Якуб Колас i дачка леснiка: гiсторыя згубленага здымка

Талькаўцы старанна захоўваюць памяць пра абодвух: Якуба Коласа, якi ўвекавечыў гэтыя мясцiны ў сваiх вершах, i Таццяну Ждановiч, якой тут многiя абавязаны жыццём. Кажуць, быў здымак, дзе яны ўдваiх. На жаль, знайсцi яго пакуль не ўдалося. Але гэта не перашкода аповеду пра тое, чаму такi здымак сапраўды можа iснаваць, i як склалася жыццё дзяўчыны, выява якой павiнна быць на iм побач з паэтам.

Кажуць, яна нейкiм дзiўным чынам прыцягвала да сябе людзей. I людзi з ёй былi шчырымi i давяралi самае сваё патаемнае. Напэўна, яна валодала нейкай асаблiвай якасцю характару, той, якая потым дазволiла ёй стаць цудоўным урачом. Нездарма сям’я Якуба Коласа, сам паэт, яго жонка i дзецi адразу палюбiлi яе. Яны пазнаёмiлiся, калi Таццяне было гадоў 16. Бацька яе, Аляксандр Яўсейчык, быў памочнiкам ляснiчага Цэльскага ляснiцтва Пухавiцкага раёна. Ён аднойчы i прывёз у леснiчоўку, дзе жыў летам з сям’ёй, Якуба Коласа.

— Гэта здарылася, — узгадвала Таццяна Аляксандраўна, — калi мы жылi ў лесе, у старожцы. Гэта месца за паўтара кiламетра ад Талькi. Пасярод лесу была сонечная паляна, там стаяў наш дом, пуня. У нас быў свой конiк, сабака, невялiкi сад, раслi кусты. Месца ўнiкальнае, маляўнiчае. Тут табе i лес, i луг, i рэчка. Я вучылася недзе ў 9-м класе, калi ўпершыню да нас у “гаёўку” на дачу прыехаў з нейкiм знаёмым айцу мастаком сам паэт Якуб Колас. Вельмi быў цiкавы чалавек. Такi просты, вясёлы, а галоўнае — аматар пахадзiць па лесе.

Браў толькi баравiкi. Потым прыходзiм дадому, ён пачынае iх сартаваць: маленькiя асобна, сярэднiя i старыя, называў iх “баршчавiкамi”, адкладаў для сушкi на зiму. Грыбы абавязкова палiчыць i ў голас скажа: “У мяне, Танечка, 169 грыбоў”, другi раз больш за 200. I цешыўся, калi ў мяне было менш: “Вось i я яшчэ на гэту працу здатны”.

Такая быццам бы звычайная справа. І вынiкам — духмянае, вядомае з дзяцiнства:

Лес i пралескi

Разам з хвайнякамi

Страх як багаты —

Чым? — баравiкамi!

Шапкi iх чорны,

Самi яны крэпкi:

Возьмеш у руку —

Гiпсавыя злепкi.

Сведкай нараджэння гэтых строф, натхняльнiцай i своеасаблiвай памагатай была дачка леснiка. Можа гэта невыпадкова? Бо i яна была незвычайным чалавекам. “Зрэдку бацька нас падвозiў да Загiбельцы, там мы рыбачылi. Якуб Колас пiсаў “Мiхасёвы прыгоды”. Потым садзiўся на беразе ракi Таль, глядзеў на ваду, прыслухоўваўся да нашага смеху, размоў, смяяўся, а вочы задумлiва-сур’ёзныя. Вершы нараджалiся з-пад пяра. У паэме гэтай успамiнаецца пра ўсiх маiх братоў, родных i стрыечных, суседскiх дзяцей…

Лёнька тут са стражы,

Хлопчык нехлямяжы,

Тут i Ванька з будкi,

Дасцiпны i гнуткi,

I Аўсейчык Мiшка,

Паўлiк, Цiшка, Грышка,

Хоць сабе малыя,

Але удалыя.

Летам 1933 i 1934 гадоў Якуб Колас жыў у Тальцы ў хаце Яўсейчыкаў. Ён прыязджаў разам з жонкай i трыма сынамi — Юркам, Данiлам i сямiгадовым Мiхасём. Апошнi прызнаўся потым сыну Таццяны: “Гэта былi лепшыя днi майго жыцця”. Напэўна, яны сапраўды моцна пасябравалi з памочнiкам ляснiчага i яго сям’ёй, бо з 1935 па 1940 год Таццяна, пакуль вучылася ў медыцынскiм iнстытуце, жыла ў Мiнску на кватэры паэта.

У 1940 годзе Таццяну размеркавалi ўрачом ў мiнскую палiклiнiку. Яна выйшла замуж i нарадзiла дзiця. Яе муж Аляксандр Ждановiч абаранiў кандыдацкую дысертацыю ў полiтэхнiчным iнстытуце летам 1941 года. Яны збiралiся ехаць у Акадэмiю навук у Маскву. Але нечакана Аляксандр атрымаў павестку ў ваенкамат. Гэта было 21 чэрвеня 1941 года. Яму было 27 гадоў, яго сыну Яўгену — восем месяцаў.

— Больш мацi яго нiколi не бачыла, — расказвае Яўген Ждановiч. — У 1982 годзе я адшукаў стрыечнага брата бацькi Леанiда. Ён расказаў, што летам 1941 года бацька з 12 байцамi адступаў праз сваю родную вёску Зарэчча ў Талачынскiм раёне. Кiраўнiцтва раёна прапанавала яму застацца i ўзначалiць партызанскi рух. Бацька адмовiўся. Яны пераначавалi. Ногi ягоныя былi разбiты ў кроў. Дзядзька аддаў яму свае боты, паклалi туды гусiны пух, i ранiцай атрад рушыў далей. З iмi пайшоў Васiль, другi бацькаў стрыечны брат. Пасля вызвалення Беларусi Васiль прыслаў пiсьмо, у якiм пiсаў: “Саша загiнуў у мяне на руках, прыеду, раскажу”. Але 8 мая 1945 года Васiля ранiлi i 10 мая ён памёр. Сваякi ў нейкай публiкацыi потым прачыталi пра бой пад Смаленскам, дзе ўзгадвалася iмя Аляксандра Цiханавiча Ждановiча, але, на жаль, мне так i не ўдалося знайсцi сведчанняў пра месца яго гiбелi i пахавання.

Тым часам Таццяна з немаўляткам на руках пешшу iшла з разбомбленага Мiнска ў родную Тальку. Дзеля бяспекi яна трымалася палявых дарог i абходных шляхоў. Праз тыдзень, стомленая i схуднелая, але жывая, з жывым i здаровым дзiцем яна ступiла на бацькоўскi падворак. Чатыры гады акупацыi. Таццяна Ждановiч (Яўсейчык) — для насельнiцтва адзiны ўрач у акрузе. А для партызан — адзiная магчымасць атрымаць дэзiнфiцыруючыя прэпараты i перавязачны матэрыял.

Потым жыхары Талькi расказвалi: “У яе склалiся добрыя адносiны з нямецкiм урачом, якi быў у захапленнi ад таго, што малады спецыялiст настолькi добра лечыць. Быў выпадак, калi мацi давялося прасiць у нямецкага ўрача пенiцылiн. Той адмовiў. Тады Таццяна Аляксандраўна сказала: “Калi мы не знiшчым ачаг iнфекцыi, то ўзнiкне пагроза i для нямецкага гарнiзона”. I немец дабiўся, каб з Мiнска прыляцеў самалёт i скiнуў лекi”.

За ўсё сваё жыццё ўрач Таццяна Ждановiч нiкому не адмовiла ў дапамозе. Нават калi пад пагрозай было жыццё яе або яе дзяцей. Падчас акупацыi за ёй прыйшлi ноччу, у каменданцкi час, у якi пад страхам смерцi забаранялася пакiдаць свае дамы, i яна пайшла, каб дапамагчы ў складаных родах. На адваротным шляху яе спынiў нямецкi патруль. Тады нейкiм цудам ёй удалося ўпэўнiць немцаў адпусцiць яе.

Вясной 1943 года талькаўскага ўрача арыштавалi за падазрэнне ў сувязi з партызанамi. Таццяна трапiла ў гестапа з двухгадовым сынам.

— Мацi казала: “Ты не можаш гэтага памятаць”, але я памятаю, — сцвярджае Яўген Аляксандравiч. — Потым, калi навучыўся маляваць, я намаляваў вартоўную вышку, нямецкую форму, кулямёт i браму… Я дагэтуль не разумею, як застаўся жывы, i як мацi засталася жывая. Як увогуле ў яе хапiла мужнасцi дапамагаць партызанам i быць урачом у такiх абставiнах. У яе на руках засталося трое маленькiх дзяцей: я i двое пляменнiкаў — усе прыкладна аднаго ўзросту. Яна была ва ўсiх на вiду i адзiны, хто мае доступ да медыкаментаў…

Iх арыштавалi траiх: Таццяну Ждановiч, Аляксандра Доўнара i яшчэ аднаго мужчыну.Бабулi Агрыпiне Яўсейчык удалося выкупiць маленькага ўнука. На самым пачатку зняволення Таццяне пашанцавала перакiнуцца кароткай, але важнай фразай з Аляксандрам Доўнарам: “Не сазнаюся”. Трэцi чалавек расказаў немцам, што атрымлiваў лекi i перавязачныя матэрыялы ад урача i перадаваў iх Аляксандру Доўнару, якi дастаўляў усё ў партызанскi атрад. Таццяна Ждановiч i Аляксандр Доўнар адмаўлялi, i ўрэшце iх адпусцiлi. Таццяна Аляксандраўна расказвала потым дзецям, што гестапавец, якi вёў следства, цудоўна размаўляў на рускай мове i рэзка мяняў свае паводзiны, калi на допытах нехта прысутнiчаў. “Калi мы былi ўдваiх, ён быў нармальным чалавекам, у iншых выпадках звер зверам”. Напрыканцы ён сказаў ёй: “Добра, жывi. Можа i мне хутка давядзецца пабыць у тваёй шкуры”.

Яўген Ждановiч таксама памятае пах цёплага хлеба, якi перадавалi праз акно iх хаты для параненых пасля вызвалення Талькi. Тады ў хаце леснiка Аляксандра Яўсейчыка наладзiлi шпiталь…

Таццяну Ждановiч з любоўю ўзгадваюць у Тальцы i праз 10 гадоў нясуць кветкi на яе магiлу. Кажуць, яна была празорлiвай. I смелай. Аднойчы ў яе дом прыйшла практыкантка з медыцынскага вучылiшча Нiна Конан. Таццяна Аляксандраўна паглядзела на яе i кажа: “Скончыш тэхнiкум i прыязджай”. Нiна прыехала i была адной з лепшых медсясцёр у раёне. Потым яна выйшла замуж, але з-за пароку сэрца ёй забаранiлi нараджаць. Нiна прыйшла тады да сваёй начальнiцы i кажа: “Таццяна Аляксандраўна, я хачу мець дзiця”. Урач супакоiла яе, пагадзiлася весцi цяжарнасць. Нiна нарадзiла сына, а потым — дачку.

Таццяне Ждановiч удалося сфармiраваць у вясковай бальнiцы надзвычай зладжаны калектыў: зубны ўрач Марыя Конан, медсёстры Нiна Кургановiч i Валянцiна Комар, трошкi грэшны на “зялёнага змея”, але безадмоўны i вельмi добры прафесiянал фельчар Леанiд Мiкоша i фельчар Нiна Радкевiч, акушэрка i весялуха Ганна Стрэльская, санiтарачкi, кухар, конюх — усе былi як адна сям’я. Нездарма галоўны ўрач раёна Марыя Кандрацьеўна Арэшка, таксама цудоўны чалавек i ўрач, заўсёды ўсе камiсii i праверкi везла ў Тальку. Тут у любы час быў парадак, дысцыплiна, задаволеныя пацыенты, добра арганiзаваная прафiлактычная работа са школай i дзiцячым домам…

Пра Талькаўскi спецыяльны дзiцячы дом трэба сказаць асобна. Там выхоўвалiся дзецi тых, хто загiнуў у вайну. У школе было два класы: з вясковых дзяцей i з дзетдомаўскiх. Таццяна Ждановiч свайго сына аддала ў “дзетдомаўскi”. Яна лiчыла, што Жэнька гэтакi ж, як i яны. Калi працавала ў дзiцячым доме, яна кожны дзень некага з дзяцей прыводзiла дамоў. У пачатку 70-х да яе з Варкуты прыехаў былы выхаванец дзiцячага дома Сяргей Лазаковiч. Ён прыехаў сказаць гэтай жанчыне “дзякуй, мама” i прывёз у падарунак дзiва — унты.

Дарэчы, дзецi заўсёды дазвалялi ёй сябе лячыць, не баялiся нi ўколаў, зробленых яе рукамi, нi iншых працэдур. Талькаўцы ўзгадваюць Таццяну Ждановiч як урача ад Бога. Яна была генiяльным дыягностам. Аляксандра Злобiч расказвае, як Таццяна Аляксандраўна, калi была ўжо на пенсii, назвала дыягназ яе хваробы, якi доўга не маглi высветлiць урачы раённай бальнiцы: “Яна ўважлiва слухала мяне, а больш глядзела ў вочы, потым спынiла i кажа: “Заўтра тэрмiнова здайце аналiзы ў iнфекцыйную бальнiцу. У вас — сываратачны паратыт…” Падобных выпадкаў безлiч. У 1969 годзе Таццяна Ждановiч сама трапiла ў бальнiцу з нагоды дабраякаснай пухлiны. Пасля аперацыi яна сказала сыну: “Жэня, знайдзi тэрапеўта, бо ў мяне пнеўманiя, а мой урач не хоча i слухаць”. Яна не памылiлася. Як не памылiлася i тады, калi сказала дарослай ужо сваёй дачцэ, якая збiралася класцiся на аперацыю па выдаленнi жоўцевага пухiра, што нiякiх камянёў у яе няма. Потым сваякi выпадкова даведалiся, што аперацыя сапраўды была дарэмнай.

Таццяна Ждановiч была адным з лепшых прадстаўнiкоў сельскай iнтэлiгенцыi. Цудоўныя людзi на працягу дзесяцiгоддзяў працавалi разам з ёй у Тальцы. Гэта i дырэктар дзiцячага дома Вольга Карпiнская, i выхавальнiца ў той жа ўстанове Нiна Шаўчэнка, i дырэктар школы Iван Барысенка, i настаўнiкi, выпускнiкi Санкт-Пецярбургскага ўнiверсiтэта Вера i Вячаслаў Бузукi… Гэта дзякуючы iм пасляваенная беларуская вёска дала гораду вучоных, паэтаў, iнтэлiгенцыю, людзей, якiя паднялi краiну, з попелу пераўтварылi яе ў самую квiтнеючую i прывабную зямлю на тэрыторыi Саюза. Пра Таццяну Аляксандраўну кажуць яшчэ, што яна была сапраўдным i разам з тым ненавязлiвым лiдарам. Нязменны дэпутат сельсавета, да меркавання якога заўсёды прыслухоўвалiся. Цiкавая i характэрная дэталь — нават унукi нядаўна са здзiўленнем даведалiся, што iх усiмi любiмая i паважаная бабуля нiколi не была ў партыi…

— У канцы жыцця яна зусiм нядоўга пажыла ў Мiнску, у дачкi, але паспела дапамагчы многiм i тут, — расказвае яе сын. — Шмат людзей прыйшлi з ёй развiтацца. А калi мы прывезлi маму ў Тальку, то сабралiся тры сельсаветы — прыйшлi ўсе, каго яна лячыла. Вельмі шмат людзей.

Таццяне Ждановiч было прысвоена званне заслужанага ўрача БССР — рэдкае для ўрача вясковай бальнiцы. Яна была ўзнагароджана Ганаровымi граматамi Вярхоўнага Савета Мiнiстэрства аховы здароўя БССР i СССР. Але яна нiколi не ставiла афiцыйныя ўзнагароды вышэй за радасць у вачах людзей, якiя сустракалiся з ёй позiркам. Дзесяць гадоў прайшло з таго сакавiка, як яе не стала. Талькаўцы кажуць, што iм яе вельмi не хапае. Яе не хапае таксама родным i прыёмным дзецям, унукам i праўнукам. Тым не менш, усе яны лiчаць сябе шчаслiвымi, бо калiсьцi ведалi яе. Напэўна, i яна гэтаксама лiчыла сябе шчаслiвай з-за таго, што лёс звёў яе з многiмi незвычайнымi цудоўнымi людзьмi. Адным з iх быў паэт Якуб Колас. Дзеўчанё, дачка леснiка, i народны паэт. Розныя лёсы, розныя пакаленнi. Але агульная любоў да гэтай зямлi i яе людзей. Любоў да самаадданасцi. Магчыма, гэта — эстафета, без якой жыццё немагчымае…

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

http://old.talka.info/zhdanovich.html

Advertisements