Дудзічы ў час паўстання 1863 года

Аўтар: Ільініч Наталля

Паўстанне 1863 года таксама закранула Дудзічы. Аб гэтым мы даведаліся з архіўнай справы “Хадайніцтва сялян вёскі Дудзічы Ігуменскага павета аб прызнанні памешчыка Ельскага недатычным да паўстання 1863 г” . 8 лютага 1864 г. сяляне Дудзіч, Бялькевіч і Грэбеня пішуць Мінскаму грамадзянскаму губернатару, што 2 тыдні назад па распараджэнні начальства быў арыштаваны памешчык маёнтка Дудзічы Міхаіл Ельскі “за нейкае палітычнае падазрэнне”. Сяляне пішуць, што ведаюць свайго памешчыка і ўпэўнены, што ён ні да якіх супрацьзаконных справаў не мог належаць, бо ён чалавек артыстычных схільнасцей і заняткаў. “Адчуваючы глыбокую павагу да яго за добрасумленныя, паважлівыя адносіны да нас, на агульным поўным сходзе мы вырашылі звярнуцца да Вашай Светласці. Просім пачуць нашу пакорлівую і чыстасардэчную просьбу. Мы – верныя слугі Нашага Айца Імператара, не станем для яго хцівымі, ужываючы на зло той давер, якім Айцец Наш нас надзяліў.” Сяляне Дудзіцкай воласці – 27 сельскіх гаспадароў – даручылі падаць гэта прашэнне асабіста ў рукі Мінскаму губернатару выбраным сярод іх дудзіцкаму валасному старшыну Петрыку Шлопаку, сельскаму старасту Янку Бяляцкаму, бяльковіцкаму старасту Тодару Бязручку, а пісаў тое хадайніцтва пісар Пятрок Шчупак.

У той жа дзень Мінскі грамадзянскі губернатар Кажэўнікаў звяртаецца да ваеннага начальніка Ігуменскага павета палкоўніка Сахарава і просіць як мага хутчэй даць падрабязныя звесткі, чаму арыштаваны памешчык Ельскі і дзе ён знаходзіцца зараз.

Праз 3 дні Сахараў у сваім рапарце даносіць, што Міхаіл Ельскі арыштаваны па распараджэнні Мінскага ваеннага губернатара, знаходзіцца зараз у астрозе ў Ігумне.

Далей у справе ёсць пісьмо часовага ваеннага губернатара Мінскай губерні генерал-лейтэнанта Забалоцкага грамадзянскаму Мінскаму губернатару ад 14 сакавіка. Ён піша, што было праведзена следства, у ходзе якога 20 чалавек пад прысягаю паказалі, што Ельскі ўдзелу ў мецяжы не прымаў і таму яго можна вызваліць ад праследавання па гэтай справе.

Вось так шчасліва закончылася для гаспадара Дудзіч гэтае здарэнне. Падзеі ў Дудзічах вельмі паказальныя. Тут відаць, што галоўнымі ўдзельнікамі паўстання 1863 года была шляхта, часцей дробная, але бывалі ў гэтай ролі і буйныя памешчыкі. Сяляне ж былі апорай уладаў у барацьбе супраць паўстанцаў. З сялянаў фарміравалі сельскія каравулы, якія падпільноўвалі і лавілі паўстанцаў, здавалі іх уладам. Сялян заахвочвалі да гэтай справы грашыма, а таксама аддаючы ім маёмасць асуджаных. Сялянам улады дэманстратыўна “давяралі”. Практыкавалася, што сяляне “бралі на парукі” свайго пана, абавязваліся наглядаць і кантраляваць яго – і тады пана пакідалі на волі. Менавіта так адбылося ў Дудзічах.