Наша зямлячка Алена Мазанік

Конкурсная даследчая праца, створаная краязнаўцамі Талькаўскай школы Радзюк Вольгай, Сакалеўскім Яўгенам і Лук’янавай Марыяй пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ільініч Наталлі Валянцінаўны.

Алена Мазанік –
Герой Савецкага Саюза

Чаму пра Мазанік?

Мы зацікавіліся жыццём і лёсам Алены Мазанік таму, што яна наша зямлячка. Лічым, што трэба ведаць гісторыю свайго краю і яго герояў, а што яна гераіня – ніякага сумнення няма. Як так атрымалася, што на нашай зямлі вырасла такая дзяўчына, дзе вытокі яе гераізму? Каб зразумець гэта, мы з сябрамі краязнаўчага гуртка наведалі радзіму Алены Рыгораўны вёску Паддзягцярню, сустрэліся з суседзямі і сваякамі, запісалі іх успаміны. У нашай Талькаўскай бібліятэцы знайшлася кніга ўспамінаў гераіні “Помста”, шмат інфармацыі пра нашу славутую зямлячку ёсць у газетах, часопісах, нават у энцыклапедыях і падручніках згадваецца пра яе подзвіг. У раённай бібліятэцы ў Мар’інай горцы мы знайшлі цікавую кнігу Селямнёва В. Д. і Шымоліна В. І. ” Охота на палача”, якая выйшла ў 2007 годзе. Напісана яна на аснове архіўных дакументаў, утрымлівае шмат раней невядомых нам фактаў.

Алене Мазанік 17 год

Чым больш мы даведваліся пра жыццё Алены Рыгораўны Мазанік, пра падзею, што здарылася ў Мінску на Тэатрштрассэ 22 верасня 1943 года, тым больш здзіўлення і пытанняў у нас узнікала.

Паддзягцярня

Сёння Паддзягцярня – гэта невялікая вёсачка ў Блужскім сельсавеце. Мы даехалі на электрычцы да прыпынка Блужа і пайшлі сцежкаю па заснежаным полі да сваёй мэты кіламетры тры. Зімой у Паддзягцярні мала пастаянных жыхароў, большасць хат зараз стаяць пустыя, толькі вясной-летам сюды прыязджаюць дачнікі. Мы з цяжкасцю знайшлі хату, дзе былі людзі, каб распытаць, дзе знайсці дом Мазанікаў. Аказалася, што хата гэта стаіць на вуліцы імя Мікалая Чэпіка – Героя Савецкага Саюза, які загінуў у Афганістане. Коля Чэпік таксама нарадзіўся і вырас у Паддзягцярні, пры тым на той жа вуліцы, дзе жылі Мазанікі. Вось такая невытлумачальная канцэнтрацыя Герояў СССР з адной вёскі і з адной вуліцы.

Першая наша субяседніца – суседка Мазанікаў – Кульбіцкая (з дому Лізунок) Ганна Андрэеўна, родам з вёскі Юравічы Старадарожскага раёна, у Паддзягцярні жыве з 1954 года. Яна паказала нам невялікі драўляны дамок, абшыты дошкамі і пафарбаваны карычневай фарбай, расказала, што гэты дом раней належаў роднаму брату Алены Рыгораўны Івану Рыгоравічу Мазаніку, а цяпер – яго сыну Івану Іванавічу, які жыве з сям’ёй у Мінску, а прыязджаюць уладальнікі дома цяпер сюды толькі як на дачу. Некалькі год таму Іван Іванавіч быў заняўся тут фермерскай справай – апрацоўваў зямлю, пабудаваў гаспадарчыя памяшканні. Але відаць справа ня дужа заладзілася, бо цяпер двор стаіць пусты і гаспадар з сям’ёй прыязджае сюды толькі ў адпачынак. У яго трое дзяцей – Дзяніс, Святлана і Аляксандр.

Алене Мазанік (справа),
Мiнск, 1942 год

Пытаем, ці ведае наша субяседніца пра Алену Мазанік, ці прыязджала яна сюды пасля вайны да свайго брата. Так, прыязджала. Але вельмі рэдка, Ганна Андрэеўна бачыла яе, але асабіста не размаўляла, не была знаёмая.

Заходзім у маленькую хатачку насупраць Мазанікаў, дзе бачым, што гарыць святло і пратаптаная на снягу сцежка. Гаспадыня рада нам, запрашае праходзіць, частуе нас гарачым чаем з пернікамі, што вельмі дарэчы, бо мы ўжо добра замерзлі, ідучы па полі на такім пранізлівым лістападаўскім ветры. Гіліцкая ( з дому Зенькевіч) Валянціна Уладзіміраўна аказалася вельмі прыемнай гаваркой субяседніцай. Нарадзілася яна у Паддзягцярні ў 1946 годзе, закончыла Блужскую школу, жыла і працавала ў Мінску, а цяпер ўжо на пенсіі вярнулася з мужам у маміну хату.

Валянціна Уладзіміраўна гаворыць нам, што Алена Мазанік нарадзілася не ў вёсцы, а недзе тут на хутары, бо ў вёску хутары пасцягвалі ў час калектывізацыі, а да гэтага ўсе людзі жылі на хутарах. Дзе быў хутар Мазанікаў – яна не ведае. Ці гэта ёсць тая самая хата, у якой нарадзілася Алена – хутчэй за ўсё не, наўрад ці захавалася б драўляная хата, якая ў часы дзяцінства Алены была старэнькай. Гэту хату будаваў брат Алены Іван і ўсё жыццё пражыў тут. Наша субяседніца гаворыць, што Алена Мазанік у Паддзягцярню да брата прыязджала вельмі рэдка, ва ўсякім разе яна яе тут ніколі не бачыла. Ведае, што да вайны Алена выходзіла замуж , ў яе нарадзіўся хлопчык, але памёр.

Некалькі год таму сюды ў вёску Паддзягцярня прыязджала здымачная група, журналісты, гісторыкі з Германіі – цэлы аўтобус людзей, здымалі вёску, бралі інтэрв’ю ў пляменніка Алены Івана Іванавіча Мазаніка. Сусед на вуліцы іграў на гармоніку, дык яны слухалі, здымалі. Гэта сведчыць пра тое, што хаця ад той памятнай падзеі 22 верасня 1943 года прайшло так шмат год, цікавасць да асобы Мазанік не знікае.

Алена Мазанік,
Мiнск, 1961 год

Яшчэ адзін наш субяседнік з Паддзягцярні – Фінскі Аляксандр Аляксандравіч, нарадзіўся тут у 1952 годзе, цяпер жыве ў Мар’інай Горцы і працуе настаўнікам у Блужскай школе. У Паддзягцярні ў яго дача, тут ён жыве-працуе на агародзе летам. Зямляк Мазанікаў успамінае, што калі вучыўся ў Блужскай школе, то са сваёй класнай кіраўніцай Жышкевіч Марыяй Герасімаўнай яны класам вялі перапіску са сваёй славутай зямлячкай, яна ім пісала, абяцала прыехаць да іх на сустрэчу, але так ні разу і не прыехала. У Паддзягцярні гавораць, што калі памерла старэйшая сястра Алены Вольга гадоў 15 таму назад, то Алена нават на пахаванне да сястры не прыязджала, прыслала сваю наймічку (так, відаць, называюць тут тую жанчыну, што дапамагала Алене Рыгораўне весці хатнюю гаспадарку), яна прывезла на машыне прадукты, дапамагла арганізаваць пахаванне.

Іван Іванавіч гаварыў Фінскаму, што, калі быў забіты Кубэ, то помсты з боку немцаў да сваякоў Мазанік у Паддзягцярні не было, ніхто не прыязджаў у вёску, не шукаў радзіны, і рэпрэсій немцы не чынілі. Аляксандр Аляксандравіч шмат ведае пра сваю родную вёску, цікавіцца яе гісторыяй, ведае людзей. Ён падказаў нам, як знайсці сваякоў Алены Рыгораўны.

Хата Мазанікаў ў Паддзягцярні, 
у якой нарадзілася Алена

Сваякі Алены Рыгораўны

Гулякевіч (з дому Мазанік) Яніна Канстанцінаўна – стрыечная сястра Алены Рыгораўны. Нарадзілася яна на тым жа хутары, што і Алена, у 1928 годзе ў сям’і Кастуся – роднага брата Рыгора, бацькі Алены. Жыла ў Паддзягцярні, а цяпе у сваёй дачкі у Блужы. Вось што расказала нам гэта жанчына.

“Хутар наш быў паміж Машчонавым і Маем, недалёка ад цяперашняй фермы. Стаяла тры хаты, жылі тры браты – Рыгор, Кастусь і Віктар Мазанікі – са сваімі сем’ямі. Як жылі – багата ці бедна? Тады ўсе былі бедныя. Рыгор памёр рана, засталася Марыя з чатырма малымі дзецьмі, таму, канечне, сям’я Алены Рыгораўны была бяднейшай, чым іншыя. У 14 год Алену забрала ў Мінск цётка Вольга за няньку, а як малое падрасло, то ўстроіла яе працаваць у цэкоўскую сталоўку.

У Алены недзе ў сярэдзіне 1930-х нарадзіўся хлопчык Жэня, прывезла яна яго да сястры Вольгі, відаць, у Мінску не было каму яго глядзець, дзіцячага садка не было, тут ён захварэў і памёр, гады тры яму было. А другое дзіцятка нарадзілася і адразу ж памерла, гэта ўжо перад самай вайной у Мінску, калі выйшла замуж за Тарлецкага. Гаравала яна па сваіх дзецях, перажывала з-за гэтага.

Як Алена стала на ногі, забрала ў Мінск і малодшую сястру Валю. Старэйшыя Іван і Вольга засталіся на хутары. Вольга выйшла замуж за Антона Доўнара, жылі яны ў Паддзягцярні. Іван узяў сабе жонку з Арэшкавічаў. У 1939 годзе ўлады пасцягвалі хутары ў Паддзягцярню. Так Іван Рыгоравіч і перавёз гэту бацькаву хату з хутара ў Паддзягцярню, там яна цяпер і стаіць. У Івана Рыгоравіча з жонкай было 6 дзяцей, але 4 паўміралі маленькімі, засталіся Іван і Маня. Мані ўжо няма, а Іван вывучыўся, жыве ў Мінску, прыязджае ў гэту бацькаву хату.

Пасля вайны я некалькі разоў заязджала да Алены, калі трэба было, заставалася ў яе начаваць, яна ахвотна запрашала да сябе на начлег, казала: “Прыходзь, хоць пагаворым.”

Пытаем у Яніны Канстанцінаўны, ці размаўлялі яны з Аленай Рыгораўна пра тое, што здарылася 22 верасня 1943? Што яна гаварыла пра свой подзвіг?

Пра гэту падзею гаварылі мала, відаць, Алене гэтая тэма была непрыемная. Можа баялася помсты з боку немцаў ці яшчэ каго.

Ці ганарыцца яна, што яе сястра – гераіня? Яніна Канстанцінаўна адказвае: “Як ляжала ў бальніцы ў Мінску, было гэта ў 1953 годзе, то там у палаце пачулі маё прозвішча і спыталі, ці не сваячка мая Алена Мазанік, што Кубэ забіла. Я з гонарам ім і кажу, што гэта мая стрыечная сястра. Лепей бы не гаварыла, а то гэтыя людзі проста накінуліся на мяне, маўляў, ці ж гэта добрае яна зрабіла, з-за гэтага Кубэ потым забілі ў Мінску нявінных людзей: немцы схапілі з трох кварталаў ні ў чым невінаватых людзей і расстралялі. Вось такі ў мяне быў гонар”.

Гутарым з жонкай Івана Іванавіча Мазаніка Галінай Аляксандраўнай (з дому Валевіч).

” Гэта хата Мазанікаў у Паддзягцярні вельмі старая. Яшчэ дзед Алены Рыгораўны Іван перавёз яе з вёскі Ізбішча (знаходзіцца па дарозе з Паддзягцярні ў Мар’іну Горку) на хутар. У іх там было 2 валокі зямлі ( 1 валока роўна 21,36 гектара), жылі тры браты – Рыгор, Кастусь і Віктар. У гэтай хаце жыла сям’я Рыгора, у ёй і нарадзілася Алена. У іх чацвёра дзяцей было: Вольга ( нарадзілася ў 1909 годзе), Іван (1911), Алена (1914), Валянціна (1919). Мазанікі былі хоць і з простых сялян, але не бедныя: 11 кароў дзядзькі на тым хутары трымалі. Сям’я Рыгора рана страціла кармільца, то было ім цяжка: дзеці рана сталі хадзіць у наймы. Алена Рыгораўна расказвала нам, што вось так малая, жнучы жыта, адрэзала сабе сярпом кончык мізінца. Жонка Рыгора, маці Алены, была родам з Французкай Грэблі, з шляхецкай сям’і, каталічка, як кажуць у нас, з палякаў, – Марыя Цімафееўна Ерамей. У Французкай Грэблі жыла бабуля Алены па маці – Ванда.

Калі ў час калектывізацыі загадалі ўлады пераязджаць з хутароў у калгас, то Мазанікі не хацелі. Каб прымусіць, прыехалі і гвалтам пасцягвалі стрэхі з хат – не будзеш жа жыць у хаце без страхі… Прыйшлося перабірацца ў Паддзягцярню, тады Іван Рыгоравіч і перавёз гэту хату сюды, напэўна, нешта падрамантаваў, так яна і стаіць ў Паддзягцярні да сённяшняга дня, усё жыццё яны тут і пражылі. Толькі калі свякроў памерла, то мы забралі яго да сябе ў Мінск, некалькі год у нас пражыў.

Муж мой Іван Іванавіч Мазанік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Паддзягцярні ў гэтай самай хаце, закончыў БІМСГ, працаваў інжынерам-электрыкам у Мінску. У нас трое дзяцей: Дзянісу 36 год, Святлане і Аляксандру па 25, яны ў нас двайняты. 9 год мы былі фермерамі ў Паддзягцярні: узялі зямлю 7 гектараў ля Машчонава, вырошчвалі бульбу, збожжавыя, трымалі кароў. Цяжкая гэта праца, пражыць з яе нельга, ды і здароўе ўжо не тое, вось у мінулым годзе муж перанёс аперацыю на сэрцы.

Алена Рыгораўна ў Паддзягцярню амаль не прыязджала. У яе з гэтай вёскай былі звязаныя цяжкія ўспаміны: у 1930-ыя гады яна аддала сюды сястры Вользе даглядаць свайго сыночка Жэню, ён захварэў на дыфтэрыю і памёр. Дзеці – гэта для яе была вельмі балючая тэма. Другі хлопчык ужо перад вайной, калі была замужам за Тарлецкім, нарадзіўся мёртвы з-за таго, што яна падняла цяжкія мяшкі з бульбай. Яна вельмі любіла дзяцей, а вось свайго Бог не даў… Распалася сям’я з гэтым Тарлецкім.

Пасля вайны Алена Рыгораўна спрабавала яшчэ раз выйсці замуж – за ваеннага, нават пераехала да яго ў Мазыр жыць, але, відаць, не атрымалася ў іх сям’я, вярнулася назад у Мінск. Так і жыла яна адна, толькі жанчына дапамагала ёй весці хатнюю гаспадарку. Хварэла ўвесь час, сэрца ў яе было хворае. Прыязджала да нас у госці, і мы да яе ездзілі. Вось апошні раз былі на яе дзень нараджэння 4 красавіка 1996 года – свёкар мой Іван Рыгоравіч – яе брат, мой муж Іван Іванавіч – яе пляменнік і я. Больш нікога і не было Нармальна яна сябе адчувала. А 7 красавіка, так нечакана, памерла.

Для развітання труна з целам Алены Рыгораўны была ўстаноўленая ў Доме афіцэраў – кажуць, на тым самым месцы, дзе стаяла труна з забітым ёю Кубэ, да таго як яго цела павезлі ў Германію.

Якая яна была? Хутчэй сумная, чым вясёлая. Сціплая: ніколі не выхвалялася сваімі заслугамі, не гаварыла пра сваё геройства.

Дарэчы, мой муж – адзіны з пляменнікаў Алены Рыгораўны, хто носіць яе прозвішча. Астатнія пляменнікі – дзеці сёстраў, таму прозвішчы ў іх іншыя. У Вольгі адзін сын, жыве на Ўкраіне, у Валі (па мужу Шуцкая), якая дапамагала Алене Рыгораўне здзейсніць выбух, потым іх разам з дзецьмі вывезлі ў Маскву- Яўген, 1940г. нар., Ліля (1942), Таня (1951).

Можа таму Алена Рыгораўна раднілася з намі, дапамагала. Як дапамагала? Вось калі мы ў 1986-87 гг атрымалі сваю кватэру – час быў такі, што нічога не было ў магазінах, ні мэблі, ні гардзін, за ўсім былі чэргі ці па блату толькі можна было купіць – то Алена Рыгораўна тады нам дала свае дакументы Героя СССР, мы паехалі і набылі “мяккі куток”. Потым я яшчэ дзякуючы ёй купіла швейную машынку.

Цяпер усякую брыдоту пра Алену Мазанік пішуць, адкуль яны гэта бяруць, навошта? Я хачу сказаць, што Мазанікі – прыстойныя, працавітыя, добрыя людзі. Дарэчы, усе жанчыны з іх роду вельмі смачна гатуюць, у тым ліку і Алена Рыгораўна.

Аднойчы, калі мы былі ў яе у гасцях, Алена Рыгораўна паказала нам пісьмо – ёй прыслала яго з Германіі Аніта Кубэ. Што там напісана, мы не чыталі, але бачылі яго. Казала, што пісьмо харошае, бажэсцвеннае. Мне здалося, што яна была здзіўлена гэтым пісьмом. Адказваць на яго яна хутчэй за ўсё не збіралася. Чаму? Я думаю пабойвалася. Чаго ёй пабойвацца? Можа баялася, што гэта правакацыя якіх- небудзь спецслужбаў ці баялася помсты з боку сваякоў Кубэ.”

Дзяцінства Алены

Алена Рыгораўна Мазанік нарадзілася 4 красавіка 1914 года на хутары ля вёскі Паддзягцярня Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён) у мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацька Рыгор памёр, калі Алене было 4 гады. Яшчэ ў сям’і было трое дзяцей – Вольга, Іван – старэйшыя, а Валя нарадзілася толькі за паўтары тыдні да смерці бацькі. Вось так Рыгорыха засталася адна з чатырма малымі дзеткамі.

Алена ўспамінала: ” …Зімой мы цягалі ламачча. Оля з Ваняй – з лесу пад павець, а я ў – з-пад павеці ў хату . Таму што цяпер ужо на палку ляжала матуля, худая-худая. Ноччу яна плакала ў падушку, а днём толькі ўздыхала. Раніцай мы забівалі дзіркі ў вуглах. Дзе пралезе белы мароз – туды закладваем анучы. Але ўсё роўна халодна, і мы залазім на печ і па чарзе сядзім пасярэдзіне. Там цяплей і ад цёплых цаглін пад табой, і ад пляча сястры і брата..”( 2, с.5).

З васьмі год Аленка ўжо пасвіла парсюкоў у багатых хутаранаў, а з 11 са старэйшай сястрой Вольгай жала жыта ў Бецмана, Буцькі ці Лазарэвіча, восенню капалі бульбу. На загоне яна была самая малодшая, не паспявала за дарослымі жанчынамі і дзяўчатамі. Аднойчы так спяшалася дагнаць, што адрэзала сабе сярпом кончык мізінца. З гэтай траўмай дзядзька Шура, муж татавай сястры, завёз малую ў бальніцу ў Пухавічы. “Спадабалася там: такія чыстыя-чыстыя прасціны і даюць малако з белым хлебам. А мы белага зусім не бачылі, чорнага толькі да Калядаў хапала. Тады маці ўставала з палка, брала кій і ледзь-ледзь клыпала да суседзяў – пазычце… Ну, а летам мы “аджыналі” за доўг і за тое, што мужчыны заворвалі на сваіх конях наш загон (наша кабылка Чорная здохла ў самыя маразы).” (Тамсама, с. 6).

Горкае было жыццё, асабліва зімою. Ніхто цябе не накорміць – ты ж цяпер не батрачыш на чужых загонах. Ад бацькі засталася зрэбная шэрая світка. У ёй Іван хадзіў у школу, кіламетры тры да яе было. Алена правучылася у школе толькі адну зіму, бо не было чаго апрануць. “Матуля закруціла мяне ў коўдру. Яна мне і за світу і за хустку. Бывала, хлопцы з багатых сем’яў самі ў кажушках і нават рукавіцах дзеля смеху штурхнуць мяне у сугроб, і я ляжу, як бервяно, не магу ўстаць. Бо вуглы коўдры завязаныя за спіною, а рукі пад коўдраю, каб не стылі.” На другую зіму маці Аленку ў школу не пусціла, хаця і ўпрошваў настаўнік Рудакоўскі, гаварыла: “Хай Ваня вучыцца, ён мужык. А я во няграматная ўсё жыццё пражыла – і нічога. І яна пражыве.”

А жыцця таго ў маці і сарака год не было. Памерла яна задоўга да вайны.

У Мінску

У чатырнаццаць год Алена цвёрда сказала маці: паеду ў горад. Што, маўляў, тут у вёсцы вечна батрачыць і заўсёды быць у даўгах, а там я зараблю грошы і прышлю вам. У Мінску жыла бацькава сястра цётка Вольга, у яе дачкі нарадзіўся сын, трэба была нянька для малога.

Цяжкае жыццё было і тут, асабліва спачатку. Дзяўчынка даглядала парсюкоў – варыла ім бульбу, таўкла яе, мяшала мешанку, выкідала гной, сцяліла. Акрамя таго, даглядала дзіця, сцірала на 8 чалавек, прыбірала ў доме, глядзела вялікі агарод, цягала дровы, паліла ў печах. Бялізну паласкала ў Свіслачы, цягаючы цяжкія абледзянелыя кашы да палонкі. Так, відаць, Алена і зарабіла сабе рэўматызм, ад якога пакутавала потым. Тут таксама, як і дома, галадала. Есці давалі мала, сама не возьмеш, бо ўсё пад замком, і не купіш, бо грошай не плацяць ні капейкі…

Пра жыццё Алены ў Мінску ў 1930-ыя гады ў яе ўспамінах гаворыцца вельмі мала. Згадвае, што працавала афіцыянткай у розных дзяржаўных установах, вучылася ў вячэрняй школе, у 1938 годзе выйшла замуж за Аляксандра Тарлецкага, які быў шафёрам наркама унутраных спраў БССР Матвеева, нарадзіла сына, маладой сям’і нават выдзелілі асобную кватэру з тэлефонам. “Усё б добра, дык не: праехала на грузавой машыне, пратрэслася – пачаліся датэрміновыя роды. Хлопчык пражыў ўсяго адзін дзень..” ( 2, с.14). А вось што Алена гаворыць пра гэты час на допыце ў Маскве, калі Кубэ ўжо быў забіты і выканальніц аперацыі прывезлі “для даклада” у НКУС.

Пытанне: Дзе Вы працавалі да акупацыі нямецкімі войскамі Мінска?

Адказ: З 1931года і да пачатку вайны я з’яўлялася супрацоўніцай НКУС і працавала ў якасці афіцыянткі па абслугоўванню кіраўнікоў Кампартыі і ўрада Беларусі. З 1931 да 1935 год – у сталовай Саўнаркама. Пасля гэтага не працавала, бо ў мяне было дзіця. Потым да 1939 года – у доме адпачынку Саўнаркама Беларусі, а з 1939 года – у сталовай ЦК КП(б)Б. Па лініі НКУС таксама працаваў мой муж. (5, с. 154).

Такім чынам, у 1930-ыя гады ў Алены з’явілася праца, жыллё, сям’я.Толькі цяпер яна перастала галадаць, выбілася з нястачы, якая адольвала сям’ю у Паддзягцярні. Пасля смерці маці яна забрала да сябе малодшую сястру Валю, прыстроіла яе ў ФЗУ друкароў. Старэйшыя брат Іван і сястра Вольга засталіся ў вёсцы, ужо мелі свае сем’і. Вось толькі дзеці Алены Рыгораўны памерлі. Пра першага яна нават нічога не ўзгадвае ў сваіх успамінах, толькі у пратаколе допыту НКУС.

Можна меркаваць, што дзяўчына старалася добра выконваць свае абавязкі на працы, была стараннай, працавітай, бо зведала змалку голад і холад.

Вільгельм Кубэ, 1933 год

Пачатак вайны

Муж Алены Тарлецкі з’ехаў з Мінска разам з наркамам Матвеевым у першы ж дзень вайны. Алена паспрабавала ісці на ўсход з Чырвонай Арміяй, каб ўцячы ад немцаў, выйшла з Мінска толькі на пяты дзень вайны. Першыя пяць дзён яе выклікалі на працу – працавала ў сталовай ЦК КПБ, дапамагала рыхтавацца да эвакуацыі. Не паспела сысці на ўсход, вярнулася, але спачатку пайшла не ў Мінск, а да сваёй бабулі ў Французкую Грэблю – вёску ў Пухавіцкім раёне. Што гэта за бабуля, нават яе імя, прозвішча Алена Рыгораўна не гаворыць у сваіх мемуарах. Тут Алена пражыла каля двух тыдняў і вырашыла ісці ў Мінск. Яна спадзявалася, што туды будзе вяртацца яе муж, толькі тут яны могуць сустрэцца, калі наша армія вызваліць горад.

Жыццё пры немцах

Гаўляйтэр Беларутэніі 
Вільгельм Кубэ, Мiнск, 1943 год

Дом, у якім жыла Алена Рыгораўна, яна знайшла спаленым і такім чынам апынулася без жылля, адзення і ўсякіх сродкаў існавання. Вось, як яна расказвае пра сваё далейшае жыццё на допыце у НКУС у Маскве пасля забойства Кубэ.

Пытанне: Як жа вы наладзілі сваё жыццё?

Адказ: Першы дзень я спрабавала знайсці каго-небудзь са сваіх знаёмых, але мне гэта не ўдалося. На наступны дзень у цяжкім стане я сядзела ля ракі і плакала. Ка мне падышоў нямецкі афіцэр і спытаў, ці не жадаю я працаваць? Я сказала, што працаваць вельмі хачу. Тады ён накіраваў мяне ў адну з воінскіх частак, дзе я стала працаваць прыбіральшчыцай.”(5, с. 154)

Далей “кар’ера” Мазанік складваецца даволі ўдала. Хутка яна пераводзіцца на фабрыку-кухню ў якасці афіцыянткі, а затым у казіно, якое адчыніў генеральный камісарыят для абслугоўвання нямецкіх афіцэраў. Тут і адбылася сустрэча Мазанік з Кубэ.

Пытанне: Пры якіх абставінах?

Адказ: Кубэ прыходзіў у казіно і заходзіў на кухню, каб падабраць сабе дзяўчат у служанкі.

Пытанне: Няўжо сам Кубэ займаўся гэтым?

Адказ: Так, ён сам падбіраў дзяўчат па свайму густу ва ўзросце не больш за 22 гады і часта мяняў абслугу. Аднойчы Кубэ прыйшоў у казіно, пазваў мяне і спытаў, колькі мне год. Я адказала – 27.

Пытанне: Ці ведаў Кубэ, дзе вы працавалі пры Савецкай уладзе?

Адказ: Так, ён цікавіўся гэтым пытаннем і я яму сказала, што абслугоўвала кіраўнікоў савецкага ўрада Беларусі. Кубэ, насуперак маім чаканням, даў загад, каб мяне пакінулі на працы ў казіно.

Пытанне: Як Кубэ ставіўся да вас асабіста?

Адказ: Добра. Я старалася працаваць вельмі добра, баялася, каб мяне не звольнілі з казіно, бо жыццё было цяжкае. Кубэ хваліў мяне за добрую працу.

Пытанне: Ці прыходзілася вам абслугоўваць яго асабіста?

Адказ: У час працы ў казіно не прыходзілася. Праўда, у той час я абслугоўвала ад’ютанта генерала Кубэ Вільдэнштэйна Карла, прыбірала яго кватэру. Па рэкамендацыі Вільдэнштэйна я ў пачатку чэрвеня 1943 года была прынята ў якасці абслугі ў спецыяльны трохпавярховы 18-пакаёвы дом Кубэ.”

Кватэра Вільгельма Кубэ
ў Мiнску

Забойства правіцеля Беларусі Вільгельма Кубэ

У ноч з 21 на 22 верасня 1943 года ў Мінску, у доме на Тэатэрштрасэ ва ўласным ложку выбухам англійскай міны з гадзіннікавым механізмам быў забіты гаўляйтэр Беларутэніі Вільгельм Кубэ. Агульнавядомы факт, што бомбу пад ложак падклала наша зямлячка Алена Мазанік, якая працавала там прыбіральшчыцай. Перадала ёй бомбу падпольшчыца Марыя Восіпава.

Хто ж падрыхтаваў гэту аперацыю, кіраваў ёю?

Старажытныя рымляне гаварылі: ” Паражэнне – сірата, а ў перамогі шмат бацькоў”. Сапраўды, адразу некалькі кіраўнікоў партызанскіх атрадаў, падпольных і дыверсійных груп паслалі ў Маскву пераможныя справаздачы, прыпісваючы менавіта сваім агентам гэты тэрарыстычны акт. На Кубэ вялося сапраўднае паляванне. 12 дыверсійных груп былі засланыя з Масквы з гэтай мэтай, іх рыхтавалі Цэнтральны і Беларускі штаб партызанскага руху (ЦШПР і БШПР), НКУС СССР, НКДБ СССР, Разведвальнае упраўленне Генеральнага штаба Чырвонай Арміі (РУ ГШЧА). (5, с.44). Кожнае з гэтых ведамстваў цяпер хацела атрымаць “пальму першынства”. Асабліва імкнуўся да гэтага Лаўрэнцій Цанава, тады наркам дзяржаўнай бяспекі Беларусі і яго начальнік Берыя.

Сёння на аснове дакументаў устаноўлена, што міну падпольшчыца Марыя Осіпава атрымала ў спецатрадзе “Дзіма”. Дзіма – Давід Кеймах загінуў у самалёце, які вылецеў у Маскву 14 верасня 1943 г., гэта значыць за некалькі дзён да забойства Кубэ. Камандзірам гэтага атрада стаў Мікалай Фёдараў, менавіта ён накіраваў Восіпаву з мінай да Мазанік, а падпарадкаваны гэты атрад быў РУ ГШ ЧА пад кіраўніцтвам Фёдара Кузняцова.

Аднак, існуе меркаванне, што выступіць арганізатарамі замаху мелі повад (востры палітычны канфлікт СС і Кубэ) і магчымасць высокія сілы ў СС, магчыма, з ініцыятывы Гімлера. Пра гэта піша гісторык Юрый Туронак у сваім даследаванні “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Ён прыводзіць дакументы, якія сведчаць, што Кубэ пратэставаў супраць метадаў акупацыі Беларусі. “Масавыя расстрэлы, спальванне жанчын і дзяцей не маюць нічога агульнага з гуманным вядзеннем вайны. Колькасць вёсак, знішчаных у час паліцэйскіх аперацый, перавышае колькасць вёсак, спаленых партызанамі .. Калі такімі метадамі дзейнічаць і далей, няма чаго разлічваць на ўціхамірванне краю… Дагэтуль апроч абяцанняў, у якія ўжо не верыць ніхто, мы практычна не даём нічога народам Усходу”.( 6, с. 626-627). Гэта сказы з рапарта Кубэ берлінскаму кіраўніцтву.

У час дзейнасці як кіраўніка нямецкай грамадзянскай адміністрацыі ў Беларусі выступаў супраць забойства мясцовага насельніцтва (у т.л. яўрэяў), атрымаў ад палітычных апанентаў ярлык “абаронца яўрэяў”.

Пад кіраўніцтвам Кубэ на акупаваных беларускіх землях праводзілася палітыка г.зв. “вайсрутэнізацыі” – спрыяння беларускаму нацыянальнаму развіццю пад нямецкім кіраўніцтвам і кантролем.

Падтрымка Кубэ беларускага нацыянальнага руху, хоць і падкантрольнага нямецкай адміністрацыі, выклікала рэзкае незадавальненне і процідзеянне іншых палітычных сіл Германіі, найперш СС (Гімлер). Да яшчэ больш рэзкага палітычнага канфлікту прывялі сістэматычныя выступы Кубэ супраць нечалавечай дзейнасці СС і паліцыі ў Беларусі супраць мясцовага насельніцтва.

Смерць Кубэ была на руку не толькі савецкім уладам, але і краўніцтву СС, і Туронак не выключае версіі пра тое, што замах падрыхтавалі СС і СД, ці, прынамсі, не зрабілі нічога, каб прадухіліць яго. У падтрымку гэтаг ён прыводзіць той факт, што за тыдзень працы следчай камісіі СС было высветлена, што Мазанік і Осіпава выведзены ў партызанскі атрад і вывезены ў Маскву, што паводле Туронка азначае, што СД мела сваіх інфарматараў у атрадзе, куды ўцяклі жанчыны. Гімлер, у сваю чаргу пасля смерці Кубэ выказаўся, што “толькі смерць уратавала таго ад канцлагеру”. (6, с.630).

Цікавую гісторыю на тэму, хто ж даў загад, які выканала Мазанік, расказваюць Вячаслаў Селямнёў і Віктар Шымолін у сваёй кнізе “Охота на палача”. Наркам дзяржбяспекі БССР, бліжэйшы саратнік і стаўленнік Берыі, Цанава даручыў ажыццявіць забойства гаўляйтэра Беларусі кіраўніку апергрупы “Мсціўцы” палкоўніку Юрыну. Была праведзена вялікая падрыхтоўчая праца – у Мінску быццам бы было завербавана 58 агентаў у акружэнні Кубэ. Калі выбух на Тэатэрштрасэ ўжо прагрымеў, Юрын пасылае данясенне Цанаве аб тым, што гэта зрабіла ягоная група. “Кубэ забіты нашым агентам “Артур” – Вільдэнштэйнам Карлам, ад’ютантам Кубэ. Для гэтага ён выкарыстаў пакаёўку Кубэ – Тарлецкую, жонку Тарлецкага, шафёра Матвеева, былога наркама унутраных спраў БССР. “Артур” сужыцельстваваў з Тарлецкай і па нашаму заданню прыцягнуў яе. “Артур”, сыходзячы разам з Кубэ на службу, папярэдзіў Тарлецкую і прапанаваў закласці магнітную міну ў ложак Кубэ, што яна і зрабіла 21 верасня”. ( 5, с.123).

Сам Цанава піша дакладную запіску “наверх”, у якой абагульняе данясенні Юрына. “Пасля ажыццяўлення забойства Кубэ Мазанік – Тарлецкая, баючыся пераследу з боку нямецкіх уладаў, карыстаючыся сваімі сувязямі з Восіпавай Марыяй, удала выбралася з Мінска і выпадкова (выдзелена Селямнёвым) трапіла на базу групы РУ ГШ ЧА, узначальваемую Фёдаравым, дзе ў выніку незаконных дзеянняў з боку Фёдарава была ізалявана ад групы таварыша Юрына, а потым самалётам дастаўлена ў Маскву…” (5, 126)

У Маскве

Калі Кубэ быў забіты, некалькі ўдзельнікаў пакушэння былі дастаўлены ў Маскву, дзе доўга не маглі разабрацца, хто ж на самай справе забіў Кубэ. Ні Восіпава, ні Траян, ні Мазанік не ведалі пра тайныя спружыны аперацыі, якую яны ажыццявілі. І ўжо тым больш яны не ведалі пра авантурны рапарт палкоўніка Юрына, які атрымалі Цанава і Берыя. Былая служанка Кубэ, Траян і Осіпава павінны былі пацвердзіць ці аправергнуць данясенні спецгруп, што рапартавалі пра сваё аўтарства забойства. Дапытвалі іх высокія начальнікі – Цанава, Меркулаў, наркам дзяржбяспекі СССР, яго намеснік Кабулаў, Фёдар Кузняцоў – начальнік Разведупраўлення Чырвонай Арміі (менавіта пад кіраўніцтвам яго ведамства знаходзіўся атрад “Дзіма”, адкуль Осіпава прынесла міну для аперацыі), палкоўнік дзяржбяспекі Радос. Аднаго росчырка пяра любога з іх было дастаткова, каб вырашыць лёс гераінь. Асабліва цяжкім быў допыт, праведзены Цанавай. Калі верыць пратаколу, адрэдагаванаму ім, падпольшчыцы далі “патрэбныя” паказанні. Напэўна, яны зрабілі гэта пад пагрозай смерці ці рэпрэсій. Праўда, на наступных допытах з удзелам вышэйшых чыноў разведкі і НКУС яны з лёгкасцю адмовіліся ад таго, што выбіваў з іх Цанава. Усё гэта трэба было перажыць жанчынам.

На наступных допытах Алена Мазанік проста і ясна расказала пра падзеі ў Мінску. “Сувязь з Мікалаем Пятровічам (Фёдаравым) адбылася праз Мікалаева Пахлябаева (дырэктар кінатэатра ў Мінску). Сястра Валя з Мікалаем былі знаёмыя раней, і калі ён прапанаваў пайсці нам на гэтую справу, то я запатрабавала сустрэчы з маёрам Фёдаравым. Спатканне мне забяспечыла Маруся – “Чорная”. Пасля гэтага мы пачалі ўзмоцненую падрыхтоўку. Першы сродак – думалі атруціць ядам, які прынесла сястра з атрада, але потым было вырашана, што больш надзейны сродак – гэта міна, якая і зрабіла сваю справу. Пра гэты акт ведалі толькі я, сястра, Маруся (Чорная), Мікалай Пахлябаеў і Мікалай Пятровіч.

Сувязь у мяне была раней з яшчэ адной Надзяй (Траян), якая настойвала на здзяйсненні гэтага акта. Але калі я прапанавала ёй сустрэчу з яе начальнікам, яна адмовілася, што выклікала ў мяне падазрэнне. Я рашыла, што магчыма яна з гестапа, і я нічога ёй не паабяцала. Пасля таго, як пазнаёмілася я з Марусяй (Восіпавай), і пачалі рыхтаваць гэтую справу, яшчэ з’явіўся адзін незнаёмы чалавек (Мікалай Хахлоў), які вельмі моцна настойваў і нават пагражаў смерцю. Але з гэтым я зусім размаўляць не стала, бо ўжо мела дакладную крыніцу”.(5, с. 146).

Дакладная крыніца – гэта дамова з Марыяй Восіпавай, якая звадзіла сястру Валю ў партызанскі атрад і паабяцала вывезці з Мінска і выратаваць сям’ю сястры Валянціны з двума дзецьмі.

Кропку у спрэчках паміж ведамствамі паставіў Сталін. “Дзяўчатам па Герою, астатнім па ордэну.”

І яшчэ адно выпрабаванне трэба было перажыць Алене ў Маскве – сустрэчу з мужам Аляксандрам Тарлецкім. Яна чакала гэтай сустрэчы дарэмна – ён сказаў, што ў яго другая жанчына (“думаў, што ты загінула”), чакаюць дзіця. І гэта трэба было перажыць Алене Рыгораўне – здраду мужа і адзінокае жыццё.

Ці трэба было рабіць гэтую справу?

Пасля забойства Кубэ разгарнуліся масавыя забойствы нявінных людзей. У крэсла правіцеля Беларусі сеў начальнік СС і паліцыі Готберг, які быў прыхільнікам жорсткай палітыкі. “На працягу двух дзён у Мінску паліцыя разам з СД правяла аблавы. Схопленыя на вуліцах і ў дамах ні ў чым непавінныя людзі, каля двух тысяч чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці, былі расстраляныя”. (5, с. 32). Жыццё беларусаў не палепшылася.

Гісторыкі неадназначна ацэньваюць ліквідацыю Кубэ. Адны адмаўляюць неабходнасць падобных аперацый у ходзе баявых дзеянняў, бо гэта прывяло да гібелі мноства мірных жыхароў. Другія лічаць, што Кубэ пакараны правільна за сваю акупацыйную дзейнасць. “Наступствы выбуху, здзейсненага Аленай Мазанік разбегліся, як хвалі па ўсяму свету, адыгралі ролю казырнай карты у палітычнай гульні, якую вялі лідэры антыгітлераўскай кааліцыі – Сталін, Рузвельт і Чэрчыль. Чарговую аплявуху атрымаў іх галоўны вораг Адольф Гітлер. Прыгнечаныя фашызмам народы планеты ўстрапянуліся, узмацнілі супраціўленне акупантам. Нацысты адчулі сябе прыгаворанымі, на франтах назіралася дэмаралізацыя салдат, а ў рэйху – насельніцтва,”- пішуць пра значэнне ліквідацыі Кубэ В. Селямнёў і В. Шымолін.(5,с.48).

Высновы

Дзе вытокі гераізму гэтай беларускай жанчыны?

Жыццё ў акупіраваным Мінску было вельмі цяжкім. Каб здабыць ежу і жыллё, выжыць, прыходзілася ісці працаваць да немцаў. Гэта здрада ці выжыванне? Нейтралітэт захоўваць было немагчыма.

У сваіх мемуарах Алена Мазанік піша, што думала пра барацьбу з фашыстамі з самага пачатку акупацыі, шукала сувязі з партызанамі і падпольшчыкамі. Гісторык В. Селямнёў, даследчык аперацыі па знішчэнні Кубэ, так ацэньвае ролю ўдзельнікаў гэтай падзеі: “Да 1943 года Мазанік ні пра што асабліва не задумвалася, пакуль перад ёй не паставілі пытанне рубам: ці яна забівае Кубэ, ці будзе адказваць перад народам за супрацоўніцтва з акупантамі. Разведчык Мікалай Хахлоў, засланы НКУС, так і гаварыў, што “мы яе заставілі гэта зрабіць”. Няхай тут перапляліся і страх, і патрыятызм, але што б там ні гаварылі, а подзвіг Алены Мазанік бяспрыкладны. Заслуга ж Марыі Восіпавай у тым, што яна змагла пераканаць Мазанік пайсці на рашучы крок”. (7)

Жыццё Алены Рыгораўны было цяжкім. Яна, як і ўся Беларусь, апынулася паміж молатам і кавадлам. Час выбраў яе і яна зрабіла свой выбар – і стала Героем, славутасцю, увасабленнем Савецкай Беларусі-партызанкі. Але расплатай за гэты выбар стала адзінота і сум у далейшым жыцці, асабліва ў пажылым узросце.

Крыніцы

1.Мінскае антыфашысцкае падполле.: Беларусь, 1995.

2. Мазаник Е. Г., Возмездие. Мн.: Мастацкая літаратура, 1981.

3. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны.Т.3, Мн.: Беларусь, 1985.С. 397.

4. Дубровский Н. В., Бессмертие подвига. Мн.: Беларусь. 2002, с.68.

5. Селемнёв В. Д., Шимолин В. И., Охота на палача: ист.- док. очерк. Мн.: Літаратура і мастацтва, 2007.

6. Туронак Юры. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. У кнізе “Мадэрная гісторыя Беларусі”. Вільня: Інстытут беларусістыкі. 2006, с.510 – 677.

7. “В тени у Мазаник”: интервью с В. Селемнёвым, газета “Республика”, 4 августа 2007г., №143.

 

http://old.talka.info/mazanic.html