
На гэтым месцы стаяла “стража” – леснічоўка,
дзе жыў паэт з сям’ёй у Волеся Бранавіцкага.
Фота 2002 г.
Летам 1933 і 1934 г. Якуб Колас жыў у Тальцы ў хаце памочніка ляснічага Цэльскага лясніцтва Аляксандра Іванавіча Яўсейчыка. Хата гэта захавалася і да сённяшняга дня. Доўгі час у ёй жыла дачка Аляксандра Іванавіча Таццяна Аляксандраўна Ждановіч. Яна ўспамінала: “У Тальку Колас прыязджаў разам з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай і трыма сынамі – Юркам, Данілам і малым Міхасём. Жонка Якуба Коласа была настаўніцай. Юра загінуў на фронце ў час Вялікай Айчынай вайны. Даніла доўгі час працаваў дырэктарам Коласаўскага музея ў Мінску. А Міхась стаў вучоным, доктарам фізіка-матэматычных навук. У Тальцы Якуб Колас напісаў “Міхасёвы прыгоды” і “Дрыгву”. Жывучы ў нас, часта хадзіў у лес, на рэчку. Цёмна яшчэ, а дзядзька Кастусь бярэ мяне і мы ідзём у грыбы. Пакуль дойдзем – развіднее, можна ўжо збіраць. Любіў ён таксама вудзіць рыбу.
У Тальку да Я. Коласа прыязджалі З. Бядуля, П. Броўка, П. Глебка і іншыя вядомыя людзі.Асабліва запомнілася шчырасць, дабрыня Канстанціна Міхайлавіча ў адносінах да дзяцей”. Таццяна Яўсейчык пасля заканчэння Талькаўскай школы вучылася на рабфаку, потым закончыла медыцынскі інстытут, стала заслужанным урачом Беларусі. Шмат гадоў працавала галоўным урачом талькаўскай бальніцы. Усе талькаўцы добрым словам успамінаюць гэтую жанчыну.
Расказвае Таццяна Антонаўна Кандрацьева (з дому Хахлуноў), 1920 года нараджэння:“Малая я пасвіла цялят слабодскіх – штук 50 – па беразе Талі. На яме (глыбокая маясціна на Талі) Якуб Колас лавіў рыбу. Здалёк ён пазваў мяне і папытаў, чаму мяне такую маленькую матуля паслала пасвіць цялят. Я адказала, што мама мяне не пасылала, бо памерла, я сірата. Дзядзька ўзяў мяне на рукі, пагладзіў па галаве і спытаў, ці люблю я цукеркі. Я цукерак тады яшчэ не ела, толькі бачыла каляровыя паперкі ля чыгункі і, бывала, збірала іх. Іх выкідалі людзі, што праязджалі на цягніку міма нашай будкі. Будка – гэта хатка, у якой мы жылі з бацькам ля чыгункі, ён працаваў абходчыкам. Так я і сказала гэтаму чалавеку. “Прыганяй заўтра сюды цялят, добра?” – прапанаваў мне незнаёмец. Назаўтра Якуб Колас (мне сказалі большыя дзеці, што купаліся на Талі непадалёку, што я размаўляла з вельмі славутым пісьменнікам – Якубам Коласам) прынёс мне цэлы кілаграм цукерак”.
Вось такую гісторыю пра паэта расказала нам Таццяна Антонаўна ў 2003 г. У паэме “Міхасёвы прыгоды” мы пазнаём апісанні нашых талькаўскіх мясцін і людзей. Вось расказваецца пра яму на Талі, дзе вельмі добра ловіцца рыба:
Не адзін Міхась на яме:
Тут, па ўзберагу ракі,
На спаборніцтва з яршамі
Селі чуйна рыбакі.
Лёнька тут са стражы –
Хлопчык нехлямяжы,
Тут і Ванька з будкі,
Дасціпны і гнуткі,
І Яўсейчык Мішка,
Паўлік, Цішка, Грышка.
Хоць сабе малыя,
Але удалыя.
Гэтыя дзеці зараз ужо сталыя людзі, помняць, як вудзілі рыбу на яме з дзяцькам Кастусём. А вось яшчэ адно месца, знаёмае слыху талькаўцаў, – Ласіныя ямы. Гэта паляна ў лесе, багатая на ягады. Пра яе таксама піша Якуб Колас у “Міхасёвых прыгодах”:
Пранеслася чутка
Па калгасных хатах,
Што суніц у лесе
Нарасло багата,
Што зямля ад ягад
У чырвоных плямах,
Што іх дужа многа
У Ласіных ямах.
Што гэта за ямы?
І чаму Ласіны?
Сам сябе пытае
Розум той дзяціны.
Улетку 1935 г. паэт з сям’ёй жыў у лесніка Волеся Ануфрыевіча і Вольгі Сцяпанаўны Бранавіцкіх у Загібельцы. Знаходзілася Загібелька на процілеглым беразе Талі, за руднянскім мостам направа. Цяпер гэтай вёскі няма.
Успамінае В. С. Бранавіцкая: “Жылі мы ў стражы – хаце-леснічоўцы, трошкі зводдаль ад Загібелькі, злева ад дарогі. Цяпер там засталася толькі паляна сярод лесу і камяні на ёй. Але ж во не зарастае месца лесам. Раніцай Канстанцін Міхайлавіч ідзе ў грыбы, а я распальваю печ, мы з Марыяй Дзмітрыеўнай гатуем снеданне. Не паспее яшчэ і раса падняцца, наш грыбнік ужо тут, з поўным кошыкам. Грыбы ён вельмі любіў збіраць і ўмеў. Перабіраў сам, раскладваў у копы (капа – 60 штук) па велічыні – капа вялікіх, капа сярэдніх, капа маленькіх. Грыбы варылі, смажылі, сушылі рэшту ў печы на зіму. Хадзілі усёй сям’ёй у ягады – суніцы, чарніцы, маліны. На Талі, недалёка ад чыгуначнага моста было вельмі глыбокае месца – яма. Тут Колас з талькаўскімі дзецьмі лавіў рыбу. Цяпер ямы няма, бо Таль памялела з-за асушэння балот”.
Вольга Сцяпанаўна паказала нам месца, дзе была стража і вёска Загібелька. Ніякіх слядоў чалавечага жытла там не засталося. Цяжка паверыць, што можа вось так знікнуць вёска, і гэта адбылося на працягу аднаго чалавечага жыцця.
Вышлі на поле
Каля Загібелькі,
Рэдка пабачыш
Гэткай зямелькі:
Суха і чыста,
Вымецена нібы,
Вёска на горцы,
Дрэвы ўскрай сядзібы
Важна стаяць там,
Дзядзькі-азяроды
Дбала вартуюць
Гумны, гароды.
Буслы на хвоях
Маюць свой будынак.
Вуллі-калоды
Там знайшлі прыпынак.
Так у паэме “Міхасёвы прыгоды” паэт апісаў выгляд Загібелькі. Улетку 1935 г. Якуб Колас ездіў на Сусветны кангрэс міру ў Парыж. Пра гэта К. Крапіва напісаў эпіграму:
Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш –
Грыбоў няма ў Булонскім лесе,
А ў Сене – хоць бы адзін лешч.
Якуб Колас адказаў яму:
Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжэй,
Збіраючы баравікі, –
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа.
Я. Колас хадзіў вудзіць рыбу на возера Грымячае. Гэтая таямнічая мясціна знаходзіцца на поўдзень ад Рудні ў лесе на адлегласці 7-8 кіламетраў.

Едзем на возера Грымячае, 2005 год
Нялёгкі быў шлях да яго. Мы з дзецьмі нават заблудзіліся на лясных сцежках і, мабыць, не знайшлі б гэтае возера, калі б нам не дапамог Павел Ільіч Малькоў, жыхар Талькі. Ён правёў нас да жаданай мэты. І вось нарэшце мы маглі закрычаць словамі паэта:
А вось і возера-акно,
Якога мала дзе пабачыш,
Такое дзікае яно,
Сярод балоцішча адно, –
Завуць яго чамусь Грымячым.
Сапраўды – адкуль такая назва? Дзед Павел патлумачыў нам, што так назвалі гэтае возера з-за таго, што яно знаходзіцца ў балоце, пад ім пласты торфу, ідзе працэс торфаўтварэння. Пры гэтым выдзяляюцца бурбалкі сярністага газу. Вось вам і гром. Яшчэ пра Грымячае расказваюць такую легенду.
У Руднянскім лесе ёсць балота, а пасярод яго возера. Падысці да яго немагчыма – берагі вагаюцца. Кажуць старыя людзі, што раней на гэтым месцы замак стаяў. У замку тым жыў багаты і дужа ганарлівы шляхціц. Нядобрая слава ішла ў наваколлі пра гэтага чалавека – быў ён жорсткі і скнарлівы. У пана таго была прыгажуня дачка, якую ён вельмі любіў.
Аднойчы разгулялася непагадзь – холад, вецер, дождж. Прыйшоў да замка нейкі здарожаны чалавек і папрасіўся пераначаваць. Жыў той прышлы ў замку два дні і дзве ночы. За гэты час ён заўважыў, як пан здзекуецца над сваімі слугамі. Тады падарожны заступіўся за слуг пана. Пану гэта не спадабалася, і ён прагнаў прыйшлага. Адыходзячы, вандроўнік сказаў шляхціцу: “Калі твая дачка будзе гатаваць ежу і ў яе выпадзе з рук і разаб’ецца яйка, тады твой замак праваліцца пад зямлю”.
Праз тры дні так і адбылося. Дачка ўпусціла яйка, і яно разбілася. У той жа час-момант загрымеў гром, пачаўся страшэнны лівень. Апоўначы замак праваліўся – утварылася возера. Часам яно грыміць, калі прыслухацца. Нібыта злуецца, гырчыць той жорсткі пан. Адтаго возера і завуць Грымячым.
У наступныя гады Якуб Колас усе леты праводзіў на Пухавіччыне. Ён жыў у вёсках Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка. Шмат вершаў было напісана ім пра Пухавіцкую зямлю і яе людзей.
У лістападзе 1997 г. у Тальцы, на будынку чыгуначнага вакзала, была ўстаноўлена памятная дошка. На ёй напісана: “На Пухавіччыне (Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка) у 1933-40, 1946-56 гадах адпачываў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. М. Міцкевіч)”. На свята ў школу з гэтай нагоды прыязджалі госці: Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч – малодшы сын паэта, Генрых Далідовіч – пісьменнік, зямляк Я. Коласа, Алесь Карлюкевіч – журналіст, краязнаўца Пухавіцкай зямлі. Госці гаварылі пра паэта і Пухавіччыну. Міхась Канстанцінавіч расказваў пра свае дзіцячыя ўражанні, што засталіся ад талькаўскіх людзей, мясцін. Вучні прачыталі вершы Я. Коласа пра Тальку, Загібельку, возера Грымячае.
Аўтар артыкула: Наталля Ільініч
Крыніца: http://old.talka.info/kolas.html