Добрае сэрца (лёс шчаслівай беларускай жанчыны ў ХХ стагоддзі)

Пра гэту жанчыну ўсе ў Тальцы гавораць: добрая. Яе лёс уразіў мяне тым, што яна, перажыўшы вайну, згубіўшы свайго мужа, не патраціла ўсе сілы на выжыванне, засталася добрым, спагадлівым і справядлівым чалавекам, здолела знайсці сваё шчасце, сваю любімую працу.

Таццяна Аляксандраўна Ждановіч (з дому Яўсейчыкаў) нарадзілася 22 сакавіка 1918г. у вёсцы Талька Пухавіцкага раёна. Яе бацькі простыя сяляне. Бацька – Яўсейчык Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў 1888г. ля Блоні, закончыў Ігуменскае 4-класнае народнае вучылішча, працаваў памочнікам ляснічага Цэльскага лясніцтва, памёр у 1958г.. Маці – Яўсейчык Агрыпіна Мікалаеўна (1889 г.) была хатняй гаспадыняй, зусім не вучылася ў школе, але была сапраўдным “хатнім міністрам”. Пражыла баба Груня 94 гады.

Таццяна Аляксандраўна вучылася ў Талькаўскай (тады яшчэ сямігадовай) школе, якую закончыла ў 1934г.. У 1935г. паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут. У 1940 г. па заканчэнні інстытута працавала ў Мінску ўрачом, выйшла замуж за Ждановіча Аляксандра, які быў родам з Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У тым жа годзе ў іх нарадзіўся сын Яўген. Летам 1941 года Аляксандр паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю ў політэхнічным інстытуце, маладыя спецыялісты збіраліся ехаць у Акадэмію навук у Маскву. Але раптам мужа выклікалі ў ваенкамат, а назаўтра … пачалася вайна.

Больш мацi яго нiколi не бачыла, – расказвае Яўген Ждановiч. – У 1982 годзе я адшукаў стрыечнага брата бацькi Леанiда. Ён расказаў, што летам 1941 года бацька з 12 байцамi адступаў праз сваю родную вёску Зарэчча ў Талачынскiм раёне. Кiраўнiцтва раёна прапанавала яму застацца i ўзначалiць партызанскi рух. Бацька адмовiўся. Яны пераначавалi. Ногi ягоныя былi разбiты ў кроў. Дзядзька аддаў яму свае боты, паклалi туды гусiны пух, i ранiцай атрад рушыў далей. З iмi пайшоў Васiль, другi бацькаў стрыечны брат. Пасля вызвалення Беларусi Васiль прыслаў пiсьмо, у якiм пiсаў: “Саша загiнуў у мяне на руках, прыеду, раскажу”. Але 8 мая 1945 года Васiля ранiлi i 10 мая ён памёр. Сваякi ў нейкай публiкацыi потым прачыталi пра бой пад Смаленскам, дзе ўзгадвалася iмя Аляксандра Цiханавiча Ждановiча, але, на жаль, мне так i не ўдалося знайсцi сведчанняў пра месца яго гiбелi i пахавання.

З разбуранага Мінска Таццяна Аляксандраўна з 8-месячным Жэнем на руках пайшла пешшу ў Тальку да бацькоў. Цэлы тыдзень спатрэбіўся, каб прарабіць гэты шлях. Але дабралася жывая і здаровая з жывым і здаровым дзіцяткам.

У час вайны маладая доктарка лячыла людзей, дапамагала партызанам: перадавала медыкаменты. Вясной 1943г. яе арыштавалі па падазрэнню ў сувязі з партызанамі. Таццяна Аляксандраўна трапіла ў гестапа ў Асіповічы з двухгадовым сынам. Яўген Аляксандравіч расказвае: “Хаця мне было ўсяго 2 гады, мне здаецца, я помню гэтую турму. Мама казала: “Ты не можаш гэтага помніць!” Калі трошкі падрос, я намаляваў ёй вартавую вышку, нямецкую форму, кулямёт і браму. Я дагэтуль не разумею, як мы засталіся жывыя. Як увогуле ў яе хапіла мужнасці дапамагаць партызанам і быць ўрачом у такіх абставінах.”

Іх арыштавалі траіх у Тальцы: Таццяну Аляксандраўну, Аляксандра Доўнара і яшчэ аднаго чалавека. Бабулі Агрыпіне Яўсейчык удалося выкупіць маленькага ўнука. На самым пачатку зняволення Таццяне Аляксандраўне ўдалося перакінуцца, кароткай фразай з Аляксандрам Доўнарам: “Не сазнаюся!” Трэці чалавек расказаў немцам, што атрымліваў лекі і перавязачныя матэрыялы ад ўрача і перадаваў іх Аляксандру Доўнару, які дастаўляў усё ў партызанскі атрад. Таццяна Ждановіч і Аляксандр Доўнар усё адмаўлялі. І іх адпусцілі!

У пачатку вайны забралі ў гета жонку старэйшага брата Міхаіла Станіславу Гурман і расстралялі разам з іншымі талькаўскімі яўрэямі. На руках у Таццяны Аляксандраўны засталося двое дзяцей Стасі: Шура (1939г.) і Міша (1941г.). Яна гадавала іх, як родных, нават карміла сваім малаком. Яны называюць яе матуляй. Пасля вайны Таццяна выйшла замуж за Панчоху Фёдара Іосіфавіча, (1913г.). Будучага мужа ёй прадказала варажбітка. Гэта адбылося так. Таццяна тады працавала ўрачом у Лапіцкай бальніцы. Была зіма, Таццяну Аляксандраўну, як заўсёды, выклікалі да хворага. Вярталіся дамоў позна ноччу, у лесе за імі ўвязалася зграя ваўкоў. Конь рвануў уперад, і яны такім чынам прыехалі ў вёску Смык. Заскочылі ў першы дом на краю вёскі, прывіталіся, але ніхто не адказаў. Раптам з печы на падлогу да іх скокнула вялізная аўчарка, яны ад страху аж селі на лаву.Сядзяць і не варушацца, а ў сабакі поўсць дыбам стала. Потым у хату зайшла жанчына, накрычала на іх, што цягаюцца начамі – яна думала, што яны прыехалі да яе ў такі час варажыць. Гаспадыня пакінула нязваных гасцей начаваць – куды паедзеш у зімнюю ноч? Сама прапанавала паваражыць Таццяне Аляксандраўне і сказала:”Не чакай свайго мужа, няма яго ўжо.У цябе будзе іншы лёс, нялёгкі, але харошы. Ты хутка сустрэнеш другога чалавека: ты пазнаеш яго па тым, што у яго будзе прастрэлена вуха і палец. У вас яшчэ будзе трое дзяцей – адзін з іх памрэ,а двое застанецца. Першынца свайго беражы, ён можа загінуць ад удара жывёліны. Калі зберажэш, у яго будзе шчаслівая доля”. Праз тры тыдні з Германіі ў Лапічы перавялі дывізію. Іх пасялілі па разнарадцы па хатах.Таццяна Аляксандраўна прыйшла на кватэру, дзе жыла і ўбачыла чалавека з прастрэленым вухам і пальцам. Гэта і быў Панчоха Фёдар Іосіфавіч, гвардыі капітан. У 1945г. яны справілі вяселле, у іх нарадзілася двое дзяцей: Людміла (1946г.) і Уладзімір (1949г.)

У 1948г. Таццяна зноў пераехала ў Тальку, у хату бацькоў, стала працаваць ўрачом Талькаўскага спецыяльнага дзіцячага дома. З 1950г. працавала загадчыцай Талькаўскай участковай бальніцы.

У 1960г. ёй прысвоена званне заслужанага ўрача Беларусі – за заслугі ў галіне аховы здароўя.

Таццяне Аляксандраўне ў 1984г., была ўстаноўлена персанальная пенсія рэспубліканскага значэння ў размеры 132 рублі.

За вялікі ўклад і адданасць сваёй працы атрымала шмат падзяк:

-1960г. – за добрую працу.

-1974г. – атрымала Пачотную грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Адным словам, уся яе працоўная кніжка спісана падзякамі, якіх было безліч. Яна дапамагала ўсім людзям. Адмовіла ў дапамозе доктар толькі аднаму чалавеку – Івану Кароткаму, былому паліцаю. У вайну гэты чалавек забраў у гета Станіславу (жонку брата Міхаіла). Бабуля Агрыпіна пайшла да нямецкага каменданта і выкупіла яе.Тады гэты злыдзень прыйшоў другі раз і забраў яе зноў. Бабуля пайшла выкупляць нявестку зноў, дык ён сказаў немцу-каменданту: “Калі вы яе адпусціце, то я не буду служыць Германіі, “- і скінуў паліцэйскі кіцель. Немец не аддаў нявестку бабулі. Гэты Іван Кароткі пасля вайны хаваўся, знайшлі яго недзе ў свеце пад іншым прозвішчам – Дорахаў. Яго асудзілі за здзейсненыя злачынствы, паміраць жа з турмы яго дачка прывезла ў Тальку. І вось тады Таццяна Аляксандраўна адмовілася дапамагчы гэтаму чалавеку. Сваякі Кароткага-Дорахава дайшлі да начальства, ёй пагражалі звальненнем з працы. Яна сказала: “Сыду хоць сёння, а да гэтага чалавека не падыду”.

На працы ў бальніцы яе паважалі. Іхні калектыў быў вельмі дружны, артыстычны. Яны ставілі спектаклі ў Талькаўскім клубе:”Несцерка” і “Паўлінка”. Ездзілі з канцэртамі ў Мар’іну Горку і па розных вёсках, дзе Таццяна Аляксандраўна чытала лекцыі пра медыцыну, а пасля лекцыі ігралі спектакль, спявалі.

У хаце Яўсейчыкаў адпачываў Якуб Колас. Разам з ім яна хадзіла ў грыбы, добра ведала яго сям’ю. У іх былі добрыя адносіны. У тыя часы, калі Таццяна Аляксандраўна вучылася ў інстытуце, жыла ў яго на кватэры ў Мінску. У 1985г. да яе ў госці прыязджаў старэйшы сын Якуба Коласа – Даніла Міцкевіч. У госці да Я.Коласа прыязджалі знакамітыя сябры: Я.Купала, К.Крапіва, З.Бядуля.

У 1980г. Таццяна Аляксандраўна перанесла інфаркт, а пасля інсульт. Па гэтай прычыне пераехала ў Мінск да дачкі Люды, ня стала добрай талькаўскай доктаркі ў 1996г. Але да гэтага часу памяць пра яе жыве ў сэрцах аднавяскоўцаў.

Успамінае Верашчака Ала Іванаўна, 1954 г. нар., цяпер жыхарка г. Мар’іна Горка: “Добра яна была, уважлівая да людзей. Калі ляжала я ў Талькаўскай бальніцы, а лячыла Таццяна Аляксандраўна, то медсястра праверыла у мяне вечарам крывяны ціск: 80 на 140 мм., павышаны. І сказала:”Нічога страшнага”. А Таццяна Аляксандраўна патэлефанавала медсястры, як там справы на дзяжурстве і прыйшла ў 10 гадзін вечара з дому – праверыла ў мяне ціск, дала лекі, зноў перамерыла. Яна ж магла і не прыходзіць. Потым прыехала працаваць у нашу бальніцу маладая доктарка то, калі нехта на вуліцы ёй быў пажаліўся на хваробу – маладая задавака сказала: “Ідзіце ў бальніцу, а на вуліцы я вас лячыць не буду”. Таццяна Аляксандраўна так ніколі не сказала б. Заўсёды пагаворыць, папытае, як жыццё, здароўе.”

Успамінае Злобіч Аляксандра Іосіфаўна, 1938 г. нар.,:”А вот этот случай говорит о её высоком профессионализме даже в пожилом возрасте. Я болела, лежала в нашей участковой больнице, потом в районной. Всё болело: в груди, под грудями, слабость большая. Мучила от этого бессонница. Меня лечили от поджелудочной железы, давление тоже было не в порядке (высокое). И вот меня выписали из районной больницы. Но я совершенно разбита. Иду домой, вижу-сидит на скамейке у своего дома Татьяна Александровна. Я поздоровалась, перекинулись пару словами о том, о сём, о здоровье и говорю: “Вот только что из больницы, а как идти на работу! Так плохо чувствую себя”. А она и говорит настойчиво: “Ну, рассказывайте, что беспокоит?” Я стала рассказывать…Она внимательно слушала, а больше смотрела в глаза мне, потом прервала меня и говорит, что завтра надо срочно сдать анализы в инфекционную больницу. У вас сывороточный паротит – все признаки говорят об этом. И глаза в жёлтых прожилках. Я её за всё поблагодарила. А уже завтра сделала то, что она мне посоветовала. И что вы думаете?…она как в воду глядела. Всё подтвердилось.”(3, с.259)

Лёс Таццяны Аляксандраўны быў цяжкі, але шчаслівы. Яна вырасціла сваіх траіх дзяцей і дваіх дзяцей брата, якія любілі яе, як маці. Усе пяцёра сталі харошымі людзьмі, стварылі свае сем’і, сталі выдатнымі спецыялістамі. Сёння ў Таццяны Аляксандраўны 9 унукаў, шмат праўнукаў. Гэта вялікая, дружная сям’я. Сёлета будзе 11 год, як няма з намі Талькаўскага Доктара. Але ўсе талькаўцы помняць яе. У каго б мы не спыталі, што вы можаце сказаць пра Таццяну Аляксандраўну, чамусьці ўсе гаварылі гэтае слова: добрая…

Мы ганарымся, што ў нашай Тальцы нарадзілася і жыла такая жанчына, што мы яе землякі.

ВЫКАРЫСТАНЫЯ КРЫНІЦЫ

1.ПАМЯЦЬ. Пухавіцкі раён, Мн., 2003 г.

2. Ільініч Н. В. “ТАЛЬКА І НАВАКОЛЛІ”.Мн., 2004 г.

3. Гурин Н.А.,Злобич А.И. “ПУХОВЩИНА ПОМНИТ”, книга третья, Мн., 2006 г.

УСПАМІНЫ

Конан Людміла Фёдараўна(1946 г. нар.)

Лагунчык Тамара Антонаўна(1928г.)

Конан Марыя Феліксаўна(1929г.)

Ждановіч Яўген Аляксандравіч(1940г.)

Верашчака Ала Іванаўна, 1954 г.

http://old.talka.info/zhdanovich1.html

Да Т. А. Ждановіч у Тальку
прыехаў сын Якуба Коласа
Даніла. 1974
Т. А. Ждановіч з унучкамі.
1980-ыя, Талька
Сям’я Яўсейчыкаў Груня і Аляксандр Яўсейчыкі
з унукам Валодзяй. 1950 -ыя
Баба Груня Сям’я Ждановічаў-Яўсейчыкаў
А. І. Яўсейчык Ф. І. Панчоха з дзецьмі
Жэня Ждановіч, 1950 -ы Ф. І. Панчоха,
1950-ыя, Талька
А. І. Яўсейчык,
1950-ыя, Талька
Яўсейчыкі з суседзямі.
Фота даваеннае. Талька
Аляксандр Яўсейчык і
Пётр Мігуцкі.
1950-ыя. Талька
Аляксандр і Груня Яўсейчыкі,
1950-ыя. Талька
Т. А. Ждановіч з унукам.
1970-ыя. Талька
Баба Груня з унукамі
і праўнукамі,
1980-ыя, Талька