Дзяцінства, якое згарэла

Галіна РУБЛЕЎСКАЯ, г. Мінск.

Мне споўнілася 5 гадоў, калі пачалася вайна. Мы жылі ў вёсцы Люці Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці — у партызанскай зоне. Мая сям’я дапамагала партызанам, дзядуля пабудаваў маленькі млын для іх. Жыццё было неспакойным. Немцы часта наладжвалі аблавы, партызаны ішлі ў лес. У 1943 г. летам немцы на нас зрабілі аблаву, захапілі шмат людзей, не толькі з нашай вёскі. Усіх сагналі ў хату, затым аддзялілі мужчын. У асноўным, гэта былі старыя. Сярод іх быў мой дзядуля. Я хацела пайсці з ім, але немец груба адштурхнуў мяне. У памяць урэзалася карціна: дзядуля зняў са сцяны ікону і, трымаючы яе ў руках, адправіўся пад канвоем на пакутніцкую смерць. Людзі плакалі. У мітусні я схавалася пад лаўкай у сенцах. Немцы пайшлі на другую палову хаты, пачуліся крыкі жанчын. Іх дапытвалі: “Дзе партызаны?”. Пачуліся стрэлы. Я ціхенька пракралася ў сенцы, затым выслізнула на вуліцу і схавалася ў агародзе, у жыце. Да мяне данесліся жахлівыя крыкі, стрэлы, затым успыхнула полымя. У гэтым агні згарэлі 6 чалавек з маёй сям’і. І згарэла маё дзяцінства.

Калі ўсё сціхла, я выйшла са схованкі. Стаю на папялішчы адна. З лесу выйшла некалькі чалавек, якія там хаваліся. Яны спыталі: “Дзе людзі?”. Я маўчала. Мужчыны знайшлі жэрдку, разгрэблі папялішча. Там былі астанкі згарэлых. Мяне ўзяла сваячка, і мы пайшлі ў лес, спалі на голай зямлі. Але мукі пекла на гэтым не скончыліся. Аблавы працягваліся. Нас злавілі ў іншай вёсцы (назвы не памятаю), загналі ў хату, абклалі саломай, паставілі кулямёты. Але прыйшоў немец (відаць, начальнік), адмяніў загад. Маю маці і цётку з дзіцем пагналі ў лагер у Мар’іну Горку.

Пасля лагера яна захварэла на сыпны тыф, ледзь выжыла. А колькі такіх, як я, хто фактычна быў на вайне, ваяваў побач з партызанамі, але не лічыцца яе ўдзельнікам! Мая маці мела дакументы, але ніколі не карысталася льготамі, нічога не прасіла.

Скончылася вайна. Тыя, хто выжыў, вярнуліся на папялішча. Халодныя, галодныя, без даху над галавой. Нам ніхто не дапамагаў — наадварот, абклалі падаткам, забіралі апошні лапаць, і мы пайшлі ў нікуды. Я спрабавала дабіцца справядлівасці, але куды б ні звярталася — сцяна. Спачатку была спроба стварыць фонд “Дзеці вайны”. Спісы складаў Ляшчынскі, але ён не вытрымаў па- датковага прэсінгу, і фонд распаўся. Затым стварылі “Узаемаразуменне і прымірэнне” — фонд аб’ядноўваў і дарослых, і дзяцей. Я прад’явіла дакументы, мяне ўзялі на ўлік, завялі справу. Я атрымала разавую дапамогу. Але, паколькі не хапіла адной даведкі, адправілі дакументы ў архіў.

Трагедыя Хатыні ўсім вядомая. Трэба надаваць увагу ўсім, чый лёс апаліла вайна. Я выступала па радыё (вядзе перадачу В. Стэльмах), пісала ў газеты. Але ўсё глуха. А жыццё падыходзіць да лагічнага завяршэння. Колькі гадоў мінула — ніхто не пацікавіўся маімі перажываннямі. Я часта наведвала месцы ваенных падзей, хадзіла па партызанскіх сцежках. У Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі ёсць матэрыялы аб трагедыі ў Люцях — спісы спаленых. Сярод іх — мае родныя. Часта гутарыла з мясцовымі людзьмі, шмат цікавага даведвалася, што мяне здзівіла. Увогуле, наш голас ніхто не чуе: за ўвесь пасляваенны час нас ніхто не заўважыў. А гэта трэба не мёртвым — гэта трэба жывым.

http://zviazda.by/be/news/20130802/1375452828-dzyacinstva-yakoe-zgarela

02.08.2013 17:13

Advertisements