Тэстамент Настассі Глушкевічоўны, суцінскай шляхцянкі 17 ст.

Віктар Крэс знайшоў у Гістарычным архіве Беларусі, прачытаў і пераказаў нам.

Тэстамент Настассі  Глушкевічоўны, у першым шлюбе жонкі Канстаціна Рафала Барэйшы, адкрывае новую, дагэтуль невядомую старонку ў гісторыі былой шляхецкай аколіцы Суцін. У адрозненне ад большасці тэстаментаў, напісаных нашымі продкамі ў тыя старажытныя часы і вядомых зараз, гэты  падаецца як гісторыя жанчыны  з няпростым чалавечым лёсам, напрыканцы свайго жыцця апавядаючая нам, сённяшнім, пра сябе, пра сваю сямью, пра складанасці чалавечых адносін. Пераклад з польскай мовы, на якой напісаны гэты дакумент, даецца не даслоўным, а адаптаваным да сучаснага прачытання.

У 1727 годзе, 3 верасня, перад мной, Андрэем Бенедыктам Карніцкім, падстарастам судовым Менскага ваяводства, ад Яснавяльможнага пана Ігнацы графа на Бакштах Завішы, мечнага ВКЛ, суддзі Менскага ваяводства, стаў пан Стэфан Сікелеўскі з тэстаментам памерлай пані Настассі Глушкевічоўны, у першым шлюбе за панам Канстанцінам Рафалам Барэйшай, у другім шлюбе за панам Мікалаем Няверскім.

…У імя Айца, Сына і Духа Святога… пайшла я замуж за Кастанціна Рафала Барэйшу ў 1654 годзе, калі Масква Вільню ўзяла, на той час муж запісаў мне 6000 злотых на палову Суціна, які, (Суцін), з родным братам  мужа Тэадорам Ежы Барэйшам, быў напалам у маёмасць падзелены. Была замужам 15 гадоў, да яго смерці, потым зрабіла запіс нашчадкам, каб спадчыну падзяліць у роўных частках: старэйшай дачцэ Ганне Барэйшы, якая замужам за Войцехам Янкоўскім і самаму пану Янкоўскаму, і сынам іх пану Юзафу, і пану Казіміру — 1500 злотых. Другой дачцэ, Тэадоры Барэйшы, у першым шлюбе за панам Станіславам Кержанскім, а зараз замужам за панам Стэфанам Метрыкевічам: 1500 злотых самому пану Стэфану Метрыкевічу і сынам Аляксандру, Францішку, Канстанціну і дочкам. Трэцяму, пану Петру Петрашкевічу, які нарадзіўся ад Барэйшанкі дачкі маёй — 1500 злотых, але толькі каб сам там жыў, ніколі не прадаваў маёмасць нікому акрамя сваіх братоў і цётак.

Напісала ўсё верна, і ніхто не пакажа ніводнай літары на маёмасць Суцін  у тых 6000 злотых  унёску майго. З тым і паміраю, і дадаю ў той астатняй волі маёй…  Дзевера майго, брата мужа Тэадора Ежы Барэйшу, які мяне ўсялякімі спосабамі губіў, выганяў і забіраў ад уласнасці маёй мне належачай, так і ад сумы мне ўнесенай 6000 злотых на Суцін, забіраў сабе ўсё дабро,  мне застаўшаеся па памерламу мужу майму. Не маючы магчымасці даць яму адпор, я шукала ў Менскім судзе сабе абаронцаў. Адазваўся пан Андрэй Рэкуць, на той час быўшы ў Мінску. І я прадала унёсак свой, 6000 злотых, пану Рэкуцю, але грошай ён не даў, а даў абліг, абяцаючы за 6 тыдняў прывезці гэтую суму. Чакала, чакала і не дачакалася. Адпісаўся, што няма грошай.

Пан Касцюшка, швагер ужо памерлага на той час пана Рэкуця, як апякун жонкі і дзяцей памерлага, сказаў, што пан Рэкуць грошай не пакінуў і абяцаў вярнуць дакумент аблігі абратна. Але я, ужо нікому не верачы, паехала да Кейдан, да Губернатара Кейданскага. Па маім вяртанні пан Касцюшка ўсё аддаў. Але праз пэўны час прыязджае да мяне старэйшы сын памерлага пана Рэкуця і патрабуе грошай, але я адшукала дакументы ад пана Касцюшкі і грошай не дала. Пан Касцюшка- вуй (дядзька) для мяне і старэйшага сына пана Рэкуця.

…Пан Ежы Барэйша- бацька майго мужа, мой свёкар, набыў Суцін у пана Войцеха Замойскага, за які даў 8000 злотых, а ад другога, пана Кушлянца, набыў палову пятай службы, за 70 коп грошай у тым жа Суціне. Памерлы на гэты час пан Ежы Барэйша жыў у Суціне 20 гадоў, як уладальнік  сваёй маёмасці, пасля смерці пакінуў 2 сыноў як гаспадароў гэтай маёмасці — Канстанціна Рафала і Тэадора Ежы Барэйшаў. Зараз я жыву, у свой час пайшоўшы замуж за ўжо памерлага пана Канстанціна Рафала Барэйшу, маю 70 гадоў,  і ніхто не скажа што Барэйшы камусьці могуць быць вінны, і я таксама нікому не вінна, з тым і паміраю.

У гэтым жа тэстаменце мае 1500 злотых, на тым жа Суціне, даю дачцэ маёй Еве Барэйшы ў шлюбе з панам Мікалаем Петрашкевічам, як чацвёртую частку грунта ў Суціне… жычліваму ўнуку пану Стэфану Сікілеўскаму і яго жонцы пані Марыяне Метрыкевіч запісваем тыя 1500 злотых.

Подпісы сведкаў (печэнтажаў)      Міхал Скіндзер

Габрыел Вавжынец Касачэцкі

Ян Шандрон

Крыніцы: НГАБ, Мінскі гродскі суд, ф.1721, в.1, с.9, с.1330-1333 аб.

Віктар Крэс, wiktorkress@tut.by

http://talka.info/?p=816