Дудзічы ў 1844 годзе

Ільініч Наталля

Маёнтак Дудзічы ў 19 ст. належаў роду Ельскіх. Найбольш поўна ён апісаны ў інвентары 1844 года, калі ўладаром яго быў Карл Станіславаў Ельскі, харунжы Ігуменскі. Гаспадарылі Ельскія паспяхова. У інвентары маёнтка Дудзічы 1844 г. напісана, што землі тут “шэрыя, з чарназёмам, урадлівыя, сярэдняя ўраджайнасць 6 зярнят”. (НГАБ, ф. 142, воп. 1, спр. 524). Душ рэвізскіх у Дудзічах тады было мужчынскага полу 407, а жаночага 411. Кожны сялянскі двор быў надзелены 32 моргамі зямлі. Да маёнтка Дудзічы адносіліся мястэчка Дудзічы, вёскі Дудзічы, Церабель, Распуця, Бялькевічы, Грэбень, Казлоў Барок, а таксама фальваркі Казловічы і Быліновічы. У мястэчку Дудзічы жылі рамеснікі – 12 двароў, “абучаныя гаспадарскім коштам”. Зямлі ў іх карыстанні было памалу – толькі па 1/3 морга на кожную гаспадарку (каля 25 сотак) – на агарод. Асноўным жа іх заняткам было рамяство, якім яны зараблялі сабе на жыццё і плацілі грашовую павіннасць памешчыку, прадаўшы свае вырабы. Інвентар захаваў прозвішчы дудзіцкіх майстроў: Рыгор Патомскі, Васіль Башкевіч, Франц Дуброўскі, Якуб Хадыка, Лука Васілінка, Адам Кандратовіч, Рыгор Урублеўскі, Антон Белабоцкі, Аляксандр Дашкевіч. Вось як выглядала сярэдняя сям’я і гаспадарка дудзіцкага рамесніка Рыгора Патамскага. Гаспадар Рыгор меў ад веку 50 год, жонка Наста 40 год, сын Гаспер 4 гады, дачка Паўліна 2 гадкі. Трымалі яны і ўласную гаспадарку: 2 каровы, 4 свіней, птушак.А вось у вёсцы Дудзічы жылі сяляне – 30 двароў. Кожны двор быў надзелены аж 32 моргамі зямлі ( гэта 22 гектары), якую апрацоўвалі на валах. Прозвішчы сялян –Бахар, Бляцкін, Касько, Крыўчэня, Васілінка, Усхопчык, Кузьміцкі, Хадыка, Баран, Бязручка, Рамновіч, Ярашэвіч, Шарамет, Сквярнюк, Грыхановіч, Куліна. У сям’ Паўлюка Бахара было 6 душ, а ў гаспадарцы яны трымалі 1 карову, 5 валоў, 6 свіней.У Цераблі жылі Вераб’і, Антончыкі, Грэкі, Бабкі, Косткі, Мацвейчыкі – 23 двары. У вёсцы Распуця – Гуцькі, Грыбы, Крыўчыкі, Бабуркі, Цырковічы, Тамелі – 10 двароў. У Бялькевічах – Ліхоты, Абакуны, Гімелі, Грэкі, Русакі, Бязручкі – 7 двароў. У Грэбені – Бельскія, Бражуны, Бязручкі – 5 двароў. У Казловым Барку – Базыліневічы, Парцянкі, Ліхоты – 3 двары.Сведчаннем таго, што сялянам маёнтка Дудзічы жылося нядрэнна ёсць такія факты, што ў кожным двары было па 4-6 кароў і валоў, а ў Васіля Кузьміцкага 7, у Янкі Васілінкі аж 9. У кожным двары трымалі па 5- 10 свіней. Зусім не было ва ўсіх дудзіцкіх вёсках бабылёў, гэта значыць сялян, якія не маюць сваёй гаспадаркі.Пасля смерці Карла Ельскага ў 1859 годзе маёнтак быў падзелены паміж яго дзецьмі Міхалам, Аляксандрам, Іосіфам і іх замужняй сястрой Станіславаю Грушвіцкаю. Мястэчка Дудзічы з вёскамі Дудзічы, Грэбень, Бяльковічы дасталіся Міхалу. Па 10 народным перапісе тут жыло сялян мужчынскага полу 187 душ, жаночага полу 229 душ і было зямлі 2701 дзесяціна. (Тамсама, ф. 160, воп. 1, спр. 808).

Крыніцы:1.Нацыянальны Гістарычны архіў Беларусі ф. 142, воп. 1, спр. 524. 2. Таксама, ф. 160, воп. 1, спр. 808.

Слоўнік

Інвентар – вопіс уладанняў феадалаў. Змяшчаюць звесткі пра гаспадарку пана, вёскі, мястэчкі, сялянскія двары, колькасць зямлі, жывёлы, віды і памеры феадальных павіннасцей. Інвентары з’яўляюцца вельмі каштоўнай гістарычнай крыніцай.
Морг – адзінка вымярэння плошчы ў сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага. Раўняўся 0,71 га. 30 моргаў складалі валоку.
Дзесяціна – адзінка вымярэння зямельнай плошчы, роўная 1,09 га.

http://www.dudutki.by/article/75/

Advertisements