Гісторыя па метрычных кнігах / Скобраўка

Найкаштоўнай крыніцай вывучэння мінулага Скобраўкі з’яўляюцца метрычныя кнігі Блоньскай царквы, да прыходу якой адносіцца гэтая вёска. Досыць унікальным для Беларусі фактам з’яўляецца сама захаванасць метрычных кніг ажно з 1738 году (!).

Сёння гэтыя метрычныя кнігі даступныя для знаёмства ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Неабходна зазначыць, што ў часы, калі Блоньская царква была ўніяцкай (да другой чвэрці 19 стагоддзя) метрычныя кнігі вяліся на польскай мове. Аднак мелі і адзінкавыя запісы па-царкоўнаславянску, а таксама звычайна перадавалі імёны і прозвішчы па-беларуску, але лацінскімі літарамі.
У пазнейшыя часы, калі царква стала праваслаўнай – метрычныя кнігі вяліся на рускай мове, імёны падаваліся не ў народнай традыцыі, а ў традыцыі царкоўнаславянскай мовы вялікарускай рэдакцыі (да прыкладу, Тамаш (Tomasz) стаў пісацца – Фома).
Неабходна адзначыць, што ў метрычных кнігах пазначаліся не толькі стандартныя метрычныя звесткі (пра нараджэнне, хрышчэнне, шлюб, смерць), але і іншая каштоўная інфармацыя: да прыкладу, спісы жыхароў населеных пунктаў (фактычна дадзеныя перапісу насельніцтва).
Адзін з такіх перапісаў (амаль 250-гадовай даўніны!) выяўлены мною і датуецца 20.01.1774. Дакумент называецца “Рэгістр асоб жывых парафіі Блоньскай, што ўключае ў сябе хаты і асобаў, што пражываюць у хатах… створаны стараннем айца Тэадора Вярыгі, пароха Царквы Блоньскай у месяцы студзені 20 дня 1774 году”.
Рэгістр пачынаецца спісам жыхароў Блоні (79 хат разам з Зарэччам). Наступнай у спісе ідзе Слабодка Скобраўка з 13 хатамі. Надзвычай цікавым з’яўляецца тое, што ў 1774 годзе Скобраўка была Слабодкай – гэта значыць у ёй жылі вольныя гаспадары, якія не залежалі ні ад якога пана.
Спіс складзены лацінскім алфавітам на мяшанай польска-беларускай мове: крэўныя і сваяцкія сувязі пададзены па-польску, прозвішчы ды імёны запісаныя па-беларуску (відавочна – са слоў перапісваемых жыхароў). Спіс пачынаецца з імя і прозвішча гаспадара (імя па бацьку для беларусаў у тыя часы не было традыцыйным, таму не пісалася), далей пералічаецца сям’я гаспадара, што пражывала з ім у адной хаце.
Прывяду поўны спіс жыхароў Слабодкі Скобраўкі з Рэгістру, паказваючы імёны і прозвішчы кірыліцай, але ў першапачатковым запісанні, максімальна набліжана да арыгіналу (нахіленым шрыфтам пададзены мае тлумачэнні):
1 хата:
Пётр Вайцеховіч
Жана Ганна
Сын Янка
Жана (сынава) Аўдзіюха (імя незвычайнае, але ў арыгінале – Audziucha; паколькі шэраг імёнаў маюць і жаночую, і мужчынскую форму, походзіць відаць, ад мужчынскага імя Аўдзей)
Дачка Кацерына
Дачка Тацяна
Дачка Аксінія
2 хата (відаць гэтая сям’я з вёскі неўзабаве з’ехала, паколькі жыхары гэтай хаты пры пазнейшай выверцы спісу былі выкрасленыя):
Левон Суднік
Жана Агата
Дачка Магдалена
3 хата:
Кандрат Цімановіч
жана Грыпіна
сын Аўрам
сын Мікалай
дачка Маланя
дачка Настуся
дачка Алена
4 хата:
Юрка Васілеўскі
жана Вера
прымак Даніло
жана Агата (крыху далей насупраць запісана і закрэслена імя Аўдоцця)
сын Базыль
дачка Дарота
маці Настасся (відавочна старэнькая мама гаспадара Юркі Васілеўскага)
5 хата:
Хведор Хведорынчык
жана Хадора
дачка Мар’я
сын жаны Янка
6 хата:
Самусь Хведарынчык
жана Аўдзіюха
брат Тамаш
жана (Тамашова) Уліта
сын Клім
сын Ігнат
7 хата:
Агапа Земковіч (у арыгінале па-польску Ziemkoviczova)
сын Давыд
сын Марцін
сын Андрэй
сын Наум
8 хата:
Левон Гуткоўскі
жана Ганна
сын Якоў
сын Ёзэф (у арыгінале – Jozef; відавочна, гэта на польскі лад запісанае беларускае імя Язэп)
брат Грышко
жана (братава) Параска
сын Паўлюк
сын Кандрат
9 хата:
Станіслаў Гуткоўскі
жана Ганна
прымак Сцепан
жана Паладдзя
брат Паўлюк
сястра Малання
10 хата:
Васіль Цімановіч
жана Аўдзіюха
сын Ісай
дачка Агапа
брат Якоў
жана Зіноўя
дачка Агата
11 хата:
Сцепан Зубоўскі
жана Улляна
сын Іван
сын Тамаш (імя пададзена не зусім разборліва ці з памылкай)
дачка Аўдзіюха
дачка Мар’яна
сястра Кацерына
12 хата:
Геляр (варыянт імя Гілярый?) Зубоўскі
жана Хрысціна (імя блага чытаецца; насупраць напісаны два імені, адно з іх закрэслена)
сястра Аўдоцця
брат Аляксей
сястра Агата
13 хата:
Ясь Ганчарык
жана Параска
сын Тамаш
сын Тадэуш
дачка Хрысціна
дачка Аўдзіюха
брат Даніло
жана Хадора
сын Геляр
дачка Настуся
Разам спіс жыхароў Слабодкі Скобраўкі ў 1774 годзе налічвае 82 асобы, 41 – мужчынскага полу і дакладна столькі ж – жаночага.