Спярша — невялікі гістарычны экскурс. Назва маёй роднай вёскі Зацітава Слабада носіць адмеціны сацыяльна-палітычнай лексікі, калі так можна сказаць. Вось паслухайце, што некалі напісала ў мясцовай пухавіцкай “раёнцы” краязнаўца Т. Важнік — у артыкуле “У назве — жыццё шаноўных продкаў”: “Адзін дзівак вандроўнік вырашыў даведацца, дзе пачынаецца наша Цітаўка. Ішоў і ехаў уздоўж рачулкі, якая вілася і выпроствалася ля Зарэчча да Блоні, Дайнавы ды Навасёлак, каля Бору ды Падвілля. Чым далей кіраваў чалавек супраць цячэння ракі, тым вузейшай яна станавілася. І дайшоў ён да ручая, які пачынаўся каля пасёлка Доўгі непадалёку ад Цітвы. Цітва (раней старыя жыхары называлі вёску Ціцьва) — па імені Ціта, багатага ў акрузе чалавека. Відаць, і рачулку, якая працякала тут, назвалі ў гонар гаспадара — Цітаўкай. А несла рэчка свае воды ў Свіслач — і заканчвалася там, за ўладаннямі Ціта ля Зацітавай Слабады…”.
У чымсьці я падобны да таго легендарнага вандроўніка, які шукаў вытокі Цітаўкі… Бо я нарадзіўся і доўгі час пражыў у вёсачцы Зацітава Слабада. Паселішча ў асноўным раскінула свой доўгі шнурочак па беразе Свіслачы. Але ж пачынаецца на Цітаўцы, паблізу Цітаўкі. І ўжо рэчку сваю ў розныя гады я спасцігаў супраць цячэння, адмерваў кіламетры, па дарожжы свае ад упадзення ў Свіслач, у зваротны бок… Хадзіў берагам Цітаўкі ў рознае надвор’е, у розныя часіны года. Хаджу і цяпер. Канешне, нашмат радзей. Ды і берагі зараслі. Месцамі дык і не прайсці паўз ваду, трэба шукаць абыходныя сцежкі, выходзіць да вясковых дарог, а пасля ізноўку вяртацца да свайго прырэчнага маршруту.
Добра ведаючы стан Цітаўкі, адсочваючы ўсе навіны, цікавосткі ў яе звычайным жыцці, хачу звярнуць увагу на тое, што гэтая невялікая рака мае свае мастацкія, літаратурныя памяткі. Некаторы літаратурна-краязнаўчы, мастацка-краязнаўчы партрэт Цітаўкі я і хачу намаляваць, захаваць для наступнікаў пэўныя факты з біяграфіі ракі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, на працягу апошніх ста га доў. Хачу згадаць пісьменнікаў, мастакоў, якія апявалі, апісвалі Цітаўку, так ці іначай сваім талентам спрычыніліся да маёй роднай ракі.
У пісьменніка і таленавітага рыбака (пра гэта часта згадвалі і згадваюць многія яго сябры) Кастуся Кірэенкі ёсць такі твор — рыбацкая паэма “Вандроўнае шчасце”. Гэта — выключна эмацыйная, вельмі паэтызаваная празаічная кніга пра паходы літаратара па рыбацкую ўдачу. Вось што можна прачытаць на адной са старонак: “… зачуўшы што-небудзь нядобрае, свіслацкая рыба знаходзіла выратаванне ў прытоках Свіслачы. У раёне Пухавіч, вышэй і ніжэй па цячэнні, такія яе прытокі — Волма, Цітаўка, Балачанка, Талька. Спакойна плыніліся іх чыстыя воды: то высяцца над імі ў бестрывожнай задуме векавыя дубровы, то цягнуцца шырокія, з лугамі і пашамі поймы, а то палі каласамі шэпчуцца над самай вадою. Хто пабываў на гэтых рэках у часы, калі іх хараство, прывабнасць нікім яшчэ не былі згвалчаны, той згодзіцца са мною, што меў сапраўднае шчасце — і душою зліцца з лернай непаўторнасцю чароўных з’яў прыроды, і задаволіць няўтольную рыбацкую прагу да ўсё новых адкрыццяў і прыгод”.
Калі зазірнуць у “Блакітную кнігу Беларусі”, то можна даведацца, што даўжыня Цітаўкі — 33 кіламетры. А пачынаецца рака за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Русаковічы. Пойма месцамі зусім адсутнічае. А ў ніжнім цячэнні досыць вузкая. Рэчышча — ад 10 да 20 метраў. Ад вытоку да вёскі Загай (а гэта прыблізна паўтара дзясятка кіламетраў) каналізаванае…
І як ні дзіўна, такая малая рачулка была і застаецца жыццёва важнай артэрыяй для мастакоў, паэтаў, для ўсіх творцаў, хто аднойчы разгледзеў яе нешырокую стужачку, насыціўся прыбярэжнымі краявідамі. Вось у імёнах і закладзена своеасаблівая “гісторыя” такога любавання, такога шчырага замілавання…
У розныя гады берагі Цітаўкі, саму раку замалёўвалі Аркадзь Астаповіч, Леанід Гоманаў, Віктар Высочын, Аляксандр Пашкевіч…
Самы яркі сярод мастакоў летапісец Цітаўкі — графік і жывапісец Аркадзь Астаповіч (1896-1941). У сярэдзіне 1922 года ён пасля дэмабілізацыі з войска прыехаў на радзіму бацькі ў вёску Навасёлкі. Уладкаваўся на працу настаўнікам матэматыкі, чарчэння і малявання ў мясцовую сямігадовую школу. Вёска стала ціхай гаванню пасля гадоў вайны і пакут. Лірычныя вясковыя пейзажы сталі сапраўдным “на васёлкаўскім рэнесансам” у лёсе мастака. “Ля ракі” (1923), “Чаплі” (1926), “Бяскрыл” (1926) — і сёння гэтыя работы ўяўляюцца прасторай цеплыні, шчодрай дабрыні. Нагадваюць пра навасёлкаўскі цітаўскі адрас. Блукаеш ля ракі ў Навасёлках надвячоркам — і бачыш увачавідкі колеры Аркадзя Астаповіча. Шкада, што мала гадоў жыцця было адведзена гэтаму яркаму таленту. Загінуў Аркадзь на пачатку Вялікай Айчыннай…
У Мар’інай Горцы зусім непадалёку ад Цітаўкі (калі быць дакладным — на вуліцы Ленінскай) доўгі час месцілася друкарня і рэдакцыя пухавіцкай “раёнкі”. У розныя гады тут працавалі паэты Алесь Пісарык, Алесь Цвях, Алесь Усеня, Вольга Савасцюк, Мечыслаў Шаховіч. У кожнага з іх у творчым багажы можна знайсці радкі, вершы пра любімую рачулку. А быў час, што на старонках раённай газеты “Пухавіцкія навіны” выходзіла экалагічная, прыродазнаўчая старонка “Цітаўка”.
З Мар’інай Горкі па вуліцы Чапаева мы выйдзем на Зарэчча, бліжэй да Блоні. На саменькім беразе Цітаўкі ў Блоні месціцца раённы краязнаўчы музей. У сядзібным будынку, які некалі належаў пану Анатолю Восіпавічу Бонч Асмалоўскаму. Пану, які “па сумяшчальніцтве” займаўся рэвалюцыйнымі справамі і дзесяцігоддзі свайго жыцця аддаў набліжэнню крушэння царызму. Напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ стагоддзя на сядзібу Бонч-Асмалоўскіх зазіралі пісьменнікі Рыгор Мачтэт, Леапольд Сулержыцкі, украінская паэтэса Леся Украінка. А вядомы рускі празаік Яўген Чырыкаў па матэрыялах падзей, што адбываліся ў Блоні, на беразе Цітаўкі, напісаў аповесць “Мяцежнікі”.
Да гэтых цікавостак можна дадаць сустрэчы з блонскай Цітаўкай паэтаў і празаікаў Рыгора Барадуліна, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, Анатоля Вярцінскага, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Ягоўдзіка, Віктара Хурсіка, Леаніда Дранько-Майсюка… Усе яны гасцявалі ў сядзібным доме музеі, пакінулі аб гэтым свае запісы ў кнізе наведвальнікаў. І ўсе яны любаваліся хараством Цітаўкі.
З Блоні па рэчцы якраз добра ісці, можна нават на невялікай лодцы праплыць да ўпадзення яе ў Свіслач. І разам з такім падарожжам адкрыць яшчэ два паселішчы — Маркаўшчызну і старажытнае мястэчка Пухавічы. Тут працаваў настаўнікам дзіцячы пісьменнік Алесь Пальчэўскі. Пісаў тут свае апавяданні, а яшчэ арганізаваў у вёсцы драматычны гурток. У Пухавіцкай школе ў даваенныя гады вучыўся дзіцячы пісьменнік, перакладчык Уладзімір Ляўданскі. А ў 1970-я — паэтэса Вольга Савасцюк. І ім, як і Алесю Пальчэўскаму, Цітаўка — не чужая рака. А празаік і паэт, сатырычны пісьменнік Іван Падбярэжскі, які і нарадзіўся ў Пухавічах, і ў школе вучыўся, і большую частку жыцця пражыў у мястэчку, пра вёску, ваколіцы, пра Цітаўку напісаў раман — “Закляты востраў”. А ў “Развітальнай паэме” пра родныя мясціны літаратар стварыў такі мастацкі партрэт паселішча: “У міжрэччы Цітаўкі і Свіслачы,/ Праўда, Цітаўка — зусім малая рэчка,/ Свой узрост стагоддзямі лічачы,/ Разляглося слыннае мястэчка”.
…Узгадваючы ўсе гэтыя імёны, ізноў на выхадныя дні выпраўляюся да Цітаўкі. Яе рачная гладзь адбіваецца перада мною самымі прыгожымі колерамі, нават калі сустрэчы мае з рачулкай дзяцінства толькі віртуальныя. Што ўжо казаць пра жывыя стасункі з ракой!..
Мікола БЕРЛЕЖ
Фота Наталлі АСМОЛЫ
http://zviazda.by/be/news/20141124/1416826587-citauka-litaraturnaya-raka-maygo-malenstva