У 1933 годзе ў вёсцы Скобраўка быў створаны калгас імя Калініна. 04.08.1933 пухавіцкая газета “За калгасы” змясціла нататку “Калгас імя Калініна падрыхтаваным распачаў уборку зернавых”.
У нататцы пісалася (тут і далей захоўваю арфаграфію перыядычнага друку):
“На працу калгасьнікі выходзяць у 7 гадзін раніцы і без спазьненьняў. За ўсю ўборачную сена і праполачную – ніводнага прагулу не зарэгістравана. Жанчыны гэтак сама ўдарна ўсе выходзяць на працу таму што ясьлі працуюць добра і дзеці ў доглядзе.
Праполка агроду на плошчы 3,5 га закончана другі раз. Лён і пшаніца адзін раз. Ахова калгаснага ўраджаю пастаўлена добра. Палявым сторажам працуе калгасьнік Цымановіч Адам, які да сваіх абавязкаў адносіцца добрасумленна. На час, калі была канюшына на полі – быў вылучаны спэцыяльны чалавек, які толькі і пільнаваў канюшыну.
На касьбе працуюць 2 брыгады, якія паміж сабой заключылі сацспаборніцтва. Лепшымі ўдарнікамі ў першай брыгадзе зьяўляюцца: Федарынчык Віктар, Крэмень Іван і Верашчака Алесь і ў другой – Федарынчык Адам і Федарынчык Сымон. На 25-га ліпеня з 240 га сенажаці ўбрана і застагавана 180 га. Канюшына ў ліку 30 га ўбрана ўся.
Дзякуючы добрым адносінам да сваёй працы кладаўшчыка Надольскага Янкі сьвірны і гумны калгасу поўнасьцю гатовы да складаньня і ссыпаньня новага ўраджаю”.
Падобны рэпартаж пра поспехі калгаса “Вынікі ўдарнай работы” змясціла газета “Сцяг комунізма” 30.08.1939:
“На шырокай вуліцы калгаса імені Калініна, Блоньскага сельсовета не сустрэнеш ніводнага працаздольнага чалавека. Яны ўсе як адзін старанна працуюць на калгаснызх палях.
Знамянальную дату чацьвертай гадавіны стаханаўскага руху калгаснікі адзначаюць поўным завяршэннем ўборкі ўраджаю. Стаханаўцы таварышы Верашчака Алесь, Дударчык Іван, працаваўшыя на жняярках штодзённа перавыконвалі норму на 150-200 процантаў. Старанна, па-майстэрску калгасны каваль тав.Ленскі аказваў вялікую дапамогу жняярам ў дэталёвым аглядзе кожны дзень спраўнасці машын.
Калгас дабіўся вялікіх поспехаў у гаспадарчай рабоце дзякуючы таму, што з першых дзён уборкі ўраджаю была зроблена правільная расстаноўка рабочай сілы і ўведзена індывідуальная здзельшчына. Стаханаўкі ў час уборкі высокага ўраджаю калгасніцы Цымановіч Марыя, Цымановіч Алеся і Надольская Ольга выконвалі дзённыя нормы выпрацоўкі на 150 і больш процантаў. Возчыкі снапоў таварышы Федарынчык Іван, Ленскі Рыгор таксама значна перавыконвалі нормы.
На аснове разгортвання соцыялістычнага спаборніцтва паміж брыгадамі і звеннямі калгас арганізаваў кругласутачную малацьбу, што забяспечыла сваечасовы і поўны разлік па зернапастаўках з дзяржавай, здачы вялікай колькасці натураплаты за работу МТС.
Вялікай пашанай карыстаецца ільнаводства ў калгасе. Звенні тав. Цымановіч Алесі і Федарынчык Аксені ў гэтым годзе дабіліся высокага ўраджаю ільна. Яшчэ з пачатку вясны яны старанна даглядалі за ростам ільна. Правялі ўзорна церабленне і расціл яго.”
Але, вядома ж, не ўсё было такім бясхмарным у тыя няпростыя часы.
21.04.1934 газета “За калгасы” пад грознаю рубрыкай “Заслужаны ўдар па сабатажніках” змяшчала нступнае паведамленне: “За парушэнне пастаноў партыі і ўраду аб тэрмінах і якасці сяўбы … старшыням калгасаў імя Калініна Блонскага сельсовета – Матусу, “Совецкая Беларусь” Рудзенскага сельсовета – Ждановічу і стршыні калгаса “1- годдзе БССР” Цытвянскага сельсовета – Піскуну абвешчана суровая вымова”.
03.01.1935 газета “За калгасы” змяшчае крытычную нататку без подпісу “Праверыць работу нашай школы”:
“Калгас імя Калініна Блоньскага сельсовета, мае сваю 4-гадовую школу. Але ў гэтай школе няма ніякага парадку. Настаўнік Катлінскі вучняў у школе трымае з 9 гаддзін раніцы да 5-6 гаддзін вечара без усякага адпачынку. У часе лекцый ён не займаецца з вучнямі, а робіць сваю работу.
Апрача гэтага, Катлінскі б’е вучняў, лічачы гэта лепшым метадам выхавання.
Райана павінен праверыць работу школы і навесці там парадак”.
24.03.1937 газета “За калгасы” змяшчае ананімны разгромны артыкул “Шкоднае зазнайства”. Пачаўшы з таго, што, – “Калгас імя Калініна з’яўляецца адным з перадавых калгасаў у раёне. У калгасе атрыман вялікі ўраджай у 1936 годзе.” – аўтар перайшоў да разгромнай крытыкі кіраўніцтва калгаса. Тут і сумасныя п’янкі, дзякуючы якім “розныя прахадзімцы атрымоўваюць давер’е”, тут і раскраданне калгаснага дабра (“Нават сам старшыня калгаса ўдзельнічае ў гэтым.”), тут і абважванне кагласнікаў пры выдачы заробленага збожжа, тут і кампраментацыя стаханаўцаў. З увагі на тое, што артыкул быў напісаны ў сумнавядомым сталінскімі рэпрэсіямі 1937 годзе, не даю тут імёны ды прозвішчы і абмяжоўваюся толькі агульным зместам артыкула.