Прысьвячаю любай і дарагой мне Маці
1
Час ізноў мае думы пакратаў
і наструніў пад грукат гарматаў.
Думы песьняй вазьму апрану я,
няхай песьня настрою пільнуе;
няхай цешаць пульсацыяй вёснаў
гукі музыкі звонка-узьнёслай.
Яны сэрца крануць і расчуляць,
маці боль свайго сына адчуе.
Калі-ж песьня мая зьіржавее,
думы вецер дашчэнту разьвее;
гукі музыкі, любай і шчырай,
адлятуць у няведамы вырай;
і настрой, хоць і сьлёзна заплача,
гэтай страты ніяк ня зьіначыць.
Дык расьцеце, і думы, і песьні,
узьлятайце у сінь паднябесься!
У нястрыманым вашым развоі
радасьць словамі сум перакроіць.
Я скажу ўсім: ідзеце сюды вы
слухаць песьні жыцьця агнявыя,
песьні працы і песьні змаганьня –
думы блізкага, сьветлага раньня!
Гэта час мае думы пакратаў
і наструніў пад грукат гарматаў.
2
Калісьці сокамі грудзей
паіла продкаў ты, зямліца,
і мы, каб род не парадзеў,
прыйшлі пітва твайго напіцца.
З маленства сьнілася у сьне,
было мацункам нам адзіным.
Яму, як сонцу і вясьне,
маліцца хочам на Радзіме.
Тут ветры ў песьнях шалясьцяць,
а песьні – палкія, жывыя.
Драбніца кажная жыцьця
усімі вызнана навылет.
Пакуты цяжкія радні,
разбою воражага грукат,
уцехі выпітае дні
і радасьць даўняга – адчуты.
Тут нылі з посьніцы бацькі,
і самі скораму ня зналі.
Ішлі, узяўшыся за кій,
у сьвет шляхамі чэрствых даляў.
Ня год які мо’ і ня два
у край чужы ішлі нясьмела.
Сухая, гойстрая жарства
пякла ног струджанае цела.
Ня мелі болю чым уняць
сыны твае у дзікім сьвеце:
халоднай поўначы штодня
калечыў сэрца льдзяны вецер.
Цяпер зірні: перад табой
стаім на варце ганаровай.
Скажы – і рынемся у бой
усе, ня вымавіўшы слова.
Пакуль-жа сокамі грудзей,
як продкаў некалі, зямліца,
напой, каб род не парадзеў,
каб ніцма целам не зваліцца.
Прыймі да споведзі! Вазьмі
прысягу шчырую. Прычасьці
не пашкадуй – сваймі грудзьмі
цябе заслонім ад напасьці.
3
Пасьля доўгіх і цяжкіх разлучын
радасьць стрэчы кальнула балюча.
На парозе часіны інакшай
скрыжаваліся погляды нашы.
І мацней ’шчэ браты мае, сёстры
горасьць вычулі прыкрага посту…
У зьняважанай бацькаўскай хаце
частавала сыноў сваіх маці.
Спаласкалі атруту былога
хмелем моцным пітва дарагога.
Кроплі дзіўныя першае чары
абдалі цела палкасьцю вару.
Гэта, збыўшы пакуты разлучын,
радасьць стрэчы кальнула балюча.
4
Каля сьвятыні на пагосьце,
пад бел-чырвона-белым сьцягам,
усе знаёмыя і госьці
зышліся выслухаць прысягу.
Быў цёплы чэрвенеўскі вечар,
а неба ўходзіла у прыцем.
Сьвяточныя гарэлі сьвечы,
і месяц слаўся у блакіце.
Ўсе тройчы ўкленчылі ўрачыста
і пакляліся моцна, гучна
адолець сілы дух нячысты,
што пнецца зганьбіць нашу лучнасьць;
што мкнецца край цудоўны, любы
і скарбы велічныя краю
аддаць на зьдзек людскі, на згубу
у стан разбойнай, хіжай зграі;
і даўнасьць – сэрца асалоду –
зьняславіць квапіцца, расьцерці,
і дух адроджаны народу
расьпяць на пляцы і усьмерціць.
І пакляліся моцна потым
каля сьвятыні на пагосьце
адпомсьціць часу за сіротаў,
за кроў, за бацькаўскія косьці.
5
Сіла клятвы, о, сіла сьвятая,
дух ваяцкі, бы птах, узьлятае:
узьлятае на крылах і кліча
войска грознага лік павялічыць.
Яно прыйдзе і стане із намі,
сіла духу дзе б’ецца крыламі,
дзе ў пякельных агнёх навальніцы
сінь крывёю гарачай імгліцца.
Яно прыйдзе шляхамі крутымі,
клятвы помнячы словы сьвятыя:
– Для цябе, беларускі народзе,
сіла збройная шчасьце народзіць;
ахрысьці на ахвярныя чыны
у змаганьні за славу Айчыны!
Аніякай навале ніколі
не скаваць, не змагчы нашай волі!
Сіла клятвы, о, сіла сьвятая,
дух ваяцкі, бы птах, узьлятае.
6
Грымяць і грымяць цягнікі
у бляску крывавых усхліпаў.
У спрыце вар’яцкім такім
трывога да шыбаў прыліпла.
Сьціраюць марозны узор
із вокан далонямі людзі.
Мігценьне агністае зор
цяпло выціскае і студзіць.
А шлях не кароткі яшчэ…
наперадзе шмат кілямэтраў.
Імчацца, здаецца, шпарчэй
калёсы наўсуперак ветру.
У воблік дрыготкай начы
вачыма ўпіваюцца воі.
Ў тугую ляцяць далячынь
і іхныя думы-настроі.
Грымяць і грымяць цягнікі
у бляску крывавых усхліпаў.
У спрыце вар’яцкім такім
трывога да шыбаў прыліпла.
7
Зышліся у грозным баі
вялікія, грозныя сілы.
Краіна на варце стаіць,
да сну анікога ня хіліць.
Да сьцежак прыцёртых прыляж,
да плітаў – часіну паслухай…
Дрыжыць пад нагамі зямля,
прыймаючы радасьць і скруху.
Расчулены месяц пасе
падзеі напятыя сутак.
Няпрошанай госьцяй прысеў
ля крыжа збуцьвелага смутак.
Тут кліча прачнуцца, устаць
сыноў дарагая Матуля
і вобраз вялікі Хрыста
да сэрца гарачага туліць:
– Зірнеце, сыночкі, з магілак сырых
на сьвет гэты Божы, на наскі!..
Малюся і плачу, каб нашай зары
ізноў не пасеклі на часткі…
8
Ні матулі, ні горкага плачу
і ня чуюць сыны, і ня бачаць,
ані сонца, ні зораў, блакіту,
ані медзі ня бачаць ракітнай.
І сьмяротны узьлёт навальніцы
не згадаецца ім, ня прысьніцца.
Прыняла іх зямліца ў пасьцелю,
вецер лісьцем курганы усьцеле.
Пракувае зязюля ураньні
пра ахвяры цяжкога змаганьня.
Неба хмары сівыя падоіць
і напоіць сыноў сырадоем…
9
Сьпеце, славы крывіцкай героі,
дух ваяцкі клянемся патроіць.
Пасьля гнеўных баёў і адплаты
прыйдуць любыя вашы дяўчаты.
Пакладуць яны кветкі жывыя,
плачам цьвіласьць курганную змыюць
і вяночкі із ружаў паложаць –
яны любасьць былую памножаць.
Росным раньнем улетку і ўвесну
прасьпяваюць вам сьлёзныя песьні:
Дзе ты, любы сокал,
дзе ты, чарнавокі?
Я цябе шукаю,
клікаю, гукаю…
Любы, адгукніся!
Ой, ды знаю, знаю…
Сорам, што гукаю…
Ты за цёмным борам
ды за сінім морам…
Любы, адгукніся!
Вернешся дадому
пад вясёлы гоман…
І у роднай хаце
стрэну я і маці…
Любы, адгукніся!
Ой, ды знаю, знаю…
Сорам, што гукаю…
У сырой ты сьпіш зямельцы,
кажа маё сэрца.
Любы, адгукніся!
Будуць дні і цалюткія ночы
гаварыць аб нядолі дзявочай.
Шчасьце з даляў сваё будуць клікаць
па усёй па краіне вялікай.
…Я-ж кахала цябе, мая радасьць…
Помніш росныя сьцежкі у садзе?
Помніш рэчку, крынічка дзе звоніць,
ты прыходзіў ды з кветкай півоні.
Хвалі беглі, каціліся ў далі,
квола кветкі-півоні гайдалі…
Ўспамінаюцца дні тыя, ночкі…
Дзе ты, кветка уцехі дзявочай?
Я-ж кахаю цябе, мая радасьць…
Помніш росныя сьцежкі у садзе?
Сьлед каханьня, цяпла не заліпне
і крывёю гарачых усхліпаў.
Сьпеце, славы крывіцкай героі,
дух ваяцкі клянемся патроіць.
10
А часамі гавораць гэтак:
«Нам сваё наймілей бывае…
Няхай восень сабе ці лета
узьвівае свой сьпеў над краем».
Ёсьць у кажнай праяве доля,
ёсьць і солад, і горкі чэмер.
Не адолець цяжкога болю,
хоць і сэрца сваё ушчэмім.
11
Хай, што хочуць, гавораць людзі, –
не такі ўжо вялікі грэх:
сяньня тое злачынствам будзе,
калі думка чыя памрэ.
Не здалее ніхто на сьвеце
красавацца, як трэба, жыць,
калі ўзьлёт ейны злосьнік-вецер
узапне на шпяні мяжы…
Чаго варта цяпер істота
у цяжкую жыцьця пару,
што наровіць, бы смоўж, употай
прысмактацца да моцных рук?
Мо’ таму й боль душу сьціскае
і спадае сьляза з вачэй?..
Дарма сяньняшні грэшнік-Каін
на ражне славу дзён пячэ!..
У мінуўшчыне – час пражыты –
думку продкі радзілі дням,
каб да сонца, крывёй абліты,
гонар Бацькаўшчыны ўзьняць.
Шанаваць, сьцерагчы нам трэба,
гартаваць і далей расьціць,
каб пад родным блакітным небам
наканованы шлях прайсьці.
Хай шпурляе крывёй навальніца,
хай няўмольныя б’юцца агні,
хоць падзем, можа стацца так, ніцма –
кляцьве духу ня зрадзім ані.
Дык няхай і гавораць людзі, –
не такі ўжо вялікі грэх:
сяньня тое злачынствам будзе,
калі думка чыя памрэ.
12
Прыйдзем, вернемся ў родную хату
сьвяткаваць найвялікшае сьвята,
сьвята мужнасьці нашае, сілы,
што нядолю ліхую скасіла.
Маці стрэне, гасьцінна расчыніць
урачыстыя дзьверы сьвятыні.
І памолімся, палячы сьвечы,
за шчасьлівую нашую вечнасьць.
Думы новага часу і песьні
узьлятуць у блакіт паднябесься.
Менск, 1944