Аўтар – Дар’я Ільініч.
Першапачаткова краязнаўцы лічылі, што Талька ўзнікла ў другой палове 19 стагоддзя, калі праз яе прайшла чыгунка. Але ў 2000 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў знойдзены дакумент ад 1833 года “Аб ліквідацыі Смілавіцкага місіянерскага рымска-каталіцкага манастыра”, дзе ўпершыню згадваецца Талька. [25, с. 5] Згодна з ім, на торг у Смілавічы з’ехаліся шляхта і купцы-яўрэі: “…из Тальки Иосель Иоселевич…”. На сённяшні дзень гэта першая пісьмовая згадка аб Тальцы.
У 1873 годзе быў адкрыты рух на ўчастку Вілейка-Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі. Гэтая падзея дала штуршок для развіцця мястэчка Талька.
З прыходам сюды чыгункі Талька апынулася на перакрыжаванні шляхоў, што і вызначыла яе выгаднае геапалітычнае становішча. З гэтага часу пачынаецца новае жыццё краю. Вакол станцыі селяцца рамеснікі і гандляры-яўрэі. У Расійскай імперыі існавала так званая “мяжа яўрэйскай аседласці”. Згодна з гэтым законам, яўрэям было дазволена сяліцца толькі ў заходняй частцы імперыі, то бок – у Беларусі. Акрамя таго, існавала вялікая колькасць абмежаванняў да гэтай нацыянальнай меншасці, у прыватнасці, яўрэям было забаронена купляць і апрацоўваць зямлю. Таму адзіным сродкам існавання для гэтых людзей заставаліся рамяство і гандаль. Менавіта таму вельмі часта яўрэяў можна было сустрэць там, дзе ёсць кірмаш або магчымасць арганізаваць гэты самы кірмаш. Гэта і абумовіла першапачатковы склад насельніцтва Талькі.
Хацелася б адзначыць, што калі актыўнае развіццё Талькі пачалося толькі ў 2-й палове 19 стагоддзя, то навакольныя вёскі, з якімі цесна звязана гісторыя Талькі, тут існавалі значна раней. Менавіта таму неабходна коратка апісаць вёскі, якія мелі найбольш цесныя стасункі з мястэчкам. Раней на левым беразе ракі Таль існавалі невялікія вёскі Слабодка і Рудня, якія ўзніклі значна раней за Тальку. Першая вядомая нам пісьмовая згадка пра Слабодку – 1733 год. Так склалася, што на Слабодцы і Рудні жылі хрысціяне – беларусы, а ў мястэчку іўдзеі – яўрэі. Мяжой паміж Слабодкай і Талькай былі могілкі, дзе хавалі сваіх нябожчыкаў хрысціяне. Ужо ў 20 стагоддзі гэтыя вёскі ўліліся ў Тальку і зараз складаюць адну з самых доўгіх яе вуліц. Яны і да сёння носяць свае старыя назвы і падзяляюцца толькі сімвалічна.
На адлегласці 11 км ад Талькі знаходзіцца адна з самых цікавых суседніх вёсак– Суцін. Гэтая вёска вельмі старажытная і мае багатыя традыцыі. Раней Суцін быў шляхецкай аколіцай, нягледзячы на тое, што шляхта была дробная, аднадворная, – гэта не замінала ім ўпарта лічыць сябе палякамі. Менавіта таму 5 маладых хлопцаў з Суціна ў 1863 годзе папоўнілі шэрагі касінераў у паўстанцкім войску. Тут у траўні 1863 года сабраліся разам некалькі атрадаў паўстанцаў: з Мінску атрад Юльяна Сушчэвіча, са Слуцку – Дамброўскага, з Багушэвіч – Баляслава Свентаржэцкага і з Ігумену. Мэтай збору была неабходнасць пералічыць і ўпарадкаваць войска, а найлепшым месцам для гэтага былі мясцовыя балоты. Размясцілася войска менавіта ў хатах мясцовай дробнай шляхты. [25, с. 98] Пасля падаўлення паўстання мясцовыя балоты зноў сталі прытулкам для “недабітых” касінераў, якіх доўгі час хавала і карміла суцінская шляхта. У красавіку 1864 года мясцовыя сяляне сустрэлі 7 гэтых уцекачоў і неадкладна паведамілі аб гэтым уладам. Менавіта за гэта ўлады хацелі выслаць усю вёску Суцін (44 шляхецкія сям’і) ў Сібір, але, падлічыўшы выдаткі, вырашылі выслаць толькі 22 сям’і ў Томскую губерню. [25, с. 104]
Побач са шляхтай павінны быць і сяляне, таму недалёка ад Суціна існуе вёска Мацеевічы. Вёска была даволі вялікая, у ёй на працягу 18-19 стагоддзяў змяніліся некалькі гаспадароў. Яе асаблівасцю было тое, што менавіта тут (пасярод лесу), прынамсі ў 17-19 стагоддзях, знаходзіўся панскі маёнтак. Апошнім гаспадаром, якога па аповядах дзядоў нават памяталі мясцовыя жыхары, быў Юльян Булгак. Гэтаму чалавеку належала на той момант значная частка сучаснага Пухавіцкага раёна. Гэты шляхціц, відаць, быў добрым гаспадаром, бо пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе сам Юльян Булгак, а пасля і яго сыны вучыліся гаспадарыць па-капіталістычнаму. Булгакі пачалі заводзіць ў мясцовасці прамысловыя прадпрыемствы: у саміх Мацеевічах быў бровар; дзягцярны завод – у Паддзягцярні (адсюль і назва); былі таксама смалакурня і млын. Булгакі валодалі гэтай тэрыторыяй да 1917 года, пакуль іх не змяла хваля рэвалюцыі. Апошняй прадстаўніцай гэтага роду на той момант была так званая “Булгачыха”. Дарэчы, яе яшчэ памятае мясцовае насельніцтва: “Добрая была, за працу плаціла як трэба. А калі прыйшлі бальшавікі і забралі ўсю маёмасць, дык яна загадала спірт з бочак на мацеевіцкім бровары выліць у меліярацыйныя канавы, каб бальшавікам не дастаўся. Мясцовы люд посудам вычэрпваў гэты спірт, “каб дабро не прападала”. [25, с. 72] Пахаваная была Булгачыха ў пачатку 1930-х ў сямейным склепе на мацеевіцкіх могілках. Сёння гэты склеп разрабаваны і закіданы смеццем.
Сярод першых пасяленцаў Талькі было вельмі шмат яўрэяў. З успамінаў Хаіма Рашала: “В этом месте, где приток реки «Таля» впадает в реку «Свислочь», построили железнодорожный мост. Железнодорожную станцию, назвали Талька. Лейбе с семьёй решили построить себе дома поближе к станции Талька. Они были первые поселенцы местечка Талька. [….] Мой дядя Лейбе Рашал, был общественник и считался самым популярным человеком в данном поселении: он был «габай» в синагоге. Организовал «хедер» для обучения еврейских детей, баню и «микве». Все поселенцы прислушивались к его советам. Он считался самым большим ученым в то время.”[6] Іх сям’я стала аднымі з першых пасяленцаў у Тальцы. Яўрэі вельмі шмат працавалі. У Мацеевічах гэтая сям’я раскрыжоўвала бярвёны на дошкі.
Талька даволі хутка расла і развівалася. Вядома, што ў 1912 годзе земствам тут была адкрыта Слабодска-Талькаўская школа. Першапачаткова школа знаходзілася ў прыватным доме, а ўжо ў 1932 годзе быў пабудаваны спецыяльны будынак [25, с. 112]. Дарэчы, у гэтым будынку і дасёння знаходзіцца знакамітая “нетыпавая” Талькаўская школа.
Першая сусветная вайна не адгукнулася ў гэтай мясцовасці шырокамаштабнымі дзеяннямі. З тых жа успамінаў: “Дома, немцы нас не трогают: не убивают, не грабят и не насилуют.[…] Немцы без боя покинули, оккупированные территории.” [6]
Першая сусветная вайна прывяла да рэвалюцый, якія прынеслі значна большыя змены ў штодзённае жыццё. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Булгакі страцілі ўсю маёмасць і былі вымушаны пакінуць свой дом. “Власть переходила из рук в руки. В 1919 году пришли поляки. Красногвардейцы обвиняли евреев в предательстве. Поляки обвиняли евреев, что они все коммунисты. И все убивали и грабили. У дяди Боруха было три сына. Один раз старшие два сына уехали в Минск. На рассвете братья возвратились. Придя домой, они застали, отца, мать и брата убитыми ножом. Пожаловаться полякам нельзя было. Евреи покинули деревню“Насицёк” (Насыцк – вёска побач з Талькай. – Заўвагі аўт.) и перебрались в ст. Талька и окрестные деревни и леса.” [6]
У суседнім Суціне, які быў звязаны з Талькай і эканамічна і сацыяльна, як ужо адзначалася, быў заселены шляхтай, што лічылі сябе палякамі. Адпаведна савецка-польская вайна моцна адгукнулася на гэтых землях. Успамінае Ян Віктаравіч Корзюк, 1926 г. нар., Суцін. “ Мая матуля Мальвіна Вярыга з Рэпішча выйшла замуж у Суцін за Яна Скіндэра. Некалькі хлопцаў з Суціна ў час прыходу палякаў, відаць, пайшлі ў польскае войска, а калі палякі сышлі, то бальшавікі арыштавалі іх і пасадзілі ў Ігумне ў астрог, а потым расстралялі. Сярод іх быў і Ян Скіндэр, першы муж маёй мамы. Абвінавачвалі іх у “стварэнні польскай партыі”. Яна засталася адна з двума маленькімі дзеткамі.” [7]
Пасля ўзрушэнняў, войн, рэвалюцый, акупацый Талька апынулася ў складзе БССР, абвешчанай 31 ліпеня 1920 г. На той час у БССР уваходзіла толькі 6 паветаў Мінскай губерні, у якіх пражывала ўсяго 1,6 мільёнаў чалавек. [22, с. 206] Ужо ў 1921 годзе ў Тальцы працавала 3 школы: Слабодская (для беларускіх дзяцей), Талькаўская польская і Талькаўская яўрэйская. [25, c. 15] Гэта сведчыць аб тым, што ў Тальцы на той момант жылі не толькі яўрэі. Можна было сустрэць і простых сялян (беларусаў) і шляхту (палякаў), хоць і без маёмасці, але перапоўненых пачуццём уласнай годнасці. Хаім Рашал апісаў і адных, і другіх у сваіх успамінах: “ Я еврей, потому, что я родился евреем. Окружающая меня среда: белорусы и шляхта. Потому что они такими родились. Если сослаться на религии, невозможно, потому, что мы все национальности, преклоняемся Единому Богу. Остаётся один вопрос. Это народные обычаи. Да, действительно. Это основная проблема. Каждый народ создает свою культуру, свои обычаи. Ассимилированные поляки, так называемая шляхта за 200 лет вовсе не ассимилировались. В доме, они соблюдают идеальную чистоту. Возле дома клумбы. Очень много цветов. В костел, в воскресенье, девушки летом, идут босиком, в костёле, одевают, красивые туфли. Почему-то, они обходятся без прислуги и у них дети ходят чисто и опрятно. К ним войти в дом, одно удовольствие”. [6]
У 1921 годзе на змену харчразвёрстцы прыйшла новая эканамічная палітыка (нэп). Гэта прывяло да эканамічнага ўздыму Талькі. Асноўная частка жыхароў былі яўрэі, якія добра адчувалі сітуацыю. У Тальцы пачало хутка развівацца прадпрымальніцтва. З’явілася шмат маленькіх прадпрыемстваў, якія перапрацоўвалі прыродную сыравіну. Было адкрыта шмат майстэрняў па апрацоўцы скуры, воўны, малака, мяса, ягад ды інш. Была асобная вяндлярня, леспрамгас, маслабойня, швейная майстэрня, аптэка, майстэрня па вырабу шкла, шапак, абутку, месца, дзе яўрэі выпякалі мацу ды шмат чаго іншага.
У гэты час яўрэям дазволілі карыстацца зямлёй. Вось што апавядае пра гэты перыяд Хаім Рашал у сваіх успамінах: “Папа тоже получил землю. Максимальный надел был восемь гектаров, кроме сенокосов и пастбищ. По нашим масштабам, папе показалось восемь гектаров мало. Он записал в список дядю Лейбе. Вместе получили 15 гектаров. Дядя Лейбе даже и не думал оставить Тальку и заняться сельским хозяйством.[…]После того, что мы ввели на полях севооборот, пятипольная система, без подпара, урожайность полей значительно возросла. Залежные земли мы разработали и начали с них снимать обильные урожаи. От лишних лошадей мы избавились, оставили только молодняк. На жеребят гужповинность не возлагают. В хозяйстве мы приобрели коллективно: сеялку и жнеярку. При ручном посеве расходуется семян на гектар 9 пудов, сеялкой 7 пудов. Раньше мы снимали урожай 45 пудов с гектара, а сейчас мы начали снимать 80 пудов и больше. У нас появилось обилие кормов для рогатого скота. Встал вопрос, где хранить зерно. Я решил построить амбар. Я сказал папе, он пошел в леспромхоз и купил брёвен, на корню. Но срезать деревья из них я не могу. Я попросил папу, чтобы он мне помог. Мы поехали в лес и срезали деревья из пня. Папа после этого не мог ни сесть, ни встать, ему болели суставы, он к физическому труду не привык”. [6] Як паказаў час, гэта быў перыяд найвышэйшага росквіту мястэчка.
У 30-ыя гады, калі НЭП быў згорнуты, усе яўрэйскія прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а іх уладальнікі пазбаўлены выбарчага права як “эксплуататарскія элементы”. Некаторым “літасцівыя” ўлады дазволілі наняцца працаваць на імі ж створаныя прадпрыемствы.
Ужо ў 1929 годзе пачалася суцэльная калектывізацыя. Згодна з пастановай 15 з’езду ад 1927 года метадамі для калектывізацыі былі абраны:
- Канфіскацыя зерня, скаціны і маёмасці ў сялян, якія не жадалі добраахвотна запісвацца ў калгасы, і іх “раскулачванне”.
- Прымусовае аб’яднанне сялян ў калгасы.
- Накіраванне ў калгасы ўпаўнаважаных камуністаў, працоўных-дваццаціпяцітысячнікаў.
- Стварэнне машынна-трактарных станцый і палітаддзелаў пры іх.
Суцін – вельмі вялікая вёска, таму там стварылі і калгас, і саўгас. Прычым супрацоўнікі саўгаса, як дзяржаўныя служачыя, атрымлівалі заробак. Супрацоўнікі калгаса, робячы тое ж самае, не атрымлівалі нічога.
У Тальцы быў створаны невялікі калгас “Камунар”. Ля Талькі знаходзілася шмат дробных вёсак і хутароў, на якіх жылі заможныя людзі, што маглі і ўмелі працаваць. Усе гэтыя вёскі былі сілком сселеныя ў Тальку. Тыя, хто адмовіўся “добраахвотна запісвацца ў калгасы”, адпраўляліся,у лепшым выпадку, у аддаленыя рэгіёны Расіі. З аповяду Ганны Браніславаўны Сухоцкай (Вернікоўскай): “За рэчкай Таль знаходзілася вёсачка Загібелька ў 8 двароў. На яе месцы зараз знаходзіцца прыгожы поплаў. Яго ў сваіх вершах апяваў Якуб Колас. У 1932 годзе адсюль ў Сібір былі сасланы 4 сям’і. У гэтую ж ноч тыя 4 хаты згарэлі. Астатнія 4, з якіх людзей пазганялі ў калгас, былі спалены ў 1943 годзе партызанамі.” [25, c. 21] Вёска знікла. І яна не адна.
Дачка Ганны Браніславаўны (зараз ёй 83 гады) расказала аб Загібельцы больш падрабязна. “Сям’я майго дзеда Якава Сухоцкага жыла ў вёсцы Загібелька, што была за рэчкай Тальлю. 8 хат там усяго было: Сухоцкія, Міхневічы, Рабцэвічы. Шмат працавалі, але жылі нябедна. У дзеда Якава ў гаспадарцы было 16 кароў, 8 свіней. Як прыйшлі калгасы, то усю жывёлу, зямлю забралі ў калгас, наклалі “цвёрдыя падаткі” – такія, што выплаціць іх немагчыма. Рабілі раскулачванне маладыя яўрэйкі: забіралі жывёлу. Дзед Якаў памёр з гора, не перанёс раскулачвання. А бацька яго, мой прадзед, Гіляры Сухоцкі, кажуць, звар’яцеў тады. Расказвалі, што сабраў сваё золата, каштоўнасці ў абрус, занёс у балота і закапаў ля возера Грымячага, нікому не паказаў месца, а праз 3 дні сканаў. Так і забраў з сабою на той свет гэтую тайну. [25, c. 22]
У Якава было 3 сыны: Ян, Адам і Казімір, мой бацька. Сем’і Яна і Адама раскулачылі і саслалі ў Сібір. Там у тайзе яны сталі абрабляць зямлю, абжыліся, зноў разбагацелі, дык іх другі раз раскулачылі ў той Сібіры. Пісалі адтуль дзеці іхныя, але сюды больш ніхто не вярнуўся. Наша сям’я пайшла ў калгас, каб пазбегнуць высылкі. Маці свіней даглядала, а бацька кароў. Нічога не атрымлівалі. Сям’я вялікая была – 9 дзяцей. Як выжывалі? Мама прынаравілася ў лесе, дзе лаўжы спальвалі, на гэтых лапіках мякенькай зямлі вырошчваць проса, фасолю. Рэчка ратавала. Каб вы ведалі, колькі тады ў Талі было рыбы! Нератам лавілі на чоўне-даўблёнцы, рабілі такія з асінавай калоды. Бацька наловіць, а мама з яе ўсяго нагатуе – катлеты, халоднае, варыла, смажыла, сушыла. А цяпер рыбы ў Талі амаль што няма, знікла пасля таго, як меліярацыю зрабілі.” [7]
Аб працы ў калгасах вельмі яскрава расказала нам Яцкевіч ( з дому Капанец ) Соня Паўлаўна з вёскі Блужскі Бор. “У калгасе працавалі задарма. Брыгадзір ставіў у сваім сшытку трудадні – палачкі. Трэба было выжаць за дзень 30 сотак жыта, а гэта цяжка, вельмі шмат. Бывала, жну-жну, а 30 не зжала за дзень, то тады яшчэ заўтра астатнія – за 2 дні атрымліваўся адзін трудадзень. А на трудадзень восенню плацілі 100 грам гірсы: такое жыта з мякінай. Увесь заробак за год прынесла ў мяху за плячыма. Во і жыві як хочаш. А не пойдзеш у калгас, дык агарод адбяруць, зусім з голаду памрэш.” [7]
Да “эксплуататарскага класа” была аднесена і сям’я Язэпа Жыдовіча. Яго спачатку пазбавілі права голасу, а пасля саслалі ў Сібір. Як высветлілася пазней, усім яго багаццем былі 30 пар лапцей, што віселі на гарышчы. Яго нашчадкі выжылі, але змянілі прозвішча: з Жыдовічаў яны сталі Жыновічамі. Менавіта з гэтай сям’і паходзіць стваральнік Дзяржаўнага аркестра народных інструментаў – Іосіф Жыновіч (сын Язэпа).
Але былі і актывісты, якія шчыра верылі ў стварэнне новага грамадства. З успамінаў Шпак (Марцінчык) Ганны Вікенцьеўны з вёскі Дзям’янаўка: “Як сталі ствараць калгас у Дзям’янаўцы, то мой тата першы пайшоў у яго, абагуліў зямлю, жывёлу. Не ведаю, чаму ён так зрабіў. Многія не хацелі ісці ў калгас – гэта ж трэба было ўсё сваё дабро аддаць. Працаваў татка кавалём, кузня, памятаю, стаяла ля кладбішча талькаўскага. Старшыня загадаў працаваць на Вялікдзень, бо пасяўная, то мама вельмі плакала, прасіла, каб бацька не ішоў на працу на свята, але ён пайшоў.” [25, c. 35]
У 1930-я гады пачаліся рэпрэсіі. З школьных падручнікаў мы ведаем аб рэпрэсаваных палітычных і культурных дзеячах, але шмат і простых людзей было знішчана без віны. У 1936 годзе быў арыштаваны настаўнік рускай мовы Талькаўскай школы Нічыпар Лаўрэнцьевіч Байчык. За ім прыехалі ноччу на “чорным воране” [25, c. 64]. Дамоў ён так і не вярнуўся.
Успамінае Іван Леапольдавіч Лысакоўскі, выпускнік Талькаўскай СШ 1939 года, генерал-маёр КДБ у адстаўцы: “У 1936 годзе дырэктарам школы быў прызначаны Вайлевіч. Гэта быў даволі малады чалавек, вельмі інтэлігентны. Выкладаў ён гісторыю. Вучні лічылі яго добрым настаўнікам. Але нядоўга ён працаваў у Тальцы. У канцы 1937 ці ў пачатку 1938 года ён быў арыштаваны органамі НКУС. Як і ўсе, даведаўшыся з газетпра судовыя працэсы над удзельнікамі праватрацкісцкага блоку і іншымі “ворагамі народа”, мы былі абураны і кляймілі “ворагаў” і “шпіёнаў” на мітынгах, пасылалі гнеўныя тэлеграмы.” [7]
Сёння ў складзеным намі спісе ахвяр палітычных рэпрэсій Талькаўскага краю 172 асобы. Крыніц, па якіх складзены гэты спіс, некалькі. Найперш, гэта дадзеныя ГА “Мемарыял” [11], што ёсць у Расіі, – каля 80 прозвішчаў. Другая частка ўзята з кнігі “Памяць. Пухавіцкі раён”. [33, c. 534] Часткова даныя Мемарыяла супадаюць са звесткамі кнігі, каля 90 прозвішчаў у кнізе новых. Але і гэты агульны спіс з 2 крыніц няпоўны. Так, ні ў звестках Мемарыяла ні ў кнізе “Памяць. Пухавіцкі раён” няма раскулачаных і сасланых з Загібелькі Сухоцкіх, пра якіх нам расказала іх сваячка Міхневіч (Сухоцкая) Ядзвіга Казіміраўна, жыхарка Весалова.
Не аказалася ў гэтым агульным спісе і сям’і Станіслава Булгака, што была сасланая з Суціна ў 1932 годзе на Урал і вярнулася ў Суцін з ссылкі ў 1947. Пра гэту сям’ю нам расказала жыхарка Талькі Пузына Ніна Цімафееўна, 1958 г. нар.. “Мой дзед Станіслаў Гаронімавіч Булгак, 1910 г. нараджэння з аколіцы Суцін ажаніўся з маёй бабуляй Юзэфай Якаўлеўнай Сухоцкай з Загібелькі ў 1928 годзе. У 1932 г. іх раскулачылі і саслалі на Урал, там яны працавалі – будавалі камунізм у горадзе Ніжні Тагіл. Жылося вельмі цяжка, галадалі. Мама расказвала, што збіралі на сметніку бульбянае лушпінне. Хлеб быў вялікай каштоўнасцю. Бацька даваў яго па невялікай лустачцы кожнаму з дзяцей. Аднойчы іх дачушка 10-гадовая Ніна, калі была дома адна, узяла ўвесь бохан хлеба, наелася сама і раздала ўсё астатняе іншым дзецям. Калі дарослыя вярнуліся дамоў, бацька насварыўся на малую за гэты ўчынак: “Што ж ты нарабіла, дачка? Цяпер уся сям’я з-за цябе будзе галадаць!” Дзяўчынка, відаць, пакрыўдзілася і збегла з дому. Як ні шукалі яе, так і не знайшлі, прапала назаўсёды… У сям’і Станіслава і Юзэфы засталіся дзеці: Стась, 1933 г. нар., Эмілія, 1935 (мая мама) і Марыя, 1941 г. нар.. Дазволілі ім вярнуцца на Беларусь толькі ў 1947 годзе. Прыехалі ў Суцін, некалькі год жылі там, а потым дзед купіў вось гэту хату ў Тальцы і пераехалі сюды. Тут жылі да канца свайго жыцця, адсюль і ў апошнюю дарогу я іх праводзіла. А мама мая, бачыце, дала мне імя Ніна – напэўна, у памяць той дзяўчынкі, сваёй сястрычкі, якая сышла з дому, з’еўшы бохан хлеба…”. [25, c. 36] Калі Ніна Цімафееўна Пузына ўбачыла ў спісе рэпрэсіраваных Талькаўскага краю такі запіс, то ўзгадала што гэта яе прадзед:
Булгак Героним Станиславович
Родился в 1855 г., д. Сутин Пуховичского р-на; в д. Сутин Пуховичского р-на; поляк; неграмотный;
крестьянин, единоличное хоз-во.
Проживал: Минская обл., Пуховичский р-н, х. Дворище.
Приговорен: “тройка” 22 сентября 1937 г., обв.: 72 УК БССР – А/с агитация.
Приговор: ВМН, конфискация имущества
Расстрелян 1 октября 1937 г.
Место захоронения – Минск.
Реабилитирован 4 марта 1961 г. Президиум Минск.облсуда
Источник: Белорусский “Мемориал”
Номер дела: КГБ РБ – 16991-с
Ён быў расстраляны ў 1937 годзе ва ўзросце 82 гады. Яе родныя вельмі мала гаварылі пра гэта, толькі у памяці яе засталося, што з прадзедам адбылося нешта жахлівае. Сына Станіслава ж тады ў Суціне не было, ён быў у высылцы, ніхто не расказаў сыну пра бацьку.
Калі ў верасні 1939 г. Германія напала на Польшчу, у Тальцы з’явіліся польскія яўрэі. Яны ўцякалі ад фашысцкага генацыду на ўсход. З успамінаў К. М. Навасад: “Гэтыя польскія яўрэі жылі ў Тальцы ў 1939 – 1941 гг. Калі Гітлер напаў на СССР, яны пайшлі далей на ўсход. Адзін з іх, пажылы ўжо чалавек, казаў, што будзе ісці ад немцаў, пакуль у яго будуць сілы”. [25, c. 18] Гэты факт сведчыць аб тым, што некаторыя людзі разумелі, якую трагедыю нясе фашызм на нашыя землі.
У нашай мясцовасці дзейнічалі партызанская брыгада “Полымя”, пад камандаваннем Філіпскіх Я. Ф., 2-я Мінская брыгада, пад камандаваннем Іванова С. М.
Агулам на франтах вайны і ў партызанах загінулі 199 жыхароў Талькаўскага сельскага савета.
Немцы з’явіліся ў Тальцы 29 чэрвеня, у нядзелю, на сёмы дзень вайны. Прыехалі на аўтамабілі студэбекеры, апранутыя ў чорную форму. Забягалі ў двары і гаварылі: “Матка, яйка, матка, сала.” [25, c. 20]
Пухавіцкі раён у час нямецкай акупацыі адышоў да зоны тылу групы армій “Цэнтр”, гэта значыць, што тут было ваеннае кіраванне. Уся ўлада канцэнтравалася ў руках начальніка тылавога раёна. На месцах стваралася мясцовая ўлада – валасныя ўправы, прызначалі старастаў па вёсках. “У Тальцы быў нямецкі гарнізон, у якім размяшчалася каля 300 немцаў. Жылі яны ў 2-павярховіку ля станцыі, у будынку школьнага інтэрната, а потым у школе, калі яна перастала працаваць. Галоўнай іх задачай была ахова чыгункі. Для аховы чыгуначнага маста праз Таль быў пабудаваны блок-пост. Паліцэйскі гарнізон налічваў 30-40 чалавек, размяшчаўся ён ля пошты,у доме Рашала. Начальнікам паліцыі быў Васіль Кульбіцкі са Слабодкі, а яго намеснікам Ажар. У паліцыю пайшлі прыпіснікі (былыя чырвонаармейцы, якія, каб выратавацца, прыпісваліся з дазволу ўлад у якую-небудзь сям’ю), а таксама мясцовыя людзі: Іван Кароткі, два браты Сіняўскія, Сцяпура, Грудзін Мікалай, Траццяковіч і іншыя”. [13]
Кульбіцкая Тамара Мікалаеўна са Слабодкі ўспамінала: “Бургамістрам ці старастам быў назначаны Маланка (забіты пазней партызанамі) з Весалова. Валасная ўправа знаходзілася ў доме насупраць аптэкі. У тых будынках, дзе цяпер бальніца, фашысты зрабілі лагер для ваеннапалонных. Гэтае месца было абцягнута калючым дротам, ахоўвалася немцамі і паліцэйскімі. Палонных ганялі на працу, амаль не кармілі і яны пакутліва паміралі з голаду. Я бачыла, як іх целы прывозілі на могілкі на санях і баграмі сцягвалі ў ямы. Там ў кожнай з брацкіх магіл іх ляжаць дзесяткі, а можа і сотні”. [13]
“Афіцэры Чырвонай арміі Ульмясаў і Перагуд прыйшлі ў Тальку, бо адсюль родам былі іх жонкі. Ульмясаў Карым быў палітруком Чырвонай арміі ў ваеннай часці Лапічы, а жанаты быў з Янінай з дому Качураў, яна жыла ў Тальцы ў бацькоў з двума маленькімі дзецьмі. Усіх мужчын немцы сабралі ля кладбішча, загадалі камуністам і афіцэрам выйсці ўперад 3 крокі. Так Ульмясава і Перагуда арыштавалі і расстралялі. Целы іх родныя знайшлі ў канаве каля школы і пахавалі на могілках.” [13] Іх магілы і імёны вядомыя. А вось імёны некалькіх соцень ваеннапалонных, пахаваных у брацкіх магілах, зусім невядомыя.
Калгас першы год у Тальцы акупанты не распускалі, а прадукты працы калгаса забіралі сабе. Пазней калгас быў распушчаны, а зямлю і маёмасць раздалі людзям. Кожны, хто атрымаў зямельны пай, мусіў здаваць падатак прадуктамі. [13]
Мы прывыклі чытаць пра Вялікую Айчынную вайну як пра час вялікага гераізму савецкіх людзей. А ва ўспамінах простых людзей вайна паўстае яшчэ і як страшэнная трагедыя для кожнага чалавека, для кожнай сям’і. Успамінае жыхарка Талькі Таццяна Антонаўна Славінская, 1924 года нараджэння: “Тата мой – Антон Іванавіч быў шчырым камуністам, у Суціне яго паставілі старшынёй сельсавета. […] У 1933 годзе з Суціна пераехалі ў Тальку, бацьку паставілі загадчыкам сяльпо і абралі народным суддзёй. […] Немцы, як толькі прыйшлі, спачатку нікога не чапалі, у клубе зрабілі царкву, дазволілі людзям маліцца. А здзекі і глумленні пачаліся пазней, і першымі ахвярамі сталі яўрэі. Іх сагналі ў піянерскі лагер за Таллю, адтуль іх ганялі на работы. Суседзі і знаёмыя насілі ім у гета ежу. Уцёк з гета толькі адзін – Ара Дрэйзін. […] Бацьку майго абралі старастам у Тальцы. Калі яўрэяў гналі на работу, то яго бралі ў заложнікі, каб ніхто не ўцёк. Яго памочнік, Пятроў, яго і выдаў. Расказаў немцам, што бацька камуніст і дапамагае людзям. Яго (тату – Заўвагі аўт.) арыштаваў талькаўскі паліцай Пётра Кульбіцкі і завёз у Асіповічы ў СС, а потым і маму арыштаваў. Паліцаі напісалі, што мама яўрэйка. […] І тату, і мамачку нашых расстралялі ў Асіповічах, мы нават не ведаем, дзе іх магілы. Мы засталіся ўпяцёх сіротамі. Як жыць? Павесілі торбы і пайшлі жабраваць. […]” [25, c. 21]
“У вайну калгас распусцілі: падзялілі зямлю на паі, разабралі жывёлу. Нейкі падатак трэба было здаваць уладам, але не вельмі цяжкі, пасільны. Тады лягчэй стала пракарміцца. Праўда, хутка партызаны прыйшлі і ўсіх кароў на Рудні, мы ўжо тады жылі на Рудні, пабралі. Маці стала прасіць старшага партызана, каб не забіраў кароўку, бо 9 дзяцей, з голаду памруць, то ён паслухаў, пакінуў. Тады ўжо немцы сталі чапляцца: маўляў, раз у адных вас не забралі партызаны карову ў вёсцы, значыць вы з партызанамі звязаныя, дапамагаеце ім.” [13]
Самая цяжкая праца ў вайну была на пасадзе старасты. Трэба было і немцам дагадзіць, і каб партызаны не забілі, і яшчэ і людзям дапамагаць. У Суціне старастам быў абраны, нават супраць яго волі, бацька Яна Віктаравіча Корзюка. Ён успамінае: “Цяжкая была справа. Днём – немцы, ноччу партызаны – як ім дагадзіць? Бацька прыпісаў сюды 120 чалавек акружэнцаў, стараўся суцінскім людзям зрабіць як лепш. У сакавіку 1942 года гэтых акружэнцаў сазвалі ў камендатуру і адправілі ў лагер для ваеннапалонных. Некаторым бацька паспеў сказаць, каб не хадзілі. Тыя і выратаваліся. […] Аднойчы да нас прыйшоў прадстаўнік асобага аддзелу партызанскага атрада, які добра ведаў бацьку, і сказаў, каб той тэрмінова сыходзіў з пасады старасты. “Бо прыйдуць ноччу, расстраляюць усю сям’ю і хату спаляць.” Бацька адразу напісаў заяву. У Суціне партызаны расстралялі 22 чалавекі. Бацькавага брата Адвэрта і яго жонку забілі за тое, што ён неяк назваў партызанаў бандытамі. […]” [25, c. 24]
Гітлераўцы знішчалі яўрэяў, камуністаў, камсамольцаў, савецкіх актывістаў. У Тальцы было шмат яўрэяў. У першыя ж дні акупацыі фашысты сагналі іх у гета, якое стварылі ў будынку школы. Там было расстраляна некалькі чалавек на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца школьная прыбіральня. Пазней гета перанеслі ў піянерскі лагер, які знаходзіўся за ракой Таль. Яўрэяў ганялі на работы на чыгунку. Большасць з іх працягвала ўпарта верыць у тое, што не могуць жа немцы знішчаць людзей толькі за тое, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі іншага народу. Нармальны чалавек не мог ўявіць наколькі бесчалавечнай з’яўляецца “расавая тэорыя”. Таму яўрэі і не ўцякалі з гета, хаця магчымасці для гэтага былі.
22 верасня немцы і паліцаі (Іван Кароткі, Пётр Кульбіцкі і Маланка) вывелі яўрэяў у лес за Таль, загадалі вырыць яму. Потым у гэтую яму іх укладалі тварам ўніз і расстрэльвалі. Так фашысты і паліцаі знішчылі 280 карэнных жыхароў Талькі, што вызнавалі іудаізм. Кажуць, што пасля расстрэлу зямля на магіле варушылася яшчэ некалькі дзён. [25, c. 28]
Аб яўрэйскай культуры захаваліся толькі згадкі. Яшчэ жывыя тыя людзі, што памятаюць, як яны размаўлялі на сваёй мове, памятаюць іх песні, святы, стравы, звычкі і показкі. Яшчэ да сёння цэнтральная і самая старажытная вуліца ў Тальцы так і называецца “мястэчка”. У 20-я гады яна была засцелена драўляным тратуарам. У цэнтры мястэчка знаходзіўся кірмаш. Там блізка адна да адной стаяць дбайныя хаты з трыма вокнамі на фасадзе. У тым жа будынку, дзе знаходзілася невялікая крамка Цывіна, зараз знаходзіцца магазін-бар “Талька”. У тым будынку, дзе была сінагога, зараз жывуць праваслаўныя людзі. Некаторыя дробныя яўрэйскія прадпрыемствыза савецкім часам былі пераўтвораны ў савецкія, некаторыя цалкам зніклі. І да сёння яшчэ стаіць хата, у якой жылі продак Хаіма Рашала – Абрам. Але ўсе яўрэйскія хаты былі заселены іншымі людзьмі.
Так знікла ў Тальцы цэлая цывілізацыя, прадстаўнікі якой, самыя працавітыя і прадпрымальныя, развівалі Тальку, надавалі ёй нейкую адметнасць, узбачалі культуру мясцовага люду, разнастайвалі сацыяльны партрэт мястэчка. Можна сказаць, што вайна і знішчэнне талькаўскіх яўрэяў з’яўляецца асноўнай прычынай ператварэння Талькі ў звычайную вёску.
Ганна Язэпаўна Карповіч (Цвірка) успамінае бліжэйшыя пасляваенныя гады. “З 1945 па 1947 гады маміна мачыха ўзяла мяне ў Ставішчы пасвіць гусей. Было тады мне можа 7 гадоў. Гусі ў балота ідуць, а я стаю і плачу!- смяецца Ганна Язэпаўна. Галадалі тады горш, чым у вайну. Есці зусім не было чаго. Збіралі пышкі (гнілую бульбу) вясною на калгасным полі. Аднойчы я ўбачыла ў суседкі ў свіных ночвах дзве вараныя бульбіны і лушпінне. Украла бульбу ў кішэню, а лушпінне ў руку пад хустку. Стаю, ем за хатай з цыбуляй, а тут ідзе мой дзядзька. Убачыў мяне і пытае: “Дзе ўзяла?” А я кажу: “У ночвах ў суседкі.” [16]
Нюхала, як сабака той, дзе хлеб пякуць. Украла ў другой суседкі кавалачак хлеба. Суседка сказала пра гэта бабе, дык яна вырашыла адправіць мяне да матулі ў Шэлехаў. Па дарозе нейкая баба ў цягніку ела лусту хлеба са смятанай. Я падышла, стаю і гляджу, як яна есць яго. Тады яна дала мне палову кавалка гэтага хлеба. У Дзям’янаўцы ідзём, а там хлебам пахне. Я на гэты пах прыйшла ў хату, а там жанчына хлеб пячэ і кладзе яго радком ад самага вялікага да самага маленькага. Я зайшла ў хату, стала і гляджу на гэты хлеб, маўчу. Гэта добрая жанчына (хацела я потым знайсці яе, але так і не высветліла, хто яна была – дай ёй, Божа, Царства Нябеснае!) дала яна мне трэці хлеб з канца. Пакуль дайшлі да Рудоў, з’елі яго з дзедам (Казачонкам), нават не заўважылі! У Рудах (гэта вёсачка на Талі была, недалёка ад суцінскага маста, цяпер яе ужо няма) зноў прасілі хлеба, далі і там кавалачак. Дзіўлюся, што я – вясковая дзяўчынка, сарамлівая вельмі, не саромелася жабраваць тады хлеб. Гэта такая галодная была, што на сорам забылася! Прыйшлі дамоў, а там у мамы грэчкавы суп з некалькімі бульбінамі. І такі смачны! (Пра мяса і гутаркі не было!) Маці ўсё сама сеяла ўручную: і грэчку, і проса. І бульбу сама садзіла. Усё на крупы. Хлеба не было.” [7]
Пасля вайны ў Тальцы працягваў працаваць калгас “Камунар”. Пазней ён стаў аддзяленнем “Талька” саўгаса “Залог пяцігодкі”. З успамінаў Ганны Вікенцьеўны Шпак: “Пасля вайны калгас у Дзям’янаўцы называўся “Перамога”, знаходзіўся вось тут, дзе вуліца паварочвае на Насыцк. Тата наш з вайны не вярнуўся, то нам з мамай і братам прыйшлося цяжка. Працавалі за трудадні, а вырабіць гэты трудадзень было цяжка, я не спраўлялася на палявых за адзін дзень зрабіць гэту норму. На валах вазіла гной, арала, касіла, жала. Грошай не плацілі за працу, восенню давалі скрыню бульбы кілаграм 250 на сям’ю і па 50-100 грам гірсы за трудадзень. Гірса – гэта збожжа, што выходзіла з арфы ў “другое вуха”. Пасля малатарні збожжа ачышчалі прыладай – арфа. У “першае вуха” выходзіла добрае, чыстае збожжа, якое ішло дзяржаве, на насенне. У другое – вось гэта гірса – напалову жыта з мякінай, а у “трэцяе вуха “- мякіна. Мы працавалі ўтраіх у калгасе: мама, брат і я. Памятаю, што ўвесь заробак за год я прынесла ў адным мяху, закінуўшы на плечы. Яшчэ трэба было плаціць падатак дзяржаве – у год 40 кг мяса (цяля аддавалі), 200 літраў малака, масла, яйкі – не памятаю, колькі. Але і гэта яшчэ не ўсё – самы цяжкі падатак быў грашыма. Грошы за працу ў калгасе нам не плацілі, а мы павінны былі плаціць вялікі грашовы падатак. Дзе ж тыя грошы ўзяць? Стараліся прадаць яйкі, масла на рынку, каб як хаця выплаціць гэты грашовы падатак. А то маглі і скаціну забраць.
Калгаснікам давалі 60 сотак зямлі, вось з гэтага і жылі. Сеялі палоску збожжа, палоску бульбы, лёну. Сенакос давалі ад калгаса для сваёй каровы. Каня, каб абрабіць гэтыя соткі, таксама бралі толькі ў калгасе, сваіх коней у людзей ужо не было. А куды падзенешся ад калгаса?” [7]
“Пасля вайны ўзялі працаваць мяне лабаранткай на малочную. Дзядзька мой Стась Сухоцкі начальнікам там быў. Стаяла прадпрыемства на тым месцы, дзе цяпер клуб. Прывозілі малако з Суціна, Арэшкавіч, Слабодкі. Рабілі з яго смятану, марожанае. Была лядоўня – яма у зямлі глыбокая вырыта – там захоўвалі з зімы лёд, такі вялізны халадзільнік для захоўвання малочных прадуктаў летам. Як працавала ў малочнай, то ўжо сям’я наша не галадала, стала лягчэй. [7]
У 1970 годзе пайшла працаваць у калгас, каб далі агарод, бо тым, хто не працаваў у калгасе, не давалі нават сядзібы. Хутка наш калгас ператварылі ў саўгас і далучылі да суцінскага саўгаса “Залог пяцігодкі”, ужо сталі трохі плаціць грошай. Працаўнікі саўгаса былі прывілеяванымі – яны лічыліся не калгаснікамі, а рабочымі дзяржаўнага прадпрыемства, а значыць атрымлівалі заробак, ім давалі пенсію.” [7]
Адразу пасля вайны ў будынку, дзе цяпер Талькаўская бальніца, быў створаны дом-інтэрнат для дзяцей, што страцілі сваіх бацькоў ў часы вайны. Яны самі абраблялі зямлю ў школьным гародзе. Усе дзеці з інтэрнату вучыліся ў Талькаўскай школе.
Пасля вайны дзеці пад кіраўніцтвам дырэктара Талькаўскай школы Барысенкі Івана Вікулавіча асушалі балота ля школы – былі вырыты ўручную канавы, сажалка, а зямля перад школай была засаджана садам, які захаваўся і да сёння. За асушэнне балота і пасадку сада школа атрымала права удзельнічаць ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у 1950-ыя гг. у Маскве, дзе была адзначана медалямі. Людзі ўспамінаюць пра дырэктара школы Барысенку Івана Вікулавіча: “Ён быў сапраўдны камандзір. Дзетак тых мучыў-мучыў. Пасля урокаў трэба было яшчэ і адпрацаваць на школу, каб асушыць зямлю, ды агарод можна было пасадзіць”. [15]
Асноўным прыродным багаццем Талькі заставаўся лес. У 1949 годзе лясніцтва, якое раней знаходзілася ў Мацеевічах, было перанесена ў Тальку і стала называцца Талькаўскім. На базе гэтага лясніцтва адбываліся спецыялізаваныя семінары. У тыя часы Талькаўскае лясніцтва лічылася лепшым у раёне\вобласці. У 2000 годзе лясніцтву быў пабудаваны новы будынак, у якім яно зараз і знаходзіцца. [8] У 1968 годзе ў Тальцы пачалося будаўніцтва цэха па перапрацоўцы драўніны. З 1970-х гадоў ён актыўна працуе, сыравіну атрымлівае з Талькаўскага, Пухавіцкага, Шацкага, Рудзенскага, Светлаборскага лясніцтваў. З успамінаў Байка Мікалая Кузміча, першага дырэктара Талькаўскага лясніцтва: “Талька заўсёды славілася сваім лесам. Заўсёды гэта быў добры прыбытак для усіх. А калі кантору перанеслі ў Тальку, лясніцтва стала вельмі актыўна развівацца. Чыгунка побач, можна лес і прадаваць . Вось і стварылі пільню. Цяжкая была праца. Большасць працаўнікоў былі жанчыны. Зараз, канешне, усё не так. Адны прыезжыя працуюць на пільні. А раней дык паўвёскі нашых працавала.” [8] За месяц у ЦПД перапрацоўваюць 400-500 куб. лесу. З яго вырабляюць будаўнічыя матэрыялы: дошкі, брус, бэлькі, трэскі, пілавінне. Зараз з-за высокага кошту вырабаў прадпрыемства мае цяжкасці са збытам прадукцыі. У ЦПД працуе каля 20 чалавек, у асноўным не жыхары вёскі.
Да ўстаноў сацыяльнай сферы можна аднесці Талькаўскую сярэднюю школу, якая вядзе сваю гісторыю з 1912 года і якую кожны год абяцаюць закрыць як “нетыпавую”, а таксама бальніцу з амбулаторыяй, пошту, клуб ды бібліятэку. Зараз у Тальцы працуе 5 крамаў, з якіх адна гаспадарчых тавараў і 3 прыватныя.
Найбольш стабільна з усіх гэтых прадпрыемстваў працуе Беларуская чыгунка. Больш за 130 год прайшло з таго часу, як яна была пабудавана. Яе ўплыў на эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё вёскі быў вызначальным. Сёння чыгунка дае працу і стабільны заробак значнай колькасці жыхароў Талькі. Тут занята больш за 50 чалавек.
Аграфірма “Верасень” была створана 1 сакавіка 1992 г. на аснове аддзялення “Талька” саўгаса “Залог пяцігодкі”. Гэта была спроба прыстасавацца да новых эканамічных умоў. Аграфірма па статусу з’яўляецца таварыствам з абмежаванай адказнасцю. Акрамя жывёлагадоўлі і раслінаводства тут займаліся лесаапрацоўкай, гандлёва-камерцыйнай дзейнасцю. У аграфірме працавала каля 55 чалавек, 20% працуючых – пенсіянеры. Аграфірме належыць 996 гектараў зямлі, з іх 546 га раллі. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у 1997 г. была 24 ц/га. Глебы небагатыя, бал урадлівасці ніжэй за сярэдні. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 350 галоў. [9] Аграфірма прадавала мяса, малако, збожжа, бульбу, піламатэрыялы.
Сёння аграфірма “Верасень” спыніла сваю працу. Нявыгадна стала вырошчваць збожжа, бульбу, а тым больш прадаваць мяса і малако. Там зараз працуе некалькі чалавек вартаўнікамі, але заробак ім плацяць з вялікімі перабоямі. Вартуюць яны стойлы для жывёл, якія паціху развальваюцца.
Санаторый-прафілакторый “Талька” пачаў працаваць з 1975 г. Рэчка, возера, хваёвы лес, чыстае паветра – усё гэта садзейнічае аздараўленню адпачываючых. Адпачываюць тут чыгуначнікі і члены іх сем’яў. Разлічаны санаторый на 150 чалавек. Тут высокая якасць медыцынскага абслугоўвання, санаторый-прафілакторый лічыцца добрым месцам адпачынку ў нашай краіне. У сярэдзіне 2000-х гадоў тут адбыўся маштабны рамонт. Санаторый знешне набыў сапраўдны еўрапейскі выгляд. [9] На сённяшні дзень большасць адпачываючых – з Расіі.
З цяжкасцю прабіваюць дарогу ў нашай вёсцы новыя формы гаспадарання, рынкавыя адносіны. Было дзве фермерскія гаспадаркі на тэрыторыі сельсавета. У Тальцы – К. П. Федарынчык, у Дзям’янаўцы – Вячаслаў Антонавіч Жыдовіч, але гэта людзі сталага веку, няма ўжо здароўя, неабходнага для працы. [9]
Сельская гаспадарка развіваецца на ўзроўні асабістых падсобных гаспадарак. Прысядзібныя ўчасткі сталі адным са сродкаў выжывання. Людзі паступова пачынаюць разумець, што спадзявацца трэба на свой розум, сілы і працу. [9]
Спадзяванні наконт хуткага рыначнага пераўтварэння вёскі, наконт нацыянальнага адраджэння і культурнага пераўтварэння паступова праходзяць. Хутка, бязбольна дабіцца гэтага не ўдалося.
Аналіз і сістэматызацыя ўспамінаў жыхароў Талькі дазволіла скласці цэласную карціну гістарычных падзей, што адбываліся ў мястэчку цягам 20 стагоддзя. На аснове зробленых вывадаў была створана “мясцовая” перыядызацыя. Жыхары Талькі і вакольных вёсак падзяляюць час не згодна з агульнагістарычнай перыядызацыяй, а на чатыты няроўныя прамежкі часу: “да вайны”, “у вайну”, “пасля вайны”, “сучаснасць”. Таксама былі прааналізаваныя пласты памяці мясцовых жыхароў. Найбольш яскравыя ўспаміны засталіся ад гадоў вайны. Міжваенны час большасць нашых інфармантаў памятае не вельмі добра, бо большасць на той момант былі яшчэ зусім маленькія. Тыя, хто памятае яўрэяў, з задавальненнем распавядаюць і пра іх. Любяць таксама людзі казаць пра школу. Яскрава адбіліся ў памяці калгасы і ўсё, звязанае з імі. Памятаюць і хрушчоўскія гады з кукурузай і вялікімі падаткамі на садовыя дрэвы, але з большай цеплынёй успамінаюць брэжнеўскі час, бо “пачалі плаціць заробкі ў калгасах”. Усе апытаныя добра памятаюць “перастройку”. Апошнія ж 20 гадоў інфарманты не падзяляюць на перыяды.