Менавіта гэты афарызм прыходзіць мне на памяць, калі сёння (праз шмат дзесяцігоддзяў пасля Другой сусветнай вайны) трымаю ў руках унікальны дакумент – Дэпутацкі білет ад 14 красавіка 1940г. дэпутата Смаленскага гарадскога савета Цымановіч Вольгі Іванаўны.
У гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць” Пухавіцкага раёну, выдадзенай у 2003 годзе ў Мінску, на 492 старонцы сярод спісу загінуўшых у часы фашысцкага тэрору партызанаў, падпольшчыкаў згадваецца: “Цымановіч Вольга Іванаўна, нарадзілася ў 1914 годзе, партызанка, загінула ў час блакады ў чэрвені 1944.”
З маленства я чуў ад свайго дзеда, Цехановіча Ігната Несцерава (1902 – 1988) пра легендарную Вольку, маладую жанчыну з вёскі Скобраўка, якая ў часы апошняй вайны бясстрашна арганізоўвала аднавяскоўцаў на дапамогу партызанам, пад носам фашыстаў збірала прадукты і медыкаменты, перадавала іх “у лес”, але была арыштаваная ворагам і загінула.
Я не мог і ўявіць, што праз больш чым дваццаць гадоў пасля расказаў дзеда, буду размаўляць пра легендарную Вольгу з яе дваюраднай сястрой і трымаць у руках дакумент з фотаздымкам і асабістым подпісам падпольшчыцы, дакумент, пад пагрозаю смерці перахаваны ў часы Другой сусветнай вайны, і ашчадна захаваны да нашага часу.
Пра сваю дваюрадную сястру згадвае Вольга Адамаўна Вайцаховіч (Цымановіч), 1923 году нараджэння:
“Вольга Іванаўна Цымановіч даводзілася пляменніцай майму бацьку – Цымановічу Адаму Фамічу. Мы яе называлі папросту: Альжбеціна Волька.
Да вайны Волька працавала настаўніцай у Смаленску. Як пачалася вайна, вярнулася на Радзіму. Адразу ж, як на Пухавіччыне арганізаваўся партызанскі рух, стала партызанскай сувязной (ды хадзіла адчайна!).
Каб часта і не выклікаючы падазрэнняў бываць у Мар’інай Горцы уладкавалася рабіць на шашу. Наладзіла сувязь з доктарам Мар’інагорскай бальніцы (памятаю, ягонае прозвішча – Бабук).
За працу на шашы давалі паёк мукі. Дык яна ў гэтую муку пакладзе шпрыцы, ёд і гэтак пераносіць. Аднойчы нясе поўны мяшэчак медыкаментаў па мар’інагорскай вуліцы, а насустрач па другім баку нямецкі патруль. Дык хоць сэрца замірае, пераходзіць на той бок і смела кажа патрульным: “Гутэн таг”.
Аднойчы прыносіць бінты, друкавальную машынку і гаворыць бацьку: “Запрагай, дзядзька, каня. Трэба адвезці партызанам”. Але як толькі выехалі з вёскі, бачаць – насустрач едзе калона немцаў. Дык бацька падыйшоў да елачак, што раслі ля дарогі, ламае і кладзе ў воз.
Смелая была Волька і ў размове. Неяк сказала дзвюм дзяўчынам, якія хадзілі з паліцаямі гуляць: “Як вы дружыце з гэтымі паліцаямі? Іхнія мундзіры немцамі смуродзяць!”
Колькі разоў ёй казалі: ідзі ў партызаны. Далей заставацца ў падполлі небяспечна. А яна ўсё адкладала.
Аднойчы бацька даведаўся, што прыехалі і распытваюць пра Вольку паліцаі.
Пайшоў перасцерагчы:
-Ідзі ў партызаны. Цябе ўжо пасуць.
-Хто?
– Захарэвіч (паліцай).
– Ой, я яму пастаўлю бутэльку самагонкі, дык ён і адступіцца.
Але як толькі прыйшла ў сваю хату – паліцаі:
– Паедзеш з намі. А не пойдзеш сама, дык мёртвую вынесем. Цяпер і твой “мундзір” будзе немцам смуродзіць!
Павезлі Вольку Цымановіч у напрамку на Бабруйск. Назад яна ўжо не вярнулася. Без маці засталася яе дачка Галя (мела тады 9 год)”…
Угледзьцеся ў цудам ацалелы дакумент легендарнай Волькі (змешчаны на старонцы Фотаздымкі).
Нішто не знікае з таго, чаму нельга знікнуць. Памятаеце Караткевіча?
Зміцер Цехановіч
https://www.facebook.com/profile.php?id=100003953760725&fref=ts