Люблю вясковую айчыну!..

Кіруючыся з Мінска ў музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі», многія з экскурсантаў, калі не большасць,  не ведаюць, што мінаюць перад паваротам на Наваполле цікавую, багатую на гісторыю вёску Бахаравічы. А мы давайце зробім тут прыпынак і разгорнем хаця б некаторыя старонкі з памяці паселішча. Словам, прыпынак — у Бахаравічах.

У вёсцы  нарадзіўся Мікалай Аста­павіч Алексютовіч (1921—1967) — бела­рускі філосаф, публіцыст. У 1955 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. Смерць рана забрала таленавітага вучонага, філосафа. У 1958 годзе выйшла  кніга Мікалая Алексютовіча «Скарына, яго светапогляд і дзейнасць».  Выданне сталася па­дзеяй у культурна-асветніцкім жыцці Беларусі. Былая жыхарка вёскі Бахаравічы, сённяшняя  масквічка Соф’я Астроўская ўспамінае:

— Маці Міколы звалі Астапіха. У яе быў добры сад з раннімі яблыкамі. Гадавала жанчына ўнучку Тому (дачка Соня працавала ў Мінску). І нас, малых дзяўчынак, частавала яблыкамі, зрэдку — і цукеркамі за тое, што бавіліся з яе малою. Коля Алексютовіч (звалі яго Коля Астапаў) быў прыгожы, цёмнавалосы. Прыязджаў дамоў на легкавой аўтамашыне «эмцы» з вельмі прыгожай жонкай Марыяй, доктаркай. Разам з імі прыязджала дачушка Алена. Коля падахвоціў бахаравіцкіх выпускнікоў першага выпуску дзясятага класа Грабенскай школы паступаць у БДУ. Але скончыла філалагічны факультэт БДУ толькі стрыечная сястра Міколы — Валя. Астатнія падаліся ў «наргас»…

… Можа,  родам Мікалай Алексютовіч з тае сям’і, што і Канстанцін  Алексютовіч, харэограф?.. Так, Бахаравічы — радзіма балетмайстра Канстанціна Андрэевіча Алексютовіча (8(20).5.1884 — 26.2.1943). У 1921—1928 гг. ён працаваў балетмайстрам БДТ-1 (Купалаўскага тэатра). Ставіў абрадавыя  гульні, танцы, карагоды ў спектаклях па п’есах Міхася Чарота «На Купалле», Васіля Гарбацэвіча «Вяселле».  Дачка нашага земляка Ларыса Алексютовіч (нарадзілася ў Мінску ў 1913 г.), якая таксама, несумненна, была знаёмая з Бахаравічамі, напісала пра свайго бацьку цікавае манаграфічнае даследаванне — «Балетмайстар К. Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях» (1984).

Але ж вернемся да згадак пра Міколу Алексютовіча і яго пакаленне. Улетку 1948 года, калі яшчэ быў студэнтам, Мікола Алексютовіч бавіў час на канікулах у роднай вёсцы. Прыехаў з педінстытута і яго сябар Міхась Шэлехаў (бацька вядомага паэта Міхася Шэлехава, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, на Століншчыне). Моладзі ў Бахаравічах хапала. Студэнты арганізавалі драматычны гурток. І ў калгасе «Новыя Бахаравічы» паспявалі папрацаваць, і ў пастаноўках прымалі ўдзел. Міхась Шэлехаў тады напісаў п’есу «Партызаны». Дазвол на яе пастаноўку давялося браць у Рудзенскім райкаме партыі. (Тады быў у  гэтай старонцы іншы адміністрацыйны падзел. Гэта зараз Бахаравічы належаць да Пухавіцкага раёна. Зразумела, зацвердзілі). Пісаў жа чалавек дасведчаны — былы партызан, сведка і ўдзельнік многіх падзей. «Партызан» паставілі ў Бахаравічах двойчы. Міхась выконваў ролю партызана, Мікола Алексютовіч — нямецкага каменданта. Пасля  пастаноўку паказалі ў вёсках Дудзічы, Асака, Грабень. Усюды дабіраліся пешшу. У 1949 годзе на летніх канікулах драмгурток ставіў класіку. Студэнты стварылі ў Бахаравічах хор, у якім саліравалі, зразумела, Шэлехаў і Алексютовіч. У 1949 го­дзе «чырваназменаўка» Дуся Лось (будучая паэтэса Еўдакія Лось) папрасіла Міхася напісаць пра бахаравіцкае студэнцкае лета ў газету. Цытую па «Чырвонай змене». (З кароткага агляду пісьмаў чытачоў «Дапамога вёсцы»): «Студэнт Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага Міхаіл Шэлехаў у сваім пісьме расказвае: «Летнія канікулы я праводзіў у родным калгасе «Новыя Бахаравічы» Рудзенскага раёна. Ра­зам са сваім сябрам студэнтам Міколам Алексютовічам мы працавалі ў полі, а вечарам з моладдзю развучвалі новыя песні і рэпетыравалі п’есы. За гэты час мы паставілі «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы і «Старыя сябры» лаўрэата Сталінскай прэміі Малюгіна»…».
Зараз наш зямляк жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёна. Гэта паблізу Давыд-Гарадка, у якім Міхась Уладзіміравіч болей за 20 год адпрацаваў дырэктарам СШ №2. У гады Вялікай Айчыннай вайны, з кастрычніка 1942 года, Шэлехаў партызаніў у атрадзе імя Суворава 2-й Мінскай партызанскай брыгады. Пасля  ваяваў у складзе 5-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту. За мужнасць і гераізм лясны мсцівец і баявы салдат узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» 1-й і 2-й ступеней, іншымі адзнакамі доблесці. Ужо ў мірны час час атрымаў медаль «За доблесную працу», знак «Выдатнік народнай адукацыі СССР», Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Ужо доўгія гады Міхась Уладзіміравіч займаецца  гісторыка-краязнаўчай працай. Яго публікацыі з’яўляюцца на старонках «Звязды», «Настаўніцкай газеты», «Народнай трыбуны», газет «Навіны Палесся», «Заря», «Жыткавіцкія навіны», «Пухавіцкія навіны». У Брэсце пабачыла свет грунтоўная кніга М. Шэлехава «Давыд-Гарадок. Час і людзі». Школа, у якой працаваў Міхась Уладзіміравіч, выгадавала чатырох пісьменнікаў — Георгія Марчука, Уладзіміра Глушакова, Леаніда Дранько-Майсюка, Міхася Шэлехава. Двое з іх — лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Міхась Міхайлавіч Шэлехаў — родны сын нашага земляка. Піша вершы на трох мовах — рускай, украінскай, беларускай. Адзін з твораў Міхася Шэлехава-малодшага ўключаны ў анталогію паэзіі ХХ стагоддзя «Строфы века», укладзеную Яўгенам Еўтушэнкам. Сыну нашага земляка таксама знаёмыя сцежкі бацькавай маладосці — неаднойчы Міхась бываў у Бахаравічах і іх ваколіцах.

Не губляе Міхась Уладзіміравіч сувязь з Пухавіччынай. Лістуецца з гарэлецкім музеем «Партызанская слава». Наведваецца ў Бахаравічы, Дудзічы, дзе некалі вучыўся. Калі сустракаемся, або ў лістах, Шэлехаў досыць часта згадвае сваіх партызанскіх сяброў, мясціны, дзе давялося змагацца з нямецка-фашысцкімі акупантамі, родныя пухавіцкія вёскі.  Міхась Шэлехаў прысвяціў свайму бацьку верш «Отец». Пранізлівы, шчымлівы верш, з тых, што прымушаюць думаць, разважаць, углядацца ў гісторыю нашай краіны, роднай старонкі. А следам за разважаннямі перагортваю старонкі паэтычных кніг Міхася Шэлехава-малодшага — «Ангел уличный» і «Сын яблыні». І завяршыць гаворку пра Бахаравічы хачу ўсё ж радком Міхася Міхайлавіча: «Люблю вясковую айчыну! Блакіт рунёвы па вясне…».

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.

http://www.minpraud.by/articles.php?id=11253&current_date=2011-06-16