Расчыняліся, рыпалі дзверы… (Аркадзь Моркаўка)

Аркадзь Андрэевіч Моркаўка (26 студзеня 1900 Зазер’е – 24 красавіка 1957 Мінск ) — беларускі паэт.

Расчыняліся, рыпалі дзверы…

Расчыняліся, рыпалі дзверы,
Сівы дзень косы рэдкія плёў.
Развітацца… далёкая Мэры,
Ці зазвонім зноў чаркамі слоў?

Дагарала, мігалася свечка,
Ткаў апошнюю казку раяль.
Не казала: маім будзеш вечна.
Не казаў: будзеш вечна мая.

Каб валос тваіх светлую пражу
Развязаць – увесь свет замяло б.
Можа, музыка й песня раскажа,
Што аднойчы гарэла, цвіло.

За вакном – скамянелыя дрэвы,
А на шкле зацвіталі сады.
І, здавалася, белая Ева
Серабром вышывала сляды.

А на шкле – недатканы матылік
І крыштальны уток павука…
Каб такія вялізныя крыллі,
І не грубая ў хлопца рука!

(1927)

Чытаць цалкам:  http://vershy.ru/content/raschynyal%D1%96sya-rypal%D1%96-dzvery

Advertisements