590 жыхароў. Цэнтральная сядзіба племзавода «Індустрыя». У вёсцы ёсць майстэрні па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, Дом культуры, 4 магазіны, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, аддзяленне сувязі, раённы краязнаўчы музей, сярэдняя школа, ашчадная каса, царква, фельчарска-акушэрскі пункт, прафілакторый. На 1.01.2002 г. 716 двароў, 1801 жыхар.

Радзіма доктара гістарычных навук Г.А. Бонч-Асмалоўскага і генерал-маёра М.П. Кавальчука.

Крыніца: ДУ “Пухавіцкі краязнаўчы музей” – https://blonmuseum.nethouse.ru/