Пасёлкі “з чыстага аркушу” альбо гісторыя Свіслачы і Дружнага
Свіслацкі пассавет на сёння ўключае ў сабе 2 пасёлкі — пасёлак гарадскога тыпу Свіслач і пасёлак Дружны. Свіслач і Дружны — досыць маладыя населеныя пункты. Абодва з’явіліся на мапе ў звязку з будаўніцтвам новых для Беларусі прадпрыемстваў.
Свіслач узнікла у 60—х гадох ХХ стагоддзя як пасёлак работнікаў Заводу Горнага Воску — на той час напаў сакрэтнага прадпрыемства якое выпускала тарфяны воск для савецкага ВПК.
Пасёлак быў пабудаваны фактычна на голым месцы, сярод лесу. Сярод жыхароў — маладыя хімікі й будаўнікі з усіх куткоў СССР.
У некалькі разоў насельніцтва пассавета вырасла ў 80-я гады калі пачалося будаўніцтва Мінскай Атамнай ЦЭЦ. Узнік пасёлак Дружны.
Мінская ЦЭЦ-5 была запраектавана як атамная станцыя, якая мела за мэту забеспячэнне электрычнай і цеплавой энергіяй горада Мінск. Планавалася, што станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1000.
13 лютага 1981 года Савет Міністраў адводзіць зямлю для пабудовыАтамнай ЦЭЦ. Аднак, афіцыйным “днём нараджэння” станцыі можна лічыць 4 траўня 1982 года, калі Міністр Энэргетыкі СССР выдаў загад № 253 пра стварэнне дырэкцыі Мінскай АЦЭЦ. Дырэктарам быў прызначаны В.І. Шаманоўскі. Практычна адразу пачалося актыўнае будаўніцтва. Ў горадзе Мінску ў новабудоўлях робяцца 2 электрычныя сістэмы: 1 разлічаныя на тагачаснае забеспячэнне і яшчэ адна на патэнцыйнае сілкаванне “атамнай электраэнэргіяй”.
На будоўлю прыцягваецца блізу 3500 чалавек з усіх куткоў тагачаснага СССР. Адметнасцю гэтае будоўлі стала тое, што першыя работы пачаліся не на пляцоўках станцыі, а на будаўніцтве жылых дамоў і аб’ектаў інфраструктуры. Пачалі будаваць тое, што зараз называецца пасёлкам Дружны. Паралельна ў Свіслачы з’яўляецца вуліца Будаўнікоў. Назва кажа сама за сабе — у новых дамох жылі тыя, хто працаваў на будоўлі АЦЭЦ.
Пры будаўніцтве асноўнай праблемай была глеба — пляцоўка фактычна знаходзілася на балоце. У выніку было прынятае рашэнне вывазу рэшты торфу і насыпу “земляной падушкі”. Былі завезены мільёны тон грунтовых парод.
І ўжо ў верасні 1985 года палова пасёлку фактычна была збудавана. Планавалася, што другая палова пачне ўзводзіцца бліжэй да тэрміну здачы станцыі у эксплуатацыю. Пасёлак меў атрымаць выгляд “крылаў матыля”. Другое “крыло” на жаль так і не было адбудавана у сувязі са зменамі планаў, датычных будаўніцтва самой станцыі.
Назву для пасёлка абіралі нетрадыцыйным у тыя часы метадам — быў абвешчаны конкурс сярод школьнікаў. І ў лютым указам прэзідыуму ВС БССР на мапе Беларусі быў зацверджаны пасёлак Дружны.
Да 1985 года на будаўнічай пляцоўцы АЦЭЦ быў скончаны практычна ўвесь падрыхтоўчы цыкла для ўстаноўкі рэактараў. Была ўведзена ў эксплуатацыю пуска-рэзервовая кацельная. На сёння на ёй усталяваныя 4 паравых катла і 1 вадагрэйны.
Аднак ужо ўлетку 1986 года ў звязку з аварыяй на ЧАЭС, будаўніцтва было прыпынена. З верасня 1986 года 1991 будаўніцтва станцыі закансервавана.
У гэты час у пасёлак Дружны і ў Свіслач прыехалі на жыццё 1200 чалавек з горада Прыпяці (Горад-супутнік Чарнобыльскай АЭС). А значная частка калектыву планаванай Беларускай АЦЭЦ быў накіраваны на ліквідацыю наступстваў Чарнобыля.
У 1988 годзе (20.06) прымаецца рашэнне пра узвядзенне на пляцоўцы АЭС ЦЭЦ—5 на арганічным паліве. Аднак рэальнае будаўніцтва было адноўлена толькі ў 90—х гадох. Першы энэргаблок з намінальнай магутнасцю 330 мегават быў запушчаны 4 жніўня 1999 года.