Зямное і вечнае Таісы Бондар

Наталля Пархомчык, Пухавіцкія навіны. 2015-03-04 от 04 марта 2015

“Ад зямнога да вечнага” — так называлася мерапрыемства, якое прайшло ў Мар’інай Горцы знагоды 70-годдзя з дня нараджэння знакамітай беларускай паэтэсыіпразаіка, літаратурнагакрытыкаі перакладчыка, філосафа Таісы Бондар. Яго падрыхтавалі супрацоўнікі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея і цэнтральнай раённай бібіліятэкі. 

Таіса Мікалаеўна Бондар — наша зямлячка. Яна нарадзілася ў пасёлку Рудзенск.  Скончыла Мінскі дзяржаўны падагагічны інстытут замежных моў (зараз Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). З 1970 года пачала выступаць у друку з вершамі. Як паэтэсу яе хваляваў лёс жанчыны, каханне. Як празаіка — цікавілі праблемы адказнасці перад сабой і людзьмі, пошук сэнсу жыцця. І як філосафа — душа чалавека.

Сваю творчую дзейнасць Таіса Бондар  паспяхова спалучала з працоўнай: была загадчыкам аддзела культуры, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Беларусь”,  галоўным рэдактарам часопіса “Всемирная литература”, дырэктарам рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”.  Займалася перакладамі  — перакладала з малдаўскай, румын-скай і англійскай моў. Таіса Мікалаеўна — лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Нажаль, у 2005 годзе яна пайшла з жыцця. Але засталася яе цудоўная літаратурная і філасофская спадчына. І памяць аб таленавітай паэтэсе і пісьменніцы шануюць усе аматары беларускай літаратуры. У гэтыя дні, напрыклад, у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы працуе выстава “Свабода творчасці”, прысвечаная юбілею Таісы Бондар.

Выставы кніг знакамітай зямлячкі праходзяць і ва ўсіх бібліятэках Пухаўшчыны. А супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі слайд-фільм “Ад зямнога да вечнага”, які пабачылі ўдзельнікі мерапрыемства, што праходзіла ў раённым цэнтры культуры.

Факты, з якіх складаўся слайд-фільм, дапоўніла Алена Толкач — складальнік зборніка паэзіі Таісы Бондар “Спрадвечныя сцежкі”, што быў выдадзены Выдавецкім домам “Звязда” якраз напярэдадні юбілею Таісы Мікалаеўны. Яна спецыяльна прыехала ў госці да пухаўчан, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаёмства з цудоўнай жанчынай і таленавітым літаратарам, расказаць, як ушаноўваецца яе памяць. Размова ішла і аб асаблівасцях кнігі “Спрадвечныя сцежкі”,  і аб тым, чым сучаснаму чалавеку могуць быць цікавыя творы Таісы Бондар. Напрыканцы сустрэчы Алена Толкач падаравала экзэмпляр “Спрадвечных сцежак” раённаму краязнаўчаму музею. А дырэктар музея Аляксандр Прановіч выказаў спадзяванне, што гэта кніга ў хуткім часе з’явіцца ва ўсіх бібліятэках раёна.