Ляхоўскі Уладзімір. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919-1920 гг. – ІГУМЕНСКІ ПАВЕТ

У Беларускую Школьную Раду Меншчыны Часовага інструктара Беларускага Нацыянальнага Камітэту Арэхва Лукаша

Даклад

Будучы высланым у сакавіку Беларускім Нацыянальным Камітэтам па справам коаператыўным у Пухавіцкую. i Пагарэльскую воласьці Ігуменскага павету, я, між іншым, азнаёміўся з школьнай справай, а таксама з агульным асьведамленьнем у адносінах да беларускага руху ў гэтых валасьцёх.

Аб усём гэтым мушу сказаць ніжэйпісанае:

1) Як у Пухавіцкай, так i Пагарэльскай воласьцях істнуюць да гэтага часу толькі расейскія школы; у некалькіх слабадах, галоўным чынам там, гдзе жыхары каталікі, у астатні момант адчынены польскія школы. Беларускіх у абедзьвух воласьцях зусім няма.

2) Інтэлігенцыі на вёсках, а асабліва ў мястэчках вышэйназванага раёну, ёсьць шмат, але яна мала ведае, што робіцца на белым сьвеце. Газэты туды даходзяць рэдка, а калі ж здарыцца каму прачытаць якую-кольвек часопісь, то толькі тады, як гэты нумар прывязуць непасрэдна з Менску. Пошта існуе толькі на ст. Пухавічы i Асіповічах, але яна абслугоўвае толькі вайсковыя i цывільныя ўрады. Польскай уладай гэта інтэлігенцыя настолькі тэрарызыравана, што асобныя адзінкі баяцца нос высунуць далей парога сваёй хаты. Зразумела, што ініцыятывы ў якой бы толькі працы ад яе чакаць нечага. Есьць, праўда, некалькі здарэньняў, гдзе мяйсцовая інтэлігенцыя, галоўным чынам моладзь, прымае які-кольвек удзел у культурнай працы. Самай даступнай працай у такіх здарэньнях зьяўляецца коаператыўная праца i праца ў полуафіцыяльных культурна-прасьветных гуртках (Пухавічы, Пагарэлае, Лапічы). Што тычыцца яе адносін да беларускага руху, то большасьць вельмі прыхільна глядзіць, але рабіць штокольвек у гэтым напрамку баіцца, «дабы не спешэшэстваваць» (буквальна!) у Ігумен альбо у Менск без сваёй на гэта згоды.

3) Настаўніцтва істнуючых школ пойдзе на сустрэчу беларускай школе, але пастольку, паскольку гэта зьявіцца немінуючым дзеля кавалка хлеба. Мая прэдасьцярога памятаваць аб тым, што расейскія школы з новага вучэбнага году польскай уладай могуць быць зачынены i на ix мейсцах адчыняцца польскія школы, шмат каго з ix патрывожыла, тым болей, што з боку польскага школьнага інспэктарыяту ў гэтым сэнсе ужо трохі зроблена; так, напрыклад, усім вучыцелям, гдзе пабываў ігуменскі школьны інспэктар, было дадзена да ведама, што ўлетку гэтага году ў Ігумені будуць польскія настаўніцкія курсы, на якіх трэба будзе пабываць усім вучашчым; школьныя будынкі, асабліва гдзе яны збудаваны спецыяльна пад школы, вельмі падробна абгледжаны, шмат у якіх школах уведзены лекцыі польскай мовы, а ў нікаторых польскія сьпевы i г. д. Усё гэта вельмі стасавалася з маёй прэдасьцярогай i заставіла шмат з каго запытацца: «А Беларускія курсы для вучыцеляў будуць?» I ўсё ж такі, нягледзячы ні на што, мне думаецца, што із-за страху «спешэшэстваваць» ніхто з ix для беларускай школы нічога не зробіць. Есьць i такія, якія па сваім перакананьням зьяўляюцца прыхільнікамі толькі расейскай школы i беларускую школу лічаць немажлівай да істнаваньня (Осіпаў з вёскі Вялікія Каменічы, настаўніца Заборскай школы… i інш.).

4) Большасьць сялянства глядзіць на беларускую школу вельмі прыхільна, асабліва праваслаўнае сялянства. Калі й сустрэня беларуская школа гдзе-кольвек праціўнікаў між сялян, то толькі альбо пад знакам антыбеларускай інтэлігенцыі, альбо дзеля таго, што з расейскай школаю яны зжыліся, а беларуская школа зьяўляецца для ix зусім новай рэччу.

5) Беларускія школы, па моему перакананьню могуць быць адчынены вось у якіх мейсцах:

а) веска Балоча (Пухавіцкай вол.)…

б) веска Снусьцік (Пагарэльскай вол.)…

в) Лочын (Пагарэльскай вол.). Школы зусім няма, а патрэбнасьць у ёй вялікая…

г) с. Пагарэлае. Есьць 3-камплектная расейская школа. Істнуе полулегальны гурток. Інтэлігенцыі шмат, але з беларускім рухам яна мала асьведамлена. Патрэбна вялікая i ўмелая праца, каб ідэю беларускай школы правесьці у жыцьцё. Вельмі патрэбна літаратура як школьная, так i агульная;

д) веска Вялікія Каменічы (Пагарэльскай вол.)… Настаўнік Осіпаў – шчыры прыхільнік расейскай школы. З беларускай школай памірыцца «только как с неминуемой неприятностью». Польскую мову выкладае вучыцелька з слабады Казімерава, якая «знайшла патрэбным вучыць дзяцей польскім сьпевам»;

е) Лазовая (Пагарэльская вол.)…

ж) в. Вязаўніца (Пагарэльскай вол.)…

з) Кабылянка (Пагарэльскай вол.)…

і) в. Халуі (Пагарэльскай вол.)…

к) Хімкі (Пагарэльскай вол.)…

л) Вязье (Пагарэльскай вол.)…

м) Заборск (Пагарэльскай вол.).,.

н) м. Лапічы. Есьць 3-камплектная школа. Мейсцовая інтэлігенцыя вельмі слаба адчувае свае нацыянальныя абавязкі. Калі такі момэнт, як адчыненьне беларускіх школ, настане, то мейсцовая настаўніца згодзіцца з ім, але мала надзеі, каб яна працавала шчыра… Грамадзяне вельмі сапсуты бальшавізмам, а яшчэ болей агульнай некультурнасцю. Людзей, якія маглі карыстацца даверыем грамадзян мала, тых жа, якія працавалі, напрыклад, у коаперацыі, дэмагогі, сябе скампраметавалі i ў душах сялянства падарвалі да ix усякае даверые. Тут патрэбна таксама, калі ня больш як у Негарэлым, доўгая i настойлівая праца;

о) м. Пухавічы. Есьць пачатковая школа, ёсьць гімназія i польская школа. Настаўніца можа i працавала у беларускім кірунку, але яна жыве i чакае кожны момант, што прыдуць i арыштуюць, загоняць туды, адкуль вярнуцца трудна. Есьць культурна-прасьветны гурток, які складаецца з мейсцовай моладзі. Гурток хоча зрабіць кіоск дзеля прадажы беларускіх кніжак i газэт…

6) Дзеля разьвіцьця беларускай школы ў вышэйпамянутым раёне, немінуча мець там больш-менш сталага працаўніка, якога камандыраваць ад Беларускага Нацыянальнага Камітэту, даўшы яму на магчымасьць шырокія паўнамоцтвы. Патрэбна, каб ён аб’ехаў увесь раён дзеля стварэньня прыгавораў сялянамі аб адчыненьні беларускіх школ як замест расейскіх, так i новых. Літаратуры, як школьнай, так i агульнай, чым болей! Без кніжак, якія змогуць агітаваць самі за сябе, на вёску ехаць нечага. Толькi паказаўшы селяніну школьную i іншую літаратуру, можна разьбіць яго косны погляд, што на яго «мужыцкай» мове нічога добрага быць ня можа. Селянін лічыцца толькі з тым, што надрукавана, усё іншае зьяўляецца для яго рэччу, на каторую ня варта зьвяртаць увагу.

31.3.1920 г. г. Менск.

Часовы Інструктар Беларускага Нацыянальнага Камітэту Лукаш Арэхва.

Прыгавор

грамадзян Пухавіцкага Таварыства Ігуменскага павету Мінскай губерні

Мы, ніжэй падпісаўшыеся грамадзяне мястэчка Пухавіч i ваколіц, пастанавілі рэарганізаваць усе быўшыя ў м. Пухавічах расейскія школы: Царкоўна-прыхадскую двухкласовую, народна-міністэрскую i земскую пачатковую, усяго 6 камплектаў у Беларуска-нацыянальныя школы, дзеля чаго ўпаўнаважваем прэдстаўніка, выбранага намі, паручніка Беларускага войска, Пана Махарэнко-Радзеўскага Аляксандра, паклапаціцца перад Школьнай Беларускай Радай i Нацыянальным Камітэтам прызнаць вышэйазначаныя школы Беларускімі з гэтага 1920 году i таксама нашых старых настаўнікаў i настаўніц, каторыя павінны прайсьці курсы Беларусазнаўства, у чым i сьведчым сваімі ўласнымі подпісамі: М. Яворскі, I. Кульчыцкі, А. Лабуш, І. Войціч, Л. Кульчыцкі, К. Рудзікоўскі, П. Варашуха, I. Лабуш, С. Ковень… (усяго 120 подпісаў). 13.6.1920 г.

У Школьную Раду Меншчыны Беларускае моладзі вёскі Скрыля Цітаўскай воласьці Ігуменскага павету Менскай губерні

Прозьба

Скрылеўская моладзь у ліку 50 чалавек мушчын i жанок мае вельмі вялікую ахвоту дзеля культурнага свайго разьвіцьця адчыніць у сваёй вёсцы беларускі гурток моладзі. Дзеля гэтага Скрылеўская моладзь вельмі просіць Менскую Раду прыняць, якія трэба дзеля гэтага меры, каб адчыніць такі ў вёсцы Скрылі Беларускі гурток моладзі, з правам ва ўсякае время ставіць спектаклі на беларускім i рускім языках, адкрыць сваю обчыскую бібліятэку, адкрыць курсы ці васкрэсную школу дзеля навучэньня ўзрослых грамаце i т. д. Затым просім прыслаць цэраз нашага прадставіцеля ўстаў i на пачатак дзела адпусьціць кніжак у бібліотэку.

Подпісы жыхароў вёскі Скрыля, якіе жадаюць адчыніць гурток: Я. Ляпіч, Вікенці Сікорскі, Надзея Стральцова, Стэфаніда Самсонік, Зося Белабровік, Марыя Савайтан, Сьцяпан Буцкевіч, Іван Стрэльскі… (усяго падпісалася 22 чалавекі).

У Школьную Цэнтральную Раду Меншчыны

Пры аб’ездзе свайго вучастка па Ігуменскаму павету мне здарылася толькі адна беларуская школа ў маёнтку Кухцічах, Уздзенскай воласьці. Школа гэта прыватная, яна адчынена на кошт княгіні Радзівіл-Красінскай. Знаходзіцца яна – гэтая школа ў будынку княгіні, будынак добры. Усіх вучняў лічыцца 31, яны як належыць ходзяць. Усё патрэбнае: пёркі, паперу, кнігі i іншыя рэчы даюцца вучням на шчот княгіні. Настаўніца пэнсію адтрымлівае i розныя выдаткі гэтак сама.

Настаўніца школы Зофія Мархель скончыла беларускія курсы. Істнуюць 3 групы. Педагагічная справа пастаўлена добра. Дысцыпліна падтрымліваецца. Вучні многа прайшлі, пішуць без памылак дыктоўку, добра чытаюць i знаюць шмат вершаў, гэтак сама вучаць гісторыю Беларусі i геаграфію. Есьць карта, i яны безпамылкова паказваюць граніцы нашых суседзяў. Старшэйшая група ўмеець скланяць i ведае часьці рэчы. Нацыянальны бок у школі гэтак сама добра. Выкладаецца ўсё па-беларускі, вучні так сама без памылак адказваюць. Трохі недахват у кнігах, але ўсё ж такі ёсьць неколькі граматык, задачнікаў i інш.

Пры аб’ездзе па вызначанай мне частцы павету я заходзіў у расейскія школы, дзе згаджаўся з настаўнікамі i ў гэтых школах вёў урокі беларускай мовы, знаёміў з гісторыяй, геаграфіяй i народнымі беларускімі творамі вучняў. Гэткія ўрокі я рабіў у вёсцы Нізок Уздзенскай воласьці, Камені, мястэчку Магільным i інш. мейсцах. Дзеці надта іцкавіліся, у ix – вясковая чыстая беларуская душа, але яны нічога яшчэ ні чулі пра нашы народныя творы. Ix вельмі цікавіць родная мова. Цяпер у школах праца беларуская пойдзе шмат лепш. Настаўнікі зацікавіліся самі: яны скрозь увайшлі ў культурна-прасьветныя гурткі, вёскі будуць мець сваі бібліятэчкі, і, як я думаю, яны павінны карыстацца нашымі творамі i пашыраць ix у школах. Сяляне гэтак сама будуць знаёміцца з нашым друкам i прыхільна аднясуцца, калі будуць адкрывацца беларускія школы. Але на адкрыцьцё школ заўсюды павінны прыязджаць інструктар, які ўжо больш практычны ў гэтай справе. Каб хутчэй пайшла гэтая праца, трэба што-небудзь даць гэтым школам, чаго не палучаюць дру’гія школы, напрыклад, кнігі-падручнікі i інш.

Красавік 1920 г.

Інструктар Тамаш Гаўрыловіч.

У Беларускі Нацыянальны Камітэт Інструктара Рунца

Даклад

Паехаўшы з Менску ў чэрвені гэтага году ў Ігуменскі павет дзеля нацыянальнай працы, я да гэтага часу ўсьпеў аб’ехаць вось якія воласьці: Дудзіцкую, Цітаўскую, Шацкую, Пярэжарскую. У Дудзіцкай воласьці нацыянальная сьвядомасьць пакуль што стаіць ня вельмі добра, але, дзякуючы таму, што там былі сьвядомыя беларускія дзеячы (Кудзелька, Гаўрыловіч i др.), яна стала пашырацца i цяпер з кожным днём расьце наогул станоўча ў вёсках – Асацэ, Крыстанпольлі, Грабені, Бахаравічах, Цепляні, Банамутавічах, сяляне надта зацікаўлены беларускай справай. Пытаюцца пра беларускія школы i беларускае войска. У Бахаравічах ужо ёсьць беларуская школа, адчыненая зімою, i сяляне гэтай надта вялікай вёскі (больш як 200 двароў) надта задаволены беларускай школай, бо ім доўгі час ніяк не ўдавалася адчыніць школу, як яны кажуць, на казённы кошт. Пытаюцца ўсюды пра Беларускае войска. Цікавяцца, з кім яно ваяваць будзе, i калі я ім растлумачваў, што беларускае войска будзе ваяваць з усімі, хто будзе ісьці на Беларусь, яны засталіся задаволенымі i сказалі, што надта будзе добра як будзе ў нас сваё гаспадарства. У мястэчку Дудзічах я залажыў культурна-прасьветны гурток «Сявец». Старшынёю гуртка выбран Хадыка, сьвядомы беларус i добры мастак. У вёсцы Крыстанпольлі абяцаў адкрыць беларускую школу, бо цяпер я ня меў належачай паперы. Веска гэта так сама вялікая, але школы няма. Была зімою школа, але існавала прыватна. Трэба праўдзіва адмеціць, што сяляне надта супачываюча слухаюць пра ўвесь беларускі рух, хоць i тэрарызаваны жандармерыяй, якая робіць усялякія напады i ўласна забіваіць на сьмерць людзей. У Цепляні я сабраў i згуртаваў мрладзь, але не залажыў культурнага гуртка, бо, не маючы паперы ад вокруга, не ўладзіў з жандармамі. Быў у вёсках Прыстані, Кабывічах i Гарэльцах, дзе пашыраў беларускую сьвядомасьць, прыватна, без усялякага дазволу ўраду зьбіраў сходы. Вёскі гэтыя надта цёмныя i забытыя Богам i людзьмі. Нідзе німа школ, i сяляне аб гэтым надта гаруюць. Я абяцаў у восень адкрыць школы i прывезьці беларускіх газэт i кніжак, якімі яны надта цікавяцца.

У Шацкай воласьці быў вось у якіх местах: м. Шацку, Таўкачэвічах, Сяргеівічах i Вяркабах, але апрача прыватнай гутаркі нічога ня мог зрабіць, бо раённы начальнік, паляк, вышаўшы з расейцаў, i надта ня любіць i ня хоча прызнаць Беларускага адраджэньня.

У Пярэжарскай воласьці, дзе войт беларус, справа стаіць шмат лепш. Выпісваюцца беларускія газэты i літэратура. Наогул уся справа пашырана сярод усяго грамадства.

30.6.1920 г.

Інспектар Рунец.

Аўтар: Ляхоўскі Уладзімір,
Дадана: 28-10-2013,
Крыніца: Ляхоўскі Уладзімір. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919-1920 гг. // Спадчына №6-1994. С. 50-87.

http://pawet.net/library/history/bel_history/_rwar/1919l/%D0%9B%D1%8F%D1%85%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%A3%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BC%D1%96%D1%80._%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D1%81%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B2%D0%B0_%D0%BF%D0%B0%D0%B4%D1%87%D0%B0%D1%81_%D0%BF%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9_%D0%B0%D0%BA%D1%83%D0%BF%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%96_1919-1920_%D0%B3%D0%B3..html